Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Популярное

Общество


Звычайна такія справы пераглядаюцца судзьдзямі цягам тыдня пасьля адпаведнага рашэньня турэмнай камісіі. Зь невядомых прычынаў чарга Андрэя Клімава падышла толькі празь месяц, і ўсё ж рашэньне нарэшце прынятае.

Пра гэта стала вядома пасьля тэлефоннага званка Клімава дадому. Літаральна ў некалькіх словах ён паведаміў жонцы пра рашэньне судзьдзяў адносна свайго вызваленьня і пра тое, калі гэта можа адбыцца.

(Клімава: ) "Ён сказаў, што не раней за панядзелак. Таму што, паводле правілаў, ажно тры дні даецца на тое, каб з суду ў турму прыйшло рашэньне. А яго яшчэ трэба аформіць, а сёньня ўжо ніхто рабіць ня будзе. Таму панядзелак, ці нават аўторак. А ўжо калі папера прыйдзе ў турму, то літаральна за гадзіну выставяць на волю, ўжо не чакаюць".

Паводле Тацяны Клімавай, муж размаўляў спакойным голасам, але адчувалася, што ён вельмі задаволены.

Дэпутат Клімаў правёў у вязьніцы 4 гады. Арыштавалі яго праз тры месяцы пасьля роспуску законнага парлямэнту Беларусі — Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, у якім Клімаў ачольваў камісію па расьсьледаваньні парушэньняў Канстытуцыі, якія, на думку дэпутатаў, зрабіў Аляксандар Лукашэнка. Клімава, вядомага таксама сваім заняткам бізнэсам, спачатку абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, але праз год, калі пачаўся суд, яму ўжо інкрымінавалі крадзеж дзяржаўнай маёмасьці ў буйных памерах.

Вінаватым ён сябе так і не прызнаў, а ягоныя адвакаты дагэтуль настойваюць на тым, што крымінальнага злачынства з боку Клімава не было, а была гаспадарчая спрэчка ягонай будаўнічай фірмы зь менскім гарвыканкамам, якая павінна была вырашыцца ў гаспадарчым судзе.

Неўзабаве пасьля суду праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку міжнародныя, абвесьцілі Андрэя Клімава вязьнем сумленьня. Апазыцыя ўвесь час актыўна патрабавала ягонага вызваленьня і дамаглася, каб гэтае пытаньне было ўключанае ва ўмовы нармалізацыі зносінаў афіцыйнага Менску з Радай Эўропы . Некалькі разоў высокія афіцыйныя асобы Беларусі абяцалі, што Клімаў неўзабаве будзе вызвалены, але гэта ня спраўджвалася.

Той факт, што рашэньне ў справе вызваленьня Клімава нарэшце прынятае, вітаецца прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, аднак яны заклікаюць не ўпадаць з гэтай прычыны ў эйфарыю. У прыватнасьці, Анатоль Лябедзька, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябрам якой ёсьць і Андрэй Клімаў, лічыць, што ў вызваленьні Клімава "няма ніякай асабістай заслугі Аляксандра Лукашэнкі, спрацаваў юрыдычны мэханізм". Паводле Лябедзькі, цалкам застаецца актуальнай праблема палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

(Лябедзька: ) "Я б не казаў, што гэта адкрывае нейкія новыя мажлівасьці для дыялёгу. Думаю, што тыя, хто працуе на вонкавапалітычным кірунку, паспрабуюць выкарыстаць часовае вызваленьне Клімава — часовае таму, што ён усё ж застаецца ня цалкам вольным чалавекам — як тое, што яны нібыта пайшлі насустрач міжнароднай супольнасьці. Але мы разумеем, што насамрэч адбываецца. І міжнародная супольнасьць будзе далёкая ад таго, каб лічыць, што ў Беларусі ўжо няма палітзьняволеных. Клімаў на свабодзе, але цяпер ёсьць ўжо невырашаная сытуацыя Аляксандра Чыгіра, які фактычна заняў месца Андрэя Клімава".

Паводле закону, які быў ужыты да Клімава, судзімасьць зь яго ня зьнятая і два астатнія гады будзе па-ранейшаму лічыцца, што ён адбывае пакараньне, але жыць ён будзе дома. У пэўных выпадках яго магчыма будзе вярнуць у калёнію. Да таго ж частку свайго заробку Клімаву прыйдзецца аддаваць дзяржаве — гэта без уліку тых стратаў, якія, паводле суду, ён вымушаны будзе кампэнсаваць дзяржаве.

Алег Грузьдзіловіч, Менск