Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Прыкладна а палове адзінаццатай начы менчукі, якія жывуць на вуліцах Каржа й Розы Люксэмбург, пачулі моцны выбух. Як высьветлілася крыху пазьней, быў узарваны аўтамабіль "БМВ-520". Толькі па шчасьлівым выпадку ніхто не пацярпеў.

Са зьвестак Рацыі, падарваны аўтамабіль належыць выканаўчаму дырэктару таварыства з дадатковай адказнасьцю "Магнітык прамзбыт". Ягонае прозьвішча нам высьветліць пакуль не ўдалося. Правахоўныя органы не даюць аніякіх камэнтароў на гэты конт.

Праўда, зь іншых крыніцаў удалося даведацца, што гэтае злачынства падрыхтавана знаўцамі падрыўной справы. Выбуховае прыстасаваньне было зроблена даволі прафэсійна. З усяго бачна, што злачынцы дэталёва вывучылі распарадак дня выканаўчага дырэктара й "запраграмавалі" выбух менавіта на той час, калі гаспадар аўтамабілю павінен быў некуды на ім ехаць.

Мэханізм спрацаваў акурат а 22 гадзіне 30 хвіліны. Але зь нейкіх прычынаў гаспадар аўтамабілю затрымаўся. Іначай шанцаў застацца жывым у яго было. З інфармацыі нашага радыё, выбуховая прылада ўтрымлівала каля 300 грамаў тратылу й была закладзена акурат пад сядзеньнем кіроўцы.

Пакуль невядома, хто спрабаваў расквітацца з выканаўчым дырэктарам фірмы "Магнітык прамзбыт".

Зрэшты, міліцыянты не выключаюць вэрсіі, што дырэктара такім чынам хацелі толькі напалохаць. Але зноў жа - застаецца таямніцай, каму дырэктар перайшоў дарогу.

Дарэчы, гэта ня першы выпадак падрыву аўтамабілю ў Менску. Напрыканцы 90-х гадоў каля ўнівэрсаму "Рыга" быў узарваны ў сваім аўтамабілі крымінальны "аўтарытэт" па мянушцы "Шалай", які загінуў на месцы. Тады ж была спроба падарваць яшчэ аднаго лідэра менскай злачыннай групоўкі па мянушцы "Прохар".

Адметна, што сьляды тых абодвух злачынстваў вялі ў Расею. Тамтэйшыя крымінальныя групоўкі імкнуліся ўзяць пад свой кантроль беларускую сталіцу.

Ян Мікалаеў