Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Іх запрасіў кіраўнік Парлямэнцкай Асамблеі Адрыян Сэвэрын як назіральнікаў.

Сёньня на імя кіраўніцтва Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў прыйшоў адмысловы ліст ад прэзыдэнта ПА АБСЭ Адрыяна Сэвэрына. Сп. Сэвэрын запрашае невялікую дэлегацыю Кансультацыйнай рады ў якасьці прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі Беларусі на паседжаньне Парлямэнцкай Асамблеі. Дэлегацыі надаецца статус назіральнікаў.

Сп. Сэвэрын тлумачыць гэтае рашэньне наступным чынам: "З мэтай працягу высілкаў у справе дыялёгу палітычных сілаў Беларусі і сяброў нашай асамблеі вашай дэлегацыі будуць прадастаўленыя шырокія магчымасьці для нефармальнага абмену думкамі зь сябрамі ПА АБСЭ". Кіраўнік Парлямэнцкай Асамблеі дадае, што мае намер практыкаваць такую форму кантактаў і далей.

Дагэтуль на зімовыя сэсіі ПА АБСЭ езьдзіла дэлегацыя Вярхоўнага Савету 13 скліканьня. Я пытаю яе сталага сябра Ўладзімера Нісьцюка, які, дарэчы і зараз паедзе ў Вену, як паўплывае зьмена статусу на яго дзейнасьць.

(Нісьцюк: ) "Я думаю, што ніяк. Так, статус афіцыйнай дэлегацыі Вярхоўнага Савету даваў больш правоў, магчымасьцяў. Зараз гэта будзе трохі складаней. Але ў той жа час ёсьць дамова такая, што, калі будзе патрэба, нам дадуць выступіць у камітэтах. Наконт пленарнага паседжаньня я ня ведаю. Але мы будзем мець магчымасьць самага галоўнага — асабіста з парляментарамі ўсіх нашых партнэраў працаваць.

Два-тры дні — гэта вельмі шмат, таму што ёсьць магчымасьць адказаць на ўсе пытаньні, якія ў людзей узьніклі. Ёсьць магчымасьць нейкую інфармацыю давесьці. Гэтая магчымасьць будзе выкарыстаная на сто адсоткаў".

На сёньняшнім паседжаньні вызначылі і асабісты склад дэлегацыі Кансультацыйнай рады: да сп. Лябедзькі і Нісьцюка далучыцца спадарыня Палевікова.

Учорашнія напады Аляксандра Лукашэнка на АБСЭ і яе інстытуцыі ня выклікалі прыкметнай рэакцыі ў лідэраў апазыцыі. А выканаўца абавязкаў старшыні Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Мішэль Рывалье на маё пытаньне, ці будзе ён нейкім чынам камэнтаваць словы Лукашэнкі, адказаў:

(Рывалье: ) "No comment".

Што тычыцца ўдзелу ў зімовай сэсіі ПА АБСЭ дэлегацыі "палаты прадстаўнікоў", дык сп. Рывалье сказаў, што пакуль ня ведае, ці паедуць яны ў Вену, а калі паедуць, дык у якім статусе.

Уладзімер Глод, Менск