Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


(Ігнатовіч: ) "Гэта ўсё прадзелкі жыдоў і сіяністаў. Я ні ў чым не вінаваты, і хлопцы таксама".

Гэтак з лавы падсудных рэагаваў Валер Ігнатовіч на вынесены яму прысуд. Аднак, калі я спытаў Ігнатовіча, што ён ведае пра лёс Завадзкага, калі сапраўды не вінаваты ў ягоным выкраданьні, то асуджаны прамаўчаў. Яшчэ праз колькі сэкундаў ён зноў паўтарыў свае абвінавачаньні.

Такім чынам, сёньня абласны суд Менску паставіў кропку ў працэсе над групоўкай былога спэцназаўца Ігнатовіча. Эпізод з выкраданьнем апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага быў сярод іншых самым гучным, але ня самым цяжкім. Яшчэ Ігнатовіч з саўдзельнікамі абвінавачваліся ў сямі забойствах, рабаўніцтвах і вымаганьні грошай.

Пракурор прасіў для злачынцаў сьмяротнай кары. Аднак прысуд аказаўся больш мяккім. Судзьдзі палічылі даказаным толькі адно забойства, рабаўніцтвы і выкраданьне Завадзкага і асудзілі Валера Ігнатовіча разам з былым амонаўцам Максімам Малікам да пажыцьцёвага зьняволеньня, Аляксей Гуз агулам атрымаў 25 гадоў турмы, а Сяргей Савушкін — 12. У астатніх эпізодах, у тым ліку забойстве пяці чальцоў сям’і Аліевых, усе чацьвёра апраўданыя.

Пры гэтым суд не адказаў на пытаньне, дзе цяпер Зьміцер Завадзкі і што зь ім здарылася пасьля таго, як Ігнатовіч і Малік яго скралі па дарозе зь Менску ў аэрапорт "Менск-2". Гэта стала магчымым таму, што яшчэ на стадыі расьсьледаваньня здарэньне з Завадзкім было падзеленае на дзве часткі — выкраданьне і ўсё далейшае. У выніку суд знайшоў вінаватых у выкраданьні чалавека, але пакінуў без увагі ягоны далейшы лёс.

Цікава, што прысудам не задаволеныя абодва бакі. Пракурор Фёдар Шэдаў камэнтаваць прысуд адмовіўся, заявіўшы, што ён патрабуе дэталёвага вывучэньня. Ня выключана, што пракуратура прысуд абскардзіць. Пра гэта ўпэўнена заявілі й абаронцы асуджаных. Адвакат Маліка Ігар Іваноў, у прыватнасьці, заявіў, што будзе дамагацца скасаваньня прысуду і апраўданьня.

Тое, што Ігнатовіч і Малік прызнаныя вінаватымі ў выкраданьні Завадзкага, не вітаў і адвакат Сяргей Цурко, які на працэсе абараняў інтарэсы жонкі Завадзкага Сьвятланы. Ён падкрэсьліў, што не сымпатызуе абвінавачаным, але, на ягоную думку, у судзе не было прад'яўлена дастатковых доказаў іхнай віны, а тыя доказы, што заяўленыя, сабраныя з парушэньнем закону і таму "юрыдычна нулявыя". Аднак, на думку адваката, у такім прысудзе ёсьць і станоўчы момант. Бо ён пакідае жывымі галоўных падазроных, зь якімі далей магчыма працаваць сьледчым.

(Цурко: ) "Нягледзячы на тое, што яны прызнаныя вінаватымі, так, такая магчымасьць ёсьць. Бо адносна асобаў зь нявысьветленым лёсам справа была вылучаная ў асобную вытворчасьць і пракуратура працягвае расьсьледаваньне. Бо кропка сапраўды не пастаўленая, пытаньні застаюцца".

Маці Зьмітра Завадзкага Вольга назвала працэс "прафанацыяй". Яна зь вялікім сумневам паставілася да матэрыялаў, сабраных сьледчымі.

(Завадзкая: ) "Менавіта момант выкраданьня, транспартаваньня аўтамабіля, адсутнасьці сьведкаў — шмат пытаньняў, якія не выклікаюць у мяне даверу. Як падчас сьледзтва, гэтак і на судзе гэтыя моманты старанна абыходзіліся. У выніку іншыя злачынствы праглынулі справу Зьмітра Завадзкага. Вось і ўсё".

Сапраўдную прэсавую канфэрэнцыю ў судовай залі наладзілі й сваякі асуджаных. Маці Максіма Маліка Валянціна заявіла, што ёй ня сорамна глядзець ў вочы маці Завадзкага, бо яе сын ні ў чым не вінаваты. Тое, што працэс быў закрытым, яна патлумачыла наступным чынам:

(Малік: ) "Таму што не хацелі, каб людзі ведалі, што няма доказаў. Асудзілі дзетак, бо так было трэба".

Адзначу, што барадаты сын Валянціны Малік пры гэтых словах толькі ўсьміхаўся. Ані слова ён сваёй маці гэтак і не сказаў.

Алег Грузьдзіловіч, Менск