Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


На 8 і 9 лютага на двух самых буйных прамысловых прадпрыемствах Магілеўскай вобласьці прызначаныя агульныя сходы працоўных калектываў. Працоўныя павінны даць альбо ня даць згоду на зьмену формы ўласнасьці прадпрыемстваў, а дакладней - на акцыянаваньне й прыватызацыю.

Кіраўніцтва краіны вызначыла, што сёлета павінны быць акцыянаваныя 6 прадпрыемстваў канцэрну "Белнафтахім". У гэтым шэрагу - Магілеўскае вытворчае аб'яднаньне "Хімвалакно" й Беларускі шынны камбінат "Белшына".

Падзеі разьвіваліся імкліва. Каманду ўраду й канцэрну рыхтаваць належную праграму дзеяньняў па прыватызацыі Аляксандар Лукашэнка даў на нарадзе 19 сьнежня, а 25 студзеня - крыху больш чым празь месяц - яму ўжо рабілі справаздачу аб зробленым.

У пятніцу й суботу рабочай клясе й інтэлігенцыі прапануюць даведацца пра перадавыя ідэі ў акцыянаваньні й прыватызацыі ды, хутчэй за ўсё, атрымаюць згода на ажыцьцяўленьне зьменаў. Бунтаў і нават пратэстаў не прадбачыцца.

Згода будзе з той прычыны, што кожны працаўнік гэтых двух буйных прамысловых прадпрыемстваў разумее: жыць так, як зараз, - немагчыма й нельга. Гэтыя гіганты калісьці былі апірышчамі гарадоў, а зараз перажываюць цяжкасьці на ўсіх франтах.

Што да магчымых інвэстараў, то, паводле афіцыйнай інфармацыі, у іх кола ўваходзяць у першую (і практычна ў апошнюю) чаргу выключна расейцы - кампаніі "Лукойл", "Сибур", "Итэра", "Татнефть" ды іншыя.

Аляксандр Лукашэнка паставіў інвэстарам жорсткія ўмовы: кантрольны пакет акцыяў застанецца ў дзяржавы, а ім трэба захаваць прыярытэты ў разьвіцьці вытворчасьці й нават ва ўтрыманьні сацыяльнай сфэры.

Магілеўскія чыноўнікі лічаць, што акцыянаваньне й прыватызацыя двух прамысловых гігантаў можа шмат чаго даць рэгіёну. Важна толькі, на думку кіраўніцтва вобласьці, не паўтарыць расейскіх памылак: не аддацца за бясцэнак і не адпусьціць лейцаў.

Хаця наконт апошняга ў мясцовай "вэртыкалі" прызнаюць, што для беларускага рэгіёну вельмі небяспечная іншая крайнасьць - заарганізаванасьць, забюракратызаванасьць, схільнасьць бачыць у кожным патэнцыйным інвэстары махляра.

Беларускія чыноўнікі часам забываюцца на тое, што замежнік ідзе на нашыя заводы зусім не папаўняць бюджэт Рэспублікі Беларусь. Зразумела, першае, што жадае атрымаць інвэстар, які выдаткоўвае грошы на разьвіцьцё справы, - гэта зарабіць, атрымаць прыбытак для сябе, а не для дзяржавы.

Ганна Юрчанкова

Радыё Рацыя
,