Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Часопіс створаны вядомым беларускім мастаком Артурам Клінавым і культуролягам Юрасём Барысевічам. "Партызан" рэпрэзэнтуе асобы беларускага авангарднага мастацтва.

"Партызан" - беспрэцэдэнтнае мастацкае выданьне ў межах Беларусі. Распачынаючы прэзэнтацыю, галоўны рэдактар часопісу Артур Клінаў пажартаваў: маўляў, нават тыя, хто лянуецца чытаць мастацтвазнаўчыя ды культуралягічныя тэксты, змогуць атрымаць задавальненьне - "паглядзець карцінкі". А дакладней, рэпрадукцыі карцінаў ды фатаздымкі інсталяцыяў і пэрформансаў - разам 150 высакаякасных ілюстрацыяў. Такіх па якасьці часопісаў у Беларусі яшчэ не было. Слова "партызан" блізкае кожнаму беларусу зь дзяцінства. Гэта слова-сымбаль - як "бульба", "зубр", "балота" ці "трактар". Са словаў Артура Клінава, выбар назвы ўтрымлівае іронію.

Дагэтуль у Беларусі існавала толькі адно выданьне, якое рэпрэзантавала надзённы стан беларускага арту, - дзяржаўны часопіс "Мастацтва". Часопіс мае клясычную рубрыкацыю паводле жанраў мастацтва ды імкнецца ахапіць усе творчыя навінкі, якія зьяўляюцца ў краіне. Што да "Партызану", дык Артур Клінаў падкрэсьліў: выданьне арыентуецца выключна на панятак "сучаснага мастацтва".

Часопіс "Партызан" мае на мэце рэпрэзэнтаваць менавіта мадэрновыя плыні арту. Рэпрэзэнтаваць Беларусі й сьвету, бо паралельна зь беларускімі тэкстамі стаяць скарочаныя ангельскія вэрсіі. "Партызан" мае пускаць пад адхоны цягнікі сацрэалізму, ды іншых архаізмаў, як выказаўся Артур Клінаў. А яшчэ "Партызан" - гэта аўтарскае выданьне. Тобок зарыентаванае не на ўсемагчымыя жанры, а на пэрсоны канкрэтных мастакоў. Першы нумар знаёміць чытача зь Ігарам Цішыным, Алесем Пушкіным ды Ігарам Саўчанкам.

На думку Артура Клінава, "Партызан" мае стаць лябараторыяй сучаснай беларускай творчай думкі: як у карцінах, гэтак у тэкстах. Галоўны рэдактар часопіса заахвочвае патэнцыйных аўтараў, абяцаючы прымаць любыя экспэрымэнты.

Адзін з "партызанаў", якія пашчыравалі ў новай лябараторыі інтэлектуальнай беларускай думкі, - лінгвіст Зьміцер Саўка. Спадар Саўка стаўся стыль-рэдактарам праекту. Упершыню мовазнаўцу Саўку далі карт-блянш у дзейнасьці. Працуючы над нумарам, Зьміцер Саўка здолеў рэалізаваць усе свае навукова-практычныя ідэі што да ўдасканаленьня беларускае мовы. Таму "Партызан" можа быць цікавым і прафэсійнаму колу лінгвістаў.

Аўтарскім першы нумар "Партызану" стаўся яшчэ й таму, што дзьве траціны тэксту напісалі адно два чалавекі: мастак Артур Клінаў і культуроляг Юрась Барысевіч. У далейшым спадарства стваральнікі часопісу плянуюць прыцягнуць да пісаньня больш творцаў. Пакуль "Партызан" будзе выходзіць не часьцей як раз на паўгода. Зрэшты, для такога тоўстага выданьня - тэрмін ня надта вялікі.

Вядомая прымаўка "чым далей у лес, тым таўсьцейшыя партызаны" нараджае аптымізм што да будучыні новага часопісу.

Севярын Квяткоўскі
,