Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Канфэрэнцыі прадстаўнікоў працоўных калектываў, як паведамляла Рацыя, далі сваю сваю згоду на зьмену формы ўласнасьці напрыканцы мінулага тыдня. Між тым, губэрнатар Магілеўшчыны Барыс Батура прызнаўся журналістам: канкрэтных прапановаў патэнцыйных інвэстараў пакуль няма.

Акцыянаваньне магілеўскага "Хімвалакна" й бабруйскай "Белшыны" кіраўніцтва "вэртыкалі" Магілеўскай вобласьці зьвязвае з прыцягненьнем у рэгіён інвэстыцыяў. У аблвыканкаме лягічна лічаць: калі ня будзе праводзіцца акцыянаваньне прадпрыемстваў, то ні адзін нармальны інвэстар ня дасьць грошай на разьвіцьцё прадпрыемства, якім валодае дзяржава, а ня ён - хаця б часткова.

Рацыя паведамляла: кола патэнцыйных інвэстараў "Хімвалакна" й "Белшыны" вядомае. Паводле інфармацыі з афіцыйных крыніцаў, у іх ліку "Лукойл", "Сібур", "Ітэра", "Сургутнафтагаз". Аднак - прызнаўся кіраўнік вэртыкалі Магілеўскай вобласьці Барыс Батура - пасьля таго, як прайшлі вырашальныя сходы ў працоўных калектывах "Хімвалакна" й "Белшыны", канкрэтных прапаноў ад інвэстараў пакуль няма. Лічы: акцыянавацца прадпрыемствам выпадае "ў белы сьвет, як у капейку", без канкрэтных плянаў на паступленьне сродкаў.

Аднак улады разьлічваюць, што да 15 сакавіка, да абумоўленага тэрміну, калі ўсе дакумэнты павінны легчы на стол Аляксандру Лукашэнку, канкрэтныя прапановы ад інвэстараў ўсё ж такі зьявяцца. І гэта пры тым, што кантрольныя пакеты акцыяў "Хімвалакна" й "Белшыны" - як бюджэтастваральных прадпрыемстваў - мусяць застацца ў руках дзяржавы. Далёка ня кожны патэнцыйны інвэстар з гэтым пагодзіцца.

Больш за ўсіх неадкладнага прыцягненьня інвэстыцыяў патрабуе "Хімвалакно", ці, дакладней, структурнае падразьдзяленьне аб'яднаньня - завод штучнага валакна, які ўяўляе зь сябе цяпер нейкія састарэлыя руіны, нікому не патрэбныя. У Магілеўскім аблвыканкаме гавораць: адна швэйцарская фірма прапанавала тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне канцэсіі. Але падрабязнасьці гэтага праекту, як і назва фірмы, не паведамляюцца.

Што датычыцца далейшага акцыянаваньня магілеўскіх прадпрыемстваў, то губэрнатар Барыс Батура заявіў аб прапрацоўцы гэтага пытаньня па Магілеўскім аўтамабільым заводзе.

Ганна Юрчанкова
0058648