Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Сам старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Аляксандар Шпілеўскі ня выключыў гэткае імавернасьці, што наша краіна ўсьлед за Расеяй будзе змушана падвысіць пошліны на іншаземныя аўтамабілі. Галоўны беларускі мытнік патлумачыў: гэтага вымагаюць дамоўленасьці пра адзіную мытную прастору паміж дзьвюма краінамі.

Уласны аўтамабіль для многіх беларусаў па-ранейшаму застаецца недасягальнай марай, хоць кошты на патрыманыя іншамаркі апошнім часам істотна зьменшыліся. І ўсё ж "наскрэбсьці" нават тысячу даляраў на старэнькае аўто могуць сёньня далёка ня ўсе ахвочыя да мінімальнага камфорту.

Аднак жа гэтая мара пра ўласны сродак руху праз пэўны час можа наагул стаць недасяжнай. Справа ў тым, што расейскі ўрад мае намер істотна падвысіць мытныя пошліны на іншамаркі, "узрост" якіх вышэйшы за 7 гадоў. Інакш кажучы, расейцы такім чынам будуць прымушаць сваіх грамадзян набываць айчынныя аўтамабілі. Тое ж самае чакае й беларусаў.

Цяпер, да прыкладу, у нашай краіне больш за 2 мільёны прыватных легкавушак. Сярод іх нямала й іншамарак. Прычым, апошнім часам беларусы зазвычай купляюць замежныя аўтамабілі ва ўзросьце 10-12 гадоў: яны вельмі танныя й больш надзейныя, чым расейскія.

Дарэчы, у Эўропе назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да зьніжэньня кошту патрыманых аўтамабіляў. А праз чатыры гады іншамаркі ўвогуле можна будзе купіць за сымбалічную цану, бо з 2006 году ў краінах Эўразьвязу старыя аўтамабілі будуць утылізавацца за кошт прадпрыемстваў-вытворцаў. Гэта азначае, што стары аўтамабіль выгодней будзе прадаць за сымбалічную цану, чым плаціць грошы за яго ўтылізацыю.

Такая пэрспэктыва не на жарты ўстрывожыла расейскіх аўтамабільных магнатаў, якія пабойваюцца страціць нават свой унутраны рынак. Беларусы таксама могуць стаць, міжвольна, патрыётамі расейскага ламачча: наўрад ці шараговыя грамадзяне нашай краіны змогуць набыць новае аўто расейскай вытворчасьці.

Варта нагадаць, што ад падвышэньня мытных пошлін на іншамаркі ня выйграе ніхто: ні шэраговыя грамадзяне, ні дзяржаўны бюджэт Беларусі. Гэта прызнаюць і самі мытнікі. Чым большы памер пошліны, тым менш людзей увозяць іншамаркі - а значыць бюджэт не атрымлівае грошай.

За час лукашэнкавага прэзыдэнцтва мытныя пошліны на легкавікі падвышаліся ўжо тры разы. Апошняе падвышэньне было ў лютым мінулага году. Цяпер стаўка мытнай пошліны на аўтамабіль, "маладзейшы" за 3 гады й "старэйшы" за 10, складае 0,5 эўра за 1 куб.см. аб'ёму рухавіку. На астатнія іншамаркі мытныя пошліны складаюць 0,35 эўра за 1 куб.см. аб'ёму рухавіку. У Расеі ж мытныя пошліны й сёньня амаль удвая большыя.

Расейцаў можна зразумець. Ім трэба ратаваць свае аўтагіганты: "ВАЗ", "Масквіч", "ГАЗ", "УАЗ". Беларусь жа ня мае ўласных прадпрыемстваў па вытворчасьці легкавікоў. Аднак нас прымусяць купляць расейскае ламачча. Бо саюзьніцкія абавязкі для нашых кіраўнікоў даражэй за інтарэсы народу.

Ян Мікалаеў

Радыё Рацыя
,