Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Рэч у тым, што летась арганізатары цьвердзілі, маўляў, мінулагодняя імпрэза - апошняя. Аднак, сёлетнія афішы зноў запрашаюць публіку ў Канцэртную залю "Менск" 24-га лютага, на 8-ю па ліку "Рок-каранацыю". Чаму імпрэзу вырашылі захаваць? Як успрынялі яе вяртаньне самі музыкі й чые ймёны фігуруюць сёлета сярод прэтэндэнтаў на "Карону"?

Калі ў сёлетняй "Рок-каранацыі" што й зьменіцца ў параўнаньні зь мінулымі, дык гэта будуць не арганізатары. Імі па-ранейшаму застаюцца выдавецкая студыя "Ковчег" і прадусарскі цэнтар "Клас-Клуб-Джас-крафт", якім, зрэшты, ад самага пачатку й належала ідэя "Рок-каранацыі". Што ж не дало ім сёлета паставіць крыж на ўласным "творы", як яны мерыліся зрабіць гэта летась?

Гэтае пытаньне я адрасавала кіраўніку "Ковчега" Юрыю Цыбіну.

Ю.Ц.: - Мне здаецца, было б шкада, калі б у рэспубліцы зьнікла традыцыя правядзеньня неафіцыйных музычных фэстаў. Таму, нягледзячы на ўсялякія цяжкасьці і сумненьні, мы зноў вырашылі зрабіць чарговую "Рок-каранацыю". Што б ні казалі пра яе журналісты, усё ж такі гэта - адзіны неафіцыйны фэст, якога чакаюць усе: і музыкі, і гледачы, і, спадзяюся, журналісты таксама.

RR: - Калі вы казалі пра намер спыніць гэтую традыцыю, вы былі шчырыя, ці гэта быў такі ход, каб заінтрыгаваць?

Ю.Ц.: - Я быў шчыры, таму што пасьля кожнай "Рок-каранацыі" не хапае сіл думаць пра наступную.

RR: - Але потым яны прыйшлі, і вы зноў задумаліся?

Ю.Ц.: - Так, гэта адбываецца кожны год.

На пытаньні, што зьменіцца ў сёлетняй "Рок-каранацыі" ў параўнаньні зь мінулымі, Юры Цыбін, стомлена ўздыхнуў: "Мы гэтым займаемся штодня". Але раскрываць якія-кольвек сакрэты не пажадаў: ізноў жа, па старой традыцыі.

Сёлетніх фаварытаў, як заўжды, вызначаюць журналісты. Па рэдакцыях розных выданьняў ужо разышліся анкеты, у якіх журналісты павінны выкласьці свае думкі наконт таго, хто ж з музыкаў найбольш варты ўганараваньня й у якой намінацыі. Ужо зараз можна сказаць, што сур'ёзна прэтэндуюць на ўзнагароды гурты "Крама", "Безь білета", "Іmpett", "Палац", музыкі Аляксей Шадзько, Зьміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, Аляксандар Памідораў ды іншыя.

Мы пацікавіліся ў некаторых музыкаў, што яны думаюць пра вяртаньне "Рок-каранацыі", якая, праўду кажучы, нікуды й не зьнікала…

"Каралі" мінулага году, музыкі з гурту N.R.М., якія летась не па-беларуску адважна выйшлі на сцэну гальцом, каб гэткім экстравагантным чынам падвесьці тлустую рысу пад "Рок-каранацыямі", не зразумелі "гумару" арганізатараў, якія вырашылі захаваць шоў. Прынамсі, так выказаўся лідэр гурту Лявон Вольскі.

RR: - Ці пойдзе N.R.М. на гэтую "Рок-каранацыю", якая зноў будзе, хаця ўсе чакалі, што яе ўжо ня будзе?

Л.В.: - Будзем, канечне, таму што было б некультурна проста пазбавіць арганізатараў завядзёнкі, што леташнія "каралі" ўручаюць цяперашнім. Хаця мне вельмі цяжка меркаваць, хто ў гэтым годзе варты такой высокай узнагароды …

RR: - То бок, вы чакаеце, што вашая прысутнасьць там будзе апраўданая толькі тым, што вы павінны, як былыя "рок-каралі", перадаць карону? Можа, вы ў ліку намінантаў усё ж такі?

Л.В.: - Не, ну гэта было б ужо глупа. І для нас гэта ўжо вычарпалася як акцыя, насамрэч… Таму што мы два разы ўжо атрымлівалі "Карону", і арганізатары самі казалі летась, што акцыя сябе вычарпала, а тут раптам зноў - як птушка Фэнікс… Так што гэта ня так ужо цікава, насамрэч…

RR: - То бок, адраджэньне "Рок-каранацыі" ў вас выклікала непаразуменьне, так?

Л.В.: - Абсалютна правільна разумееце. Калі так заяўлялася пра гэта, дык трэба было ўжо па-іншаму называць, напэўна, і неяк па-іншаму вырашаць саму канцэпцыю ўсяго гэтага шоў…

Наш наступны суразмоўца, добра вядомы слухачом Рацыі аўтар праграмы "Танцы на даху" Аляксандар Памідораў, кажа, што нават і ня думаў сур'ёзна ўспрымаць леташнія пагрозы арганізатараў "Каранацыі".

А.П.: - Такія размовы вядуцца кожны год, таму асабліва я не зьдзіўляўся. Мяне найбольш зацікавіла тое, што арганізатары "Рок-кароны" заявілі, што яна будзе праходзіць па нейкіх іншых правілах і ў нейкім іншым аздабленьні… Вось з гэтага боку мне цікава: што яны прыдумаюць гэтым разам? Наколькі я ведаю, ніякай дэмакратыі на "Рок-кароне" ня будзе. Будуць вельмі жорстка й дакладна акрэсьленыя пераможцы.

RR: - А гэта добра ці дрэнна - адсутнасьць дэмакратыі на "Рок-кароне"?

А.П.: -Я лічу, што гэта добра, таму што звычайна дэмакратыя на "Рок-кароне" ператваралася ў анархію, і потым пачыналіся нейкія "абідкі" музыкаў адных на адных.

Лідэр гурту "Уліс" Вячаслаў Корань ужо амаль забыўся, што існуе такая імпрэза. Па словах музыкі, "Уліс" ніводнага разу не атрымліваў і нават не намінаваўся на "Рок-карону". Адным словам, Вячаслаў Корань мае за што крыўдаваць на арганізатараў.

В.К.: - Гэта, у большасьці, фарс, які не нясе нічога для беларускай рок-музыкі. Ён падтрымлівае толькі тых, хто зьяўляецца арганізатарам гэтай імпрэзы. Арганізатары свае справы вырашаюць: кагосьці яны ведаюць, хтосьці ім патрэбен, каб рабіць потым справы зь імі…

RR: - То бок, на гэтую "Рок-каранацыю" ты таксама ня пойдзеш і "Уліс" ня пойдзе?

В.К.: - Не, ня пойдзем…

RR: - Нават паглядзець на гэта нецікава, так?

В.К.: - Ну, як можа быць цікава паглядзець, калі я паловы гуртоў з тых, хто там будзе, ня ведаю? Адкуль яны ўсплылі, гэтыя гурты?

Малады гурт "Impett" і сапраўды "ўсплыў" зусім нядаўна, але вельмі ўпэўнена. Для Даны, салісткі гурту, гэта - першая "Рок-каранацыя" ў жыцьці. На дзьве папярэднія Дана хадзіла, але толькі ў якасьці глядачкі. Таму сёлетняя "Каранацыя" для яе - ня проста падзея, але, можна сказаць, "зорны час". Гурт актыўна рэпэтуе, каб выступіць адэкватна назьве - гэта значыць, імпэтна… Дана ад самага пачатку ня верыла ў тое, што мінулагодняя імпрэза была апошняй. І вельмі ўсьцешаная, што не памылілася.

Дана: - Мне здаецца, гэта было правакацыяй - каб зацікавіць больш людзей… Я думаю, гэта наагул кожнага музыканта ўзрадавала - такі сэйшн прыемны, калі зьбіраецца шмат музыкантаў, шмат гуртоў…

Мае "Іmpett" і сваё пажаданьне "Рок-каранацыі":

Дана: - Хацелася б больш намінацый зрабіць і больш запрашаць маладых. Гэта было б падставай для таго, каб даць шанец маладым музыкантам…

Ці спраўдзяцца чаканьні музыкаў і публікі? Пра гэта змогуць меркаваць тыя, хто трапіць 24-га лютага а 19-й гадзіне ў канцэртную залю "Менск". З-за высокай арэнднай платы кошт квіткоў сёлета сягне ажно да 20 тысяч рублёў. Самыя танныя будуць каштаваць 8 тысяч. Што, несумненна, перашкодзіць шмат каму з маладых заўзятараў ацаніць відовішча.

Вольга Бабак

Радыё Рацыя
0058648