Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


На думку сп. Караткевіча, беларускай моладзі ўласьцівы экстрэмізм, які вельмі небясьпечны. Прыкладам праяваў экстрэмізму сп. Караткевіч назваў перадвыбарчую дзейнасьць беларускай моладзі. Тым часам, лідэры беларускай моладзі кажуць, што ні тэрарызм, ні радыкалізм ня маюць анічога агульнага зь іхнымі палітычнымі поглядамі.

Паводле спадара Караткевіча, намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі Беларусі, перадухіліць у Беларусі югаслаўскі сцэнар выбараў здолелі толькі дзякуючы "узгодненым дзеяньням Савету бяспекі, "вэртыкалі" й сілавых структураў".

У гэтым плянаваным югаслаўскім сцэнары, "палітызаваная моладзь дэструктыўна-радыкальнага кшталту", як акрэсьліў беларускую моладзь сп. Караткевіч, была скарыстаная апазыцыяй, "для дэстабілізацыі становішча ў рэспубліцы".

На той жа кафэрэнцыі запісалі ў, так бы мовіць, групу рызыкі з гледзішча тэрарызму й журналістаў, якія крытыкуюць улады. Па словах Мікалая Чаргінца, старшыні Камісіі нацыянальнай бясьпекі й міжнародных справаў Савету Рэспублікі, іхная дзейнасьць можа быць акрэсьленая як інфармацыйны тэрарызм.

Сьпікер Савету Рэспублікі сп. Вайтовіч у часе абмеркаваньня зьявы тэрарызму адзначыў, што спрыяць узьнікненьню тэрарызму могуць і сацыяльна-эканамічныя фактары. І ў зьвязку з гэтым заявіў, што занепакоены "маргіналізацыяй некаторай часткі інтэлігенцыі краіны, выкліканай яе сацыяльнай неўладкаванасьцю". Як ілюстрацыю сваіх словаў, сп. Вайтовіч прывёў "сытуацыю ў пісьменьніцкім і навуковым асяродзьдзі", дзе існуе "пэўная сацыяльная напружанасьць".

Сама моладзь, якую вінавацяць у радыкалізьме й схільнасьці да тэрарызму, лічыць негвалтоўнасьць свае барацьбы за адзін з галоўных прынцыпаў. Распавядае Аляксандар Атрошчанкаў, прэс-сакратар руху супраціву "Зубр":

А.А.: - У нас нават назва - рух негвалтоўнага супраціву "Зубр". І гэта як лепей кажа пра нашыя прынцыпы, нашыя сацыяльныя акцыі ды іншую дзейнасьць таксама. Рэч тут зусім у іншым. Лукашэнка пасьля выбараў заявіў, што моладзь зьяўляецца ягоным ворагам, што моладзь ён згубіў. Таму менавіта на моладзь прыпадае такая велізарная колькасьць рэпрэсіяў.

А Павал Севярынец, старшыня Маладога Фронту, ацэньвае вінавачаньні ў бок беларускае моладзі гэткім чынам: - Уся гэтая шуміха, зьвязаная з тым, каб сапраўды схаваць факты падтрымкі беларускім рэжымам тэрарызму. Я нагадаю, што Малады Фронт грунтуецца на нацыянальнай ідэі й хрысьціянскіх прынцыпах, адсюль, натуральна, мы не прымаем ані гвалту, ані тэрору, ані страху, ані нянавісьці як рухавых сілаў супраціву, для нас супрацівам і яго рухавай сілай ёсьць воля, вера й любоў. Я б проста параіў аналітыкам апарату адміністрацыі зьвярнуць увагу на фашызм, які насаджаецца ў Беларусі з дапамогаю спэцслужбаў і Расеі. А Малады Фронт як змагаўся з тэрарызмам і радыкалізмам, у тым ліку дзяржаўным, так і будзе працягваць гэтае змаганьне.

Павал Севярынец падкрэсьлівае таксама вартасьці беларускага мэнталітэту наагул: - Пры ўсёй павазе да такога цудоўнага беларускага прозьвішча, я б зазначыў, што спадар Караткевіч проста не валодае інфармацыяй і нават не валодае беларускаю мэнтальнасьцю. Беларускай мэнтальнасьці ані радыкалізм, ані тэрарызм, аніякая жорсткасьць проста не ўласьцівая. Яны ўласьцівыя люмпэнізаваным элемэнтам, якія пазбаўленыя нацыянальнага пачуцьця. Супраць гэтага якраз Малады Фронт і змагаецца. Усімі сіламі.

Сп. Караткевіч лічыць, што пасьля пэўнай перагрупоўкі моладзевыя радыкальныя арганізацыі, якія атрымалі ўрок, узяўшы ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, актывізуюць сваю дэструктыўную дзейнасьць. Каб перадухіліць гэта, сп. Караткевіч лічыць неабходным "ліквідаваць альбо зьвесьці да мінімуму грамадзкія й індывідуальныя ўмовы яго (тэрарызму) зараджэньня й разьвіцьця".

Застаецца пажадаць нашай моладзі зрабіць высновы з прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. І нарэшце навучыцца перамагаць элегантна - прыклад элегантнае перамогі мы ўжо маем.

Юлія Дранчук

Радыё Рацыя