Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Сцэнар масавых сьвяткаваньняў распрацаваны, прыняты й зацьверджаны. Ва ўлётках, якія распаўсюджваюцца па Менску, людзей запрашаюць зьбірацца ў парку Янкі Купалы а 12-й, дзе іх будуць ужо чакаць... музыкі. Кульмінацыяй сьвяткаваньня будзе супольнае выкананьне нацыянальнага гімну "Магутны Божа" на словы Наталі Арсеньневай. Арганізатары сьвята спадзяюцца на мірнае разьвіцьцё падзеяў.

Сёлета шэсьця пад бел-чырвона-белымі сьцягамі па Менску ў Дзень Волі не плянуецца. Паводле сцэнару, збор удзельнікаў сьвята а 12-й каля помніку Янку Купалу. Арганізатары ладзяць канцэрты бардаў і рокераў, сярод якіх заўважнаю фігураю мае быць Лявон Вольскі. Пакуль будзе зьбірацца народ, выступяць хары, удзельнікі сьвята маюць магчымасьць выбраць сабе нешта на свой густ і прымкнуць да гурту, які падабаецца. Расказвае адказны сакратар управы БНФ Аляксей Кавалец.

А.К.: - Пройдзе гадзіна. Людзі пасьпяваюць, песьні паслухаюць. Потым усіх запросяць ускласьці кветкі да помніку Янку Купалу. І пасьля гэтага прасьпяваецца гімн. Словы гімну ёсьць у тых запрашэньнях, якія раскідаюцца па кватэрах. Весьці галоўную партыю будзе адмысловы хор, які парэпэтуе зараней. А ўсьлед за ім будуць сьпяваць людзі.

"Калі будзе ўсё нармальна, - апавесьціў нам Аляксей Кавалец - людзі пяройдуць да помніку Якубу Коласу. Там таксама ўскладуць кветкі. Плошча Якуба Коласа й парк Янкі Купалы выбраны за месцы сьвяткаваньня невыпадкова. Гэта нашыя славутыя клясыкі, што апелі вольную Беларусь. Каля гэтых песьняроў мы можам адчуць сябе вольна, ўрачыста".

Сцэнар заплянаваны вельмі мірны. Арганізатары спадзяюцца, што ўсё пройдзе спакойна.

У сераду прафэсар Анатоль Грыцкевіч, адзін з чальцоў аргкамітэту па сьвяткаваньні Дня Волі, сустракаўся зь міліцэйскім кіраўніцтвам сталіцы.

А.Г.: - Прапанавалі, каб не было мітынгу й не было шэсьця. Мы гэтага й не плянавалі. Улады занепакоеныя, каб не было палітычных акцыяў.

Арганізатары паабяцалі міліцыянтам, што ніякае дэманстрацыі ня будзе, і нават калі людзі будуць пераходзіць з парку Купалы на плошчу Коласа, - гэта будзе проста пераходам, а ня шэсьцем. Міліцыя, са свайго боку, паабяцала сачыць за парадкам і не перашкаджаць тым, хто прыйшоў адзначыць урачыстую дату.

Галіна Жарко
0058045