Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Улады Беларусі заклікаюць зьняць эканамічнае эмбарга з Іраку і разьлічваюць замацавацца на ягоным рынку.

Намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Козік зазначыў, што пытаньне запрашэньня Садама Хусэйна ў Менск сёньня не разглядалася, але ірацкі віцэ-прэм'ер аль-Азаві ня выключыў такога разьвіцьця падзеяў:

(аль-Азаві: ) "Мы — сябры, нашыя краіны, нашыя народы сябруюць, і тым больш нашыя кіраўнікі. Таму ўрэшце ўсё магчыма".

Паводле словаў Леаніда Козіка, далейшаму разьвіцьцю супрацоўніцтва беларуска-ірацкага супрацоўніцтва перашакаджае блякада міжнароднай супольнасьці супраць Іраку:

(Козік: ) "Мы хочам пашырыць свой рынак. Мы маглі б дадаткова штогод прадаваць Іраку тавару на 200 мільёнаў даляраў. Хай нам кампэнсуюць гэтыя 200 мільёнаў, калі яны разумныя там. Але няма ахвотных кампэнсаваць нашую страчаную выгаду".

Леанід Козік заявіў, што Беларусь зробіць усё магчымае дзеля адмены эмбарга супраць Іраку. Пра гэта ж казаў і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з ірацкай дэлегацыяй.

Таваразварот паміж Беларусьсю і Іракам летась склаў 26 мільёнаў даляраў — з Іраку Беларусь нічога не імпартавала, гэта выключна беларускі экспарт — трактары, грузавікі, шыны. Сёлета ж Ірак і Беларусь разьлічваюць павялічыць таваразварот удвая.

Беларуска-ірацкая камісія дамовілася пра зборку беларускіх трактараў і аўтамабіляў у Іраку, супольнае будаўніцтва там шклозаводаў, стварэньне беларускімі спэцыялістамі сыстэмы кіраваньня нафтавымі кампаніямі. Да праекту шкловытворчасьці, які ацэньваецца ў 100 мільёнаў даляраў, далучаныя як дзяржаўныя беларускія прадпрыемствы, гэтак і прыватныя кампаніі, у прыватнасьці холдынг "Лада-ОМС". Гаворыць уласьнік гэтага холдынгу Аляксей Ваганаў:

(Ваганаў: ) "Але натуральна, што гэта атрымае большае развіцьцё пасьля зняцьця санкцыяў супраць Іраку. Зараз гэта ўсё абмежавана. У шкловытворчасьці можна ісьці далей, у Іраку ёсць усё для гэтай вытворчасьці, а галоўнае, у іх ёсць нафта і грошы. Калі мы замацуемся на рынку, то выйграем, а рана ці позна санкцыі будуць знятыя".

Леанід Козік і аль-Азаві абверглі паведамленьні пра вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Іраку, зазначыўшы, што супрацоўніцтва адбываецца выключна ў гандлёва-эканамічнай сфэры і выключна згодна з праграмай ААН "Нафта ў абмен на харчаваньне".

Аднак, напрыклад, лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць гэтыя заявы толькі апраўданьнямі, а зьвесткі пра вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Іраку вельмі сур'ёзнымі. Што ж да эканамічнага супрацоўніцтва двух краінаў, то яно не апраўдвае спадзяваньняў беларускіх уладаў:

(Лябедзька: ) "Што датычыць кантактаў і эканамічных праектаў, то я не выключаю, што зараз беларуская прапаганда будзе адпрацоўваць міралюбівыя стасункі паміж Іракам і Беларусьсю з падаплёкай эканамічнай выгады. Магчыма, што гэта спроба зарэтушаваць іншае ўзаемадзеяньне, пэўныя пастаўкі, якія ідуць у абход санкцыяў у адносінах да Іраку. Сёньня беларускім уладам патрэбна, каб грамадскасьць пазытыўна рэагавала на супрацоўніцтва з Іракам. Паколькі з Эўропай і ЗША не атрымліваецца".

Валер Каліноўскі, Менск