Іна Студзінская,

Помнік Леніну на плошчы Незалежнасьці ў Менску
Помнік Леніну на плошчы Незалежнасьці ў Менску
22 красавіка - 139 гадоў з дня нараджэньня Ўладзімера Леніна. Доўгія дзесяцігодзьдзі - да 1991 году - у Савецкім Саюзе доўжылася эра Ільіча. Спачатку яго абагаўлялі, апявалі. Імем Леніна называлі гарады і вёскі, заводы і калгасы, газэты і караблі. А потым кінуліся ў іншую крайнасьць - альбо рабілі зь яго даслоўна д’ябла, альбо рабілі выгляд, што такой палітычнай фігуры наагул ня было. Якое меў Ленін дачыненьне да Беларусі і ці ступала на беларускую зямлю ягоная нага?

За савецкім часам навукоўцы па заданьні ЦК КПБ і асабіста Пятра Машэрава шукалі хоць якую-небудзь гістарычную зачэпку, каб у рэспублікі была падстава заснаваць уласны музэй Леніна. Гісторык Уладзімер Бяляўцаў абараніў кандыдацкую дысэртацыю “Ленін і Беларусь”. На аршанскім вакзале два дзесяцігодзьдзі правісела шыльда, што праз Воршу праяжджаў Ульянаў-Ленін - яе ўстанавілі мясцовыя чыгуначнікі ў 1980-м. Цяпер той шыльды няма. Ленін праяжджаў празь Беларусь адзін раз…

“Ленін праяжджаў празь Беларусь адзін раз, - расказвае гісторык Аляксей Кароль. - Бо інакш чыгунка не пралягала. У яго тут быў 15-хвілінны перапынак. І з гэтага рабілі выснову, што, безумоўна, ён бачыў вакзал Лібава-Роменскі, які ўжо зьнесены. І думаў пра Беларусь. Яшчэ празь Беларусь ішлі шляхі транспартаваньня нелегальнай літаратуры, якая выдавалася за мяжой: ішла празь Вільню на Менск, і тут шмат гэтай літаратуры заставалася”.

Дарэчы, тады Ленін выступіў з кароткай прамовай, не выходзячы з вагона, з падножкі цягніка.

А роўна 100 гадоў таму - 21 красавіка 1919 году - правадыр абараніў простага беларускага аптэкара Рабкіна, якога пакрыўдзілі жлобінскія чэкісты. Яны забралі ў Рабкіна ровар “падчас асаднага становішча ў сувязі з паўстаньнем ў Гомелі для ўмацаваньня сувязі ўстановаў з-за адсутнасьці ў Жлобіне тэлефона”. Пакрыўджаны аптэкар Рабкін даслаў тэлеграму самому Леніну, і Ленін напісаў старшыню Гомельскага губвыканкаму: “Калі ровар Рабкіна быў узяты на час паўстаньня, чаму ня вернуты пасьля? Папярэджваю, што за адпіску без дасягненьня дзелавога выніку і без выпраўленьня памылкі буду прыцягваць да адказнасьці” (крыніца - Поўны збор твораў Леніна, том 50, старонка 318).

Гутару з журналістам Сяргеем Крапівіным, які раскапаў гэтую гісторыю:

“У мяне ёсьць цэлая навуковая манаграфія “Лісты працоўных Беларусі да Леніна”.

Карэспандэнтка: “І Ленін дапамагаў? Быў не адзін такі выпадак?”

“Не, мала дапамагаў, слаба дапамагаў. Там у асноўным віншавальныя адрасы: залічвалі яго ў ганаровыя чыгуначнікі, кандуктары, водаправодчыкі. Скажу шчыра: каб за простага чалавека заступіўся - дык гэта адзіны выпадак”.

Чаму Ленін, да якога ішлі тысячы хадакоў, якому прыходзіла не адна сотня тысяч лістоў, адгукнуўся на скаргу жлобінскага аптэкара? Сяргей Крапівін выказаў такое меркаваньне:

“Падчас яшчэ парыскай эміграцыі ў Леніна тры разы кралі ровары. Яму, відаць, шкада стала чалавека без ровара, і ён вырашыў дапамагчы. А ў тыя ж дні ён падпісаў распараджэньне аб расстрэле вялікай групы расейскага праваслаўнага духавенства. Папоў расстрэльваў пачкамі, а ровар вырашыў аддаць. Вось такі дзіўны быў чалавек”.

Сучасныя беларускія правадыры Леніна згадваюць зрэдку. Пра Сталіна, Гітлера Аляксандар Лукашэнка выказваўся неаднаразова. А вось Леніна публічна згадаў толькі адзін раз, у жніўні 2002 году, пасьля таго, як Уладзімер Пуцін прапанаваў свой варыянт аб’яднаньня Расеі і Беларусі. Лукашэнка тады не ўстрымаўся: “Нават Ленін і Сталін не даўмеліся да таго, каб раздрабіць Беларусь і ўключыць у склад СССР”.

Хто ў Беларусі дагэтуль сапраўды з павагай ставіцца да Леніна, дык гэта камуністы. У дзень нараджэньня правадыра рэгулярна ўскладаюць кветкі.

“Вядома, сёньня ўскладзем кветкі, - гаворыць член бюро ЦК Партыі камуністаў беларускай Сяргей Вазьняк. Ставімся да яго зь вялікай павагай, але не як да іконы, а як да чалавека. Трэба вывучаць яго спадчыну, глядзець, што з гэтай спадчыны можна ўзяць у сучаснае жыцьцё, у XXI стагодзьдзе, а што ўжо проста не адпавядае сучаснаму жыцьцю”.

Той час, калі ўсе школьнікі і студэнты вывучалі творы самога Леніна, калі вобраз Леніна праходзіў праз усе падручнікі гісторыі і літаратуры, мінуў.

Але беларуская ленініяна была надзвычай багатая і разнастайная. Пачатак ёй быў пакладзены яшчэ за жыцьця Ільіча - скульптар Аляксандар Грубэ ў 1922 годзе стварыў кампазыцыю “Ленін на трыбуне”. У беларускім жывапісе першы партрэт Леніна напісаў у 1926 годзе Валянцін Волкаў, будучы аўтар гербу БССР. Леніна малявалі, ляпілі, ткалі, выціналі, выразалі з дрэва. А хто толькі з паэтаў і празаікаў не апяваў Леніна - ад Якуба Коласа (“Жыве між нас геній”) да Рыгора Барадуліна (“Партрэт на сьцяне”), ад Уладзімера Караткевіча (“Ленін калыша дзіця”) да Генадзя Бураўкіна (“Ленін думае пра Беларусь”).

Амаль паўсюль у беларускіх гарадох захаваліся вуліцы і плошчы Леніна. У сталіцы наагул дзіўная сытуацыя, калі галоўная плошча наверсе называецца плошчаю Незалежнасьці, а станцыя мэтро пад зямлёй - плошчаю Леніна.

Пытаюся ў гісторыка Аляксея Караля, няўжо ў Беларусі Ленін так і застанецца “живее всех живых”?

“Не, я думаю, гэта паступова зьменіцца, як заўсёды, у Беларусі рэакцыя запаволеная. А цяпер, я думаю, і са сьвядомасьці гэта ўжо выйшла. Маладыя могуць і не згадаць, хто ён такі і кім ён быў. Сёньня была б толькі ініцыятыва з боку ўлады, і гэта прайшло б абсалютна спакойна і, магчыма, нават на ўздыме. Можа, таму ўлада й не мяняе, што адчувае, што можа быць уздым не за захаваньне гэтых назваў, а за дэмакратычныя перамены”.

Паміж Кобрынам і Берасьцем ёсьць пасёлак Ленінскі, ёсьць Леніна на Магілёўшчыне, вёска Ленін на Гомельшчыне. Хутчэй за ўсіх імя Леніна пазбавіліся сельскія гаспадаркі - раней у кожным раёне былі калгасы імя Леніна, “Ленінскія сьцягі, шляхі, запаветы”. Іх перайменавалі. Найбольш кансэрватыўнымі застаюцца раённыя газэты: у Горках “Ленінскі шлях”, у Крычаве “Ленінскі кліч”. Рэдактар крычаўскай раённай газэты “Ленінскі кліч” Тацяна Іўкіна кажа:

“Я лічу, што назва не ўплывае на зьмест газэты. Тым больш што палова падпісчыкаў - людзі, што вырасьлі з гэтай назвай газэты. Мы ня ставілі мэту памяняць назоў. Мы пакуль ня вызначыліся”.

Ну а дакладнай колькасьці помнікаў Леніну ў Беларусі ня могуць прывесьці ні гісторыкі, ні супрацоўнікі Міністэрства культуры. Вядома толькі, што ў дзяржаўным сьпісе гістарычна-культурнай спадчыны больш за 10 помнікаў Леніну, у тым ліку й той, што стварыў скульптар Мацьвей Манізер у 1934 годзе. Паліто ў бронзавага Леніна зашпільваецца чамусьці на жаночы бок… Пра яшчэ адну адметнасьць менскага Леніна - журналіст Сяргей Крапівін:

“Ён паказаны падчас выступу на мітынгу 5 траўня 1920 году каля Мастацкага тэатру перад байцамі, якія ідуць на польскі фронт. То бок мы жывем пад тым Леніным, які вечна праводзіць нас на бітву з Польшчай”.

У Беларусі помнікаў Леніну пакуль не ўзрываюць, як у Пецярбурзе ці ва Ўкраіне. У горшым выпадку пэцкаюць фарбай. Улады ж помнікі абараняюць: днямі ў Полацку забаранілі пікет за знос двух помнікаў Леніну. Матывацыя - “пікет можа ўскладніць грамадзкую бясьпеку”.
-50%
-30%
-10%
-30%
-25%
-20%
-47%
-10%
-10%
0068422