Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Камэнтуючы вынікі працэсу над Ігнатовічам і ягонымі саўдзельнікамі, Шарамет выказаў меркаваньне, што Завадзкага ўжо няма ў жывых. Пры гэтым Павал Шарамет спаслаўся на былога генэральнага пракурора Алега Бажэлку, які нібыта распавёў яму пра сапраўдны лёс Завадзкага.

(Шарамет: ) "Яго катавалі, зламалі хрыбет і вырашылі дабіць, бо інакш немагчыма было схаваць гэтае злачынства. Ад яго дамагаліся, што нам вядома пра сакрэтныя апэрацыі беларускіх уладных колаў на Каўказе, у Чачэніі. Гэтай вэрсіі прытрымліваўся Алег Бажэлка, і мне яна падаецца на дадзены момант самай верагоднай".

Ён па-ранейшаму перакананы, што Ігнатовіч і ягоныя сябры сапраўды маюць дачыненьне да выкраданьня Завадзкага, і таму, на ягоную думку, яны пакараныя справядліва. Пры гэтым Павал Шарамет ня лічыць прысуд мяккім толькі на той падставе, што не задаволеная просьба пракурора аб сьмяротным прысудзе.

(Шарамет: ) "Што зь імі адбудзецца ў калёніі — гэта таксама вялікае пытаньне. Яны могуць там захварэць, загінуць, што заўгодна. І ўвогуле, на маю думку, пажыцьцёвае зьняволеньне — больш цяжкае пакараньне за сьмяротную кару. Але лепш увогуле супакоіцца і ацаніць прысуд з пункту гледжаньня далейшага лёсу сьледзтва па справе Завадзкага. Таму, безумоўна, пажыцьцёвае зьняволеньне пакідае шанец вярнуцца да групы Ігнатовіча праз пэўны час".

Павал Шарамет мяркуе, што на працэсе наўмысна абышлі ўвагай ролю спэцслужбаў у гісторыі з Завадзкім. Журналіст называе некалькі момантаў, у якіх бачны сьлед спэцслужбаў і галоўны зь іх — гэта асоба аднаго з ахоўнікаў прэзыдэнта Лукашэнкі.

(Шарамет: ) "Застаўся не дасьледаваным удзел у справе Лявоненкі, былога афіцэра службы аховы прэзыдэнта, цяпер афіцэра "Алмазу", які быў затрыманы, а цяпер праходзіць толькі як сьведка. Чаму яго перавялі ў іншы статус, незразумела, наколькі мне вядома, супраць яго былі вельмі істотныя паказаньні. Што да ролі Аляксандра Лукашэнкі у гэтай гісторыі, то спачатку мне падавалася, што ён датычны, але істотных доказаў гэтага няма. Затое, спасылаючыся на Бажэлку, можна казаць пра магчымую датычнасьць да справы Віктара Шэймана".

Таксама ён заявіў, што, паводле ягоных дадзеных, у расейскіх праваахоўчых органаў ёсьць матэрыялы, якія могуць дапамагчы ў расьсьледаваньні здарэньня з Завадзкім, але гэтыя матэрыялы трымаюцца ў сакрэце. Чаму і да якога часу — Шарамет ня ведае.

Алег Грузьдзіловіч, Менск