Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

Міністэрства юстыцыі адмовіла праваабарончаму грамадскаму аб’яднанню "Наша Вясна" ў рэгістрацыі. Аб гэтым TUT.BY паведаміў адзін з заснавальнікаў арганізацыі Валянцін Стэфановіч.

Сёння праваабаронцы атрымалі з Міністэрства юстыцыі ліст аб адмове зарэгістраваць аб’яднанне, датаваны 25 траўня. На думку Стэфановіча, падставы для адмовы ў рэгістрацыі надуманыя і малазразумелыя.

“Напрыклад, нам закідаюць, што другая частка назвы арганізацыі не адпавядае статуту, ці што многія з заснавальнікаў арганізацыі раней прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, альбо супраць іх заводзіліся крымінальныя справы. Хаця само па сабе гэта не можа быць падставай у адмове для рэгістрацыі”, — патлумачыў праваабаронца.

Гэта ўжо трэцяя адмова Мінюсту зарэгістраваць аб’яднанне. Дзве папярэднія мелі месца ў 2007 і 2009 гадах. Пры гэтым Вярхоўны суд двойчы пацвярджаў законнасць гэтых рашэнняў. апошні раз - 22 красавіка.

Па словах Валянціна Стэфановіча, праваабаронцы лічаць рашэнне палітычна матываваным, і ў найбліжэйшым часе чарговае рашэнне Мінюста будзе ў трэці раз абскарджана ў Вярхоўным судзе Беларусі.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” быў заснаваны ў красавіку 1996 года пад назвай "Вясна-96". Праваабаронцы ажыццяўлялі юрыдычную дапамогу затрыманым ўдзельнікам масавых акцый пратэсту дэмакратычнай апазіцыі. У 1999 годзе Мінюст зарэгістраваў ГА “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, які, аднак, быў ліквідаваны рашэннем Вярхоўнага суду ў 2003 годзе. На думку праваабаронцаў, прычынай для ліквідацыі стаў удзел сяброў арганізацыі ў якасці назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах.

У 2007-м Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што ліквідаваўшы “Вясну”, ўлады парушылі пункт 1 артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх правах.

Нагадаем, 29 сакавіка ў Мінску адбыўся трэці ўстаноўчы сход “Нашай Вясны”. Старшынём рады аб'яднання быў адзінагалосна абраны Алесь Бяляцкі, нязменны лідэр і заснавальнік “Вясны”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека.

"Мы не партызаны, дзейнасць “Нашай Вясны” галосная, адкрытая і празрыстая. Мы рэгулярна паведамляем аб сваёй працы ў СМІ і хацелі б каб дзяржава таксама зрабіла крокі па легалізацыі нашай арганізацыі”, - заявіў Бяляцкі падчас выступу на з'ездзе. 
 

-11%
-10%
-21%
-15%
-15%
-25%
-10%
-20%
0066771