Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Популярное

Общество


Як польскі, так і беларускі бок усяляк падкрэсьліваюць, што сустрэча міністраў не была афіцыйнай.

Нагадаю, што напярэдадні прадстаўнік польскага міністэрства замежных справаў у размове з карэспандэнтам Радыё Свабода падкрэсьліў, што міністар Уладзімер Цімашэвіч едзе ў Беласток выключна на культурніцкае мерапрыемства, а Міхаіла Хвастова запрашаў ня польскі ўрад, а беларускае-грамадзка-культурніцкае таварыства, таму сустрэча міністраў ня будзе афіцыйнай.

Тое самае паведаміў Радые Свабода і прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) "Не, гэта не зьяўляецца афіцыйнай сустрэчай. Гэта рабочая сустрэча міністраў замежных справаў".

Некаторыя сумненьні што да аўтарства запрашэньня ўзьніклі, калі ў часе звароту да прысутных Міхаіл Хвастоў сказаў наступнае:

(Хвастоў: ) "Дзякуй шчыры яшчэ раз за запрашэньне, спадар міністар".

Міністар замежных справаў Беларусі прамаўляў па-беларуску, зачытаў прысутным віншаваньні ад беларускага ўраду, а напярэдадні перадаў мясцовым фальклёрным калектывам нацыянальныя беларускія строі.

Кіраўнік польскага МЗС, адкрываючы канцэрт, далікатна адзначыў, што падтрымліваючы беларускую меншасьць у Польшчы, польскі бок спадзяецца, што тое самае будуць рабіць і беларускія ўлады.

Якія пытаньні абмяркоўвалі ў часе сустрэчы сам-насам міністры замежных справаў? Гаворыць Міхаіл Хвастоў:

(Хвастоў: ) "Першае – мы закранулі двухбаковыя адносіны й іх пэрспэктывы. Потым я расказаў маё бачаньне нашых стасункаў з эўрапейскімі інстытутамі. І мы таксама абмеркавалі пытаньне нацыянальных меншасьцяў – беларусаў тут у Польшчы і палякаў у Беларусі".

(Карэспандэнт: ) "Ці было пытаньне пра ініцыятыву апошнюю Літвы і Польшчы, якія хочуць атрымаць мандат Рады Эўропы на перамовы зь Беларусьсю?"

(Хвастоў: ) "Пра гэтую ініцыятыву я ведаю. Не, мы не закраналі гэтую тэму, бо я думаю, што для Польшчы, якая зьяўляецца суседняй для Беларусі краінай, такі мандат не патрэбны".

(Карэспандэнт: ) "Ці былі абмеркаваныя пытаньні са станам правоў чалавека ў Беларусі?"

(Хвастоў: ) "Пытаньняў мы гэтых не закраналі, я расказаў пра нашы падыходы да супрацоўніцтва перш за ўсё з АБСЭ, таму што я як міністар замежных справаў бачу праблемы. Праблемы ў падыходах АБСЭ, пакуль што я шчыра кажу вам, і яму сказаў, што мы ня бачым палітыкі, ня бачым, якую палітыку АБСЭ праводзіць у дачыненьні да Беларусі, якая зьяўляецца членам АБСЭ, раўнапраўным членам".

Варта нагадаць, што апошняя сустрэча Міхаіла Хвастова і Ўладзімера Цімашэвіча адбылася летась у Бухарэсьце падчас саміту АБСЭ.

Нягледзячы на тое, што сустрэча таксама была неафіцыйнай, а кіраўнік польскага МЗС гаварыў са сваім беларускім калегам у прыватнасьці пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі й невыкананьне Беларусьсю падставовых дэмакратычных стандартаў, сам факт той сустрэчы выклікаў абурэньне польскай апазыцыі, і прадстаўікі МЗС былі вымушаныя апраўдвацца за гэта перад Сэймам.

Сам гала-канцэрт выклікаў вялізную цікавасьць жыхароў Беласточчыны. Ня менш як паўтары тысячы чалавек (многім не хапіла месцаў) чатыры гадзіны слухалі беларускія песьні – ад традыцыйных народных да часам вельмі дзіўных сучасных апрацовак.

У канцэрце таксама ўзялі ўдзел госьці зь Беларусі. Прафэсіяналаў зь менскага "Чыстага голасу" гледачы літаральна не хацелі адпускаць са сцэны. З музыкаў Беласточчыны найбольш прафэсійна гучаў гурт "Прымакі".

Сёньня ў памяшканьні Беларускага грамадазка-культурнага таварыства Міхаіл Хвастоў сустрэўся з прадстаўнікамі праваслаўнай царквы і ўладамі паветаў Беластоцкага ваяводзтва.

Абмяркоўвалі праблемы пабудовы новых памежных пераходаў, супрацоўніцтва ў памежных рэгіёнах, а таксама праблемы беларускай нацыянальнай меншасьці.

Варта адзначыць, што на сустрэчу зь беларускім міністрам былі запрошаныя прадстаўнікі толькі адной беларускай арганізацыі Беласточчыны – грамадзка-культурнага таварыства. Чаму да абмеркаваньня праблемаў беларускай нацыянальнай меншасьці не запрасілі прадстаўнікоў беластоцкай "Нівы" ці іншых дзеячоў, якія маюць дачыненьне да Зьвязу беларусаў Польшчы? Адказ просты: Беларускае грамадзка-культурнае таварыства пад кіраўніцтвам Яна Сычэўскага – гэта фактычна адзіная грамадзкая арганізацыя на Беласточчыне, якая падтрымлівае цяперашнія беларускія ўлады.

Аляксей Дзікавіцкі, Беласток