Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Тым часам полацкія грэка-каталікі таксама ўлучыліся ў дыскусію пра лёс Сафіі.

Сафійскі сабор збудаваў у ХІ ст. полацкі князь Усяслаў Чарадзей. Да Берасьцейскае царкоўнае уніі 1596 году тут была адна з праваслаўных катэдраў Вялікага Княства Літоўскага. Пасьля сьвятыню атрымалі грэка-каталікі. Доўгі час да ўніяцкага вызнаньня належала пераважная бальшыня беларусаў. Пасьля рэвалюцыі бальшыню бажніцаў краю зачынілі. Доўгі час у Сафіі быў склад. Пры канцы 1970-х гадоў палачаны ўзяліся адбудоўваць Сафію.

На пачатку 1980-х гадоў у бажніцы адкрылася ведамая на ўсю Эўропу канцэртная заля. Тут штогод ладзяць музычныя фэстывалі з удзелам найлепшых эўрапейскіх музычных калектываў і выканаўцаў, а маэстра Сьпівакоў назваў акустыку Сафійскага сабору адною з найлепшых у сьвеце. Чэхі ўсталявалі ў бажніцы арганы. Яны зьнікнуць, калі сьвятыню перададуць праваслаўнай царкве, бо арганаў у праваслаўных няма.

Пасьля рэстаўрацыі ў Сафійскім саборы адкрылі ўнікальны гістарычна-археалягічны музэй. У сутарэньнях сабору можна агледзець падмуркі бажніцы ХІ ст., матэрыялы з раскопак. Штогод з экспазыцыяй знаёмяцца больш за 250 тысяч чалавек.

Пытаньне перадачы Сафійскага сабору пад культавыя патрэбы ўжо неаднаразова паўставала перад дзяржаваю. Найбольшыя прэтэнзіі на бажніцу выстаўляе праваслаўная царква. Яшчэ 18 сьнежня адбылася сустрэча Лукашэнкі з чальцамі Сьвятога Сыноду Беларускае праваслаўнае царквы. Праваслаўныя архіерэі выказалі пажаданьне перадаць ім Сафійскі сабор як мага хутчэй.

Камэнтаваць гэтыя захады ў Беларускім экзархаце РПЦ нам адмовіліся. Прэсавы сакратар Беларускага экзархату Андрэй Петрашкевіч заявіў: "Это мне не по чину. Я могу дать вам телефон полоцкого архиерея, которому действительно к лицу комментировать этот вопрос". Епіскап Полацкі й Глыбоцкі Фэадосі, да якога нас скіраваў сп. Петрашкевіч, прымае наведнікаў толькі ў аўторкі. Дазваніцца да яго мы ня здолелі.

Нядаўна стала вядома, што Камітэт у справах рэлігіі Савету міністраў выступіў з афіцыйнай прапановай: к 1 сакавіка перадаць Сафійскі сабор Расейскай праваслаўнай царкве.

Тым часам грэка-каталікі зьвярнуліся ў Віцебскі аблвыканкам з просьбаю разгледзець пытаньне пра перадачу Сафійскага сабору ўніяцкай суполцы. Віцебскі аблвыканкам выступіў за нэўтральны статус Сафійскага сабору.

Між тым, грэка-каталікі цалкам здаволеныя з такога адказу. Кажа пробашч Віцебскае грэка-каталіцкае парахвіі айцец Зьміцер Грышан: "Мы не імкнёмся ўзяць нейкі рэванш. Нам зрабілі вялікую гістарычную крыўду, але змагацца сёньня за тое, хто будзе маліцца ў полацкай Сафіі, мы ня маем сілы й я ня бачу ў гэтым аніякага сэнсу. Гэта будзе не царкоўная справа, а палітычная".

Пробашч Віцебскае грэцка-каталіцкае парахвіі айцец Зьміцер кажа, што грэка-каталікі сёньня прымаюць гістарычную рэчаіснасьць такою, якою яна ёсьць. Уніяты ня маюць сілы змагацца за свае колішнія сьвятыні. Яны ня маюць сілы й будаваць новыя бажніцы: няма грошай, няма падтрыманьня з боку дзяржавы. Наадварот, дзяржава адкрыта падтрымлівае адну канфэсію - праваслаўную, зь якою ўва ўніятаў заўсёды былі напружаныя дачыненьні. Адзінае, што застаецца беларускім грэка-каталіком - маліцца: за свой народ, за свае былыя, цяперашнія й будучыя сьвятыні. Айцец Зь.Грышан: "Гэта нашае права - маліцца. Будаваць царкву ў тым або іншым месцы - гэта вызначае дзяржава. Пакуль нам такога права не далі".

Лёс Сафійскага сабору ўлады могуць вызначыць у кожны момант. У цяперашняй сытуацыі сабор або захавае свой ранейшы статус, або стане ўласнасьцю праваслаўнае царквы. Між тым, бальшыня назіральнікаў мяркуюць, што Сафія, "уяўляючы сабою сымбаль беларускай дзяржаўнасьці й духоўнасьці народу, павінна служыць усім вернікам і тым, хто ня верыць у Бога".

Віктар Корбут

Радыё Рацыя
,