Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    2627282930311
    2345678
    9101112131415
    16171819202122
    23242526272829
    303112345

Общество


Афіцыйнае заснаваньне БІНіМ адбылося 16 сьнежня 1951 году. 13 жніўня 1953 году ўстанову афіцыйна зарэгістравалі ў штаце Нью Ёрк з правам дзейнасьці на тэрыторыі ЗША. У 1955 г. зьявіўся аддзел БІНіМ у Мюнхэне, у 1967 годзе - у Таронта. З 1952 году БІНіМ выпускае сваё непэрыядычнае выданьне - альманах "Запісы". З гэтага году "Запісы" пачалі выходзіць на бацькаўшчыне. Але як альманах, гэтак і ўстанова, што яго выдае, дагэтуль амаль невядомыя ў Беларусі.

Беларускі інстытут навукі й мастацтва за першы год свайго існаваньня задзіночыў больш за паўсотні навукоўцаў, літаратараў, прадстаўнікоў творчае інтэлігенцыі з розных краінаў сьвету - ЗША, Вялікае Брытаніі, Канады, Францыі, Нямеччыны, Бэльгіі, Аўстрыі, Італіі. Стваральнікамі Інстытуту сталі тыя, хто яшчэ на бацькаўшчыне былі вядомыя як дасьледнікі ў розных навуковых сфэрах: адзін з арганізатараў Беларускае асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў, намесьнік дырэктара Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Янка Ліманоўскі, публіцыст, мовазнаўца й крытык Антон Адамовіч, Мікола Равенскі - прафэсар Беларускае кансэрваторыі, паэтка Натальля Арсеньнева.

У розныя гады колькасьць сябраў БІНіМ вагалася ад 100 да 200 чалавек. З 1990-х у БІНіМ працуюць і тутэйшыя навукоўцы з мэтраполіі. З 1982 году пасаду старшыні БІНіМ займае Вітаўт Кіпель.

З 1952 году БІНіМ выдае сваё непэрыядычнае выданьне - альманах "Запісы". У альманаху друкаваліся навуковыя дасьледаваньні, дакумэнты, якія ў БССР з ідэалягічных прычынаў не былі вядомыя шырокай грамадзкасьці. Першыя нумары выдадзеныя па-беларуску, але паступова сталі зьяўляцца й ангельскамоўныя публікацыі. Гэта спрыяла азнаямленьню зь Беларусьсю заходніх навукоўцаў, бальшыня зь якіх не валодалі беларускаю моваю.

Першыя 6 тамоў "Запісаў" у 1952-1954 гадох былі выдадзеныя ў Нью Ёрку; 5 наступных у 1962-1970 гадох друкаваліся ў Мюнхэне (Нямеччына). З 12-га да 24-га тому "Запісы" друкаваліся ў Нью Ёрку. Зьмест 25-га нумару "Запісаў": Галiна Сяргеева "Беларуская дыяспара ў нацыянальнай гістарыяграфіі ХХ стагодзьдзя", Ян Максімюк "Аднаўленьне Рады БНР пасьля Другой Сусьветнай вайны", Alexander Nadson "The Belarusan Greek Catholic (Uniate) Church", Генадзь Сагановiч "Вітаўт Тумаш як гісторык", Настасься Гулак "Славянафіл думае пра Беларусь", Уладзiмер Мальцаў "БДТ-2 у тэатральных дыскусiях 1927-1928 гадоў", Ванкарэм Нікіфаровіч "Пясьняр волі й хараства: Згадваючы Ўладзімера Дубоўку", Юрась Гарбінскі "З эпісталярнае спадчыны Ўладзімера Самойлы", Андрій Даниленко, Лев Чабан "Юрій Шевельов як дослідник українсько-білоруських взаємин", Зьміцер Саўка "Стараславянска-беларускі слоўнік. Праект. Літара В", Кветка Вітан "Зацемкi аб будаўляным мастацтве гораду Вiльнi", Уладзiмер Глыбiнны "Тэстамэнт. Апавяданьне". Апрача таго ў нумары шэраг цікавых рэцэнзіяў на кнігі: "Беларускiя рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя" (Ларыса Языковіч), Л.Савёнка "Беларусізацыя пад №..." (Лідзія Савік), Л.Юрэвіча "Беларуская мэмуарыстка на эмiграцыi" (Аляксей Рагуля) ды інш. Пры канцы "Запісаў" - традыцыйная "Хроніка навукова-культурнага жыцьця ў замежжы (1998-2000)".

Сёлета выйшаў чарговы - 25-ы нумар "Запісаў". Гэтым разам на бацькаўшчыне, у Менску. Але пакуль альманах "Запісы" вядомы толькі вузкаму колу спэцыялістаў. Адна з прычын - працяглае маўчаньне, што панавала ў Беларусі да нядаўняга часу. Эмігранты былі ворагамі савецкае ўлады. Цяперашнія ўлады таксама без асаблівае зычлівасьці ставяцца да нашых сукрэвічаў за мяжою. Гэта выяўляецца й у дасьледаваньні гісторыі беларускае эміграцыі. Спэцыяльны артыкул на гэтую тэму апублікавала ў 25-х "Запісах" супрацоўніца Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Галіна Сяргеева. Зь ейных словаў, дасьледаваць эміграцыю сёньня ня гэтак і проста.

Г.С.: - Падрыхтаваныя ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнае Акадэміі навук "Нарысы гісторыі беларускае эміграцыі" пакуль што ляжаць аніяк незапатрабаваныя. "Няма грошай" - кажуць на гэта. Грамадзка-палітычная сытуацыя таксама не спрыяе ўсебаковаму й грунтоўнаму аналізу беларускае дыяспары й яе спадчыны: зьявіўся новы падзел беларускае дыяспары на тых, хто ляяльны ўладзе й тых, хто "апазыцыйны", на тых, каму варта дапамагаць і тых, каго варта зноў лаяць.

Сп-ня Галіна таксама згадала выпадак з паэткаю Ларысаю Геніюш, дагэтуль не рэгабілітаванае па бязглуздым зьвінавачаньні.

Адна з прычынаў адмоўнага стаўленьня ўладаў да беларускае эміграцыі - агульнае стаўленьне да ўсіх бяз вынятку нацыянальна сьведамых беларусаў. Грунт для такога стаўленьня заклалі яшчэ ў 19 ст. прадстаўнікі ідэалёгіі "западноруссизма". Гэтай тэме прысьвечаны ў "Запісах" спэцыяльны артыкул Настасьсі Гулак. У ім, між іншага, публікуюцца невядомыя дагэтуль матэрыялы пра ідэоляга "западноруссизма" ў Беларусі Пятра Бяссонава.

Кажа Настасься Гулак: - Надрукаваныя ў "Запісах" урыўкі зь ягонае працы "Сэпаратызм у Паўночна-Заходнім краі" паказваюць, што Бяссонаў і іншыя вялікадзяржаўнікі ставіліся да Беларусі як да ўскраіны імпэрыі, якая, натуральна, мае права на этнаграфічную самабытнасьць, што выяўляецца ў ручнікох, этнічных сьпевах, але ня больш за гэта.

На думку аднаго з рыхтаваньнікаў 25-х "Запісаў" БІНіМ Зьмітра Саўкі, тое, што "Запісы" пачалі выходзіць у Менску, - станоўчы момант, у нечым нават сымбалічны.

З.С.: - Выхад "Запісаў" на бацькаўшчыне - гэта, магчыма, зарука доўгага жыцьця гэтае друкаванае пляцоўкі. Для такога выданьня важна выходзіць гадамі, быць цягам гадоў летапісцам гуманітарнае думкі.

Галоўнае - захаваць традыцыю, пераемнасьць выхаду гэткага выданьня на бацькаўшчыне, - кажа Зьміцер Саўка.

13 лютага ў Цэнтры беларускае мовы й культуры Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту адбудзецца прэзэнтацыя 25-га выпуску "Запісаў". Адрас Лінгвістычнага ўнівэрсытэту: горад Менск, вуліца Захарава, 21. Прэзэнтацыя адбудзецца на другім паверсе галоўнага корпусу ўнівэрсытэту а палове на першую дня.

Віктар Корбуt

Радыё Рацыя