Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Між тым самі палякі ўпэўненыя, што ў хуткім часе гэтыя абмежаваньні будуць скасаваныя.

Колькасьць ахвотных трапіць за мяжу ў першыя тыдні новага году відавочна скарацілася. Рэч у тым, што кожны, хто ехаў церазь мяжу ў польскі бок, павінен быў мець з сабою ня болей за 1 пачаты пачак цыгарэтаў і паўлітра сьпірту альбо моцных алькагольных напояў. Такое распараджэньне выдаў міністар фінансаў Рэспублікі Польшчы Марэк Белька з мэтаю зьменшыць маштабы кантрабанды, зь якое жывуць тысячы жыхароў памежных тэрыторыяў як на польскім, так і на беларускім баку.

Часова гэта падзейнічала. Напрыклад, 2 студзеня ў 7 вагонах электрацягніка, што ідзе на Тэрэспаль, агулам ехалі крыху болей за 10 чалавек. Наступным днём на ранішні рэйс прыйшло ўжо каля 100 людзей, і цягам некалькіх наступных тыдняў гэтая лічба зьмянялася ня вельмі значна. Аднак такога тэрміну беларусам было дастаткова, каб зарыентавацца ў новых умовах.

Цяпер на вакзале "Берасьце-Цэнтральны" ізноў аднавілася былая мітусьня. Па зьвестках мытнікаў, колькасьць беларусаў, якія штодзень наведваюць польскі памежны горад Тэрэспаль на ўласным транспарце альбо чыгункаю, складае ад 2 да 2,5 тысячаў чалавек. Іх не палохае нават тое, што адпаведна з новаўводзінамі ў выпадку выкрыцьця кантрабанды з парушальніка будуць спагнаныя сьпярша $30, а другім разам - ажно 150.

Цікава, што польскі бок дагэтуль ня ўдакладніў азначэньне "памежная тэрыторыя" - а новыя абмежаваньні дзейнічаюць дачынна жыхароў менавіта гэтае мясцовасьці. У савецкія часы гэта была зона на адлегласьці 2 км ад мяжы, цяпер ідзе гаворка пра 15 км. Паводле польскіх мэдыяў, на сёньняшні дзень ня выключаны варыянт, што пад азначэньне "Памежная тэрыторыя" трапіць зона на адлегласьці ў 25 км ад мяжы.

Калі беларус давядзе польскаму мытніку, што набыў алкагольныя ці тытунёвыя вырабы за межамі гэтае тэрыторыі, то зможа везьці столькі ж, колькі й раней. Аднак самі мытнікі скардзяцца на адсутнасьць крытэраў, па якіх цыгарэты альбо гарэлку, набытыя на "памежнай тэрыторыі", можна адрозьніць ад тавару, набытага ў іншых месцах. Пакуль што ў якасьці доказу выкарыстоўваецца прапіска ў пашпарце: калі яна ў вас, напрыклад, кобрынская, тады пад абмежаваньні вы ўжо не трапляеце.

Трэба сказаць, што польскія экспэрты прадказваюць скасаваньне распараджэньня міністра фінансаў у бліжэйшы час. Вядома, што беларускія кантрабандысты ня толькі прывозяць у Польшчу сьпірт і цыгарэты. На атрыманыя з гэтага грошы яны набываюць прадукцыю польскае вытворчасьці - прынамсі, штогод ад гэтага палякі мелі прыкладна $2 млрд. Атрымліваецца так, што барацьба з кантрабандаю можа значна зьменшыць прыбыткі памежных тэрыторыяў Польшчы ад такога гандлю.

Ігнат Чарнецкі

Радыё Рацыя
0059072