Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    2627282930311
    2345678
    9101112131415
    16171819202122
    23242526272829
    303112345
  • Популярное

Общество


"Дзякуючы" сваiм спажыўцам-неплацельшчыкам "Гроднаэнерга" таксама становiцца ненадзейным партнёрам па разлiках за абсталяванне, камплектуючыя, будаўнiча-мантажныя i наладачныя работы. Раней такой рэпутацыi ў прадпрыемства не было

Летась спажыўцы электрычнай i цеплавой энергii разлiчылiся з РУП "Гроднаэнерга" толькi на 81,5 працэнта, што з’яўляецца самым нiзкiм паказчыкам сярод абласцей краiны. I даўгавая "яма" працягвае паглыбляцца, перавысiўшы па стану на канец студзеня 90 мiльярдаў рублёў, а гэта каля 55 мiльёнаў долараў. Безумоўна, гэтая праблема турбуе нашых чытачоў, што відаць з іх пісьмаў, якія прыходзяць у гродзенскі карпункт "Звязды".

Па каментарый карэспандэнт "Звязды" звярнуўся да намеснiка генеральнага дырэктара РУП "Гроднаэнерга" па збыту Барыса Есянкова.

— Барыс Iванавiч, як вядома, энергетыкаў нiколi не "балавалi" стопрацэнтным разлiкам за адпушчаныя рэсурсы. Цяперашняя сiтуацыя нечым прынцыпова адрознiваецца ад практыкi мiнулых гадоў?

— Сiтуацыя не адрознiваецца тым, што пакуль няма паляпшэння, г. зн. узровень аплаты за энергiю застаецца далёкiм ад жаданага. Калi параўнаць 2001 год з папярэднiм, то мы па збору сродкаў "выраслi" ўсяго на 3,4 пункта. Але агульныя тэндэнцыi, на жаль, пагоршылiся. Даўгi прамысловасцi ў доларавым выражэннi павялiчылiся на 73 працэнты. Асаблiва трывожыць аплата бюджэтнай сферай i камунальнай гаспадаркай. Абсалютны рост запазычанасцi бюджэтнай сферы, зноў жа ў валюце, склаў за мiнулы год 248 працэнтаў, а камунальнай — 183 працэнты. Гэта гаворыць аб тым, што ў нас нешта ненармальна з планаваннем i фармiраваннем бюджэту цi з яго выкананнем. Альбо не супадаюць расходная i даходная часткi ў бюджэце, альбо там, на думку яго распарадчыкаў, знаходзяцца больш важныя артыкулы, якiя пакрываюцца ў большай ступенi, а на энергiю нiчога не застаецца. Пры гэтым у новых бюджэтах даўгi за энерганосьбiты папярэднiх гадоў не закладваюцца. Узнiкае вельмi прынцыповае пытанне: хто ж i як будзе iх пагашаць?

А ад бюджэту, як кругi па вадзе ад кiнутага каменя, iдуць неплацяжы ў камунальнай гаспадарцы. Не атрымаўшы ў патрэбнай ступенi датацый на кампенсацыю сваiх страт, яна, адпаведна, не даплачвае энергетыкам. Плюс ад бюджэту яшчэ адна "галiнка" iдзе — да прамысловасцi. Ёсць у нас у вобласцi, ды i ў рэспублiцы, шэраг буйных прадпрыемстваў, чые ведамасныя кацельнi абслугоўваюць мiкрараёны i пасёлкi. Там тарыфы, гэтак жа, як i ў камунальшчыкаў, нiжэйшыя за сабекошт, а датацыi з бюджэту выдзяляюцца гэтак жа дрэнна. Атрымлiваецца, што i гэтыя прадпрыемствы перакладваюць недаатрыманыя датацыi на даўгi нам. У вынiку, з аднаго боку, энергетыка з’яўляецца базавай галiной для ўсёй эканомiкi з пункту гледжання забеспячэння яе ўстоўлiвага развiцця. А з другога — на нас кладзецца цяжар вялiзных даўгоў, якiя ўзнiкаюць па прычыне дрэннага планавання i недафiнансавання iншых галiн гаспадаркi.

Што датычыцца сельскай гаспадаркi, чыя запазычанасць энергасiстэме складае 70 працэнтаў ад агульнага аб’ёму, дык сама звычка плацiць за энергарэсурсы ў гэтых спажыўцоў ужо адсутнiчае. Можа, шматразовае дараванне даўгоў i прывяло да такога разумення, што ўсё роўна i наступным разам iх "адсякуць", даруюць. Але нехта ж плацiць за гэта павiнен. Дарэчы, восенню мiнулага года пачалася падрыхтоўка ўрадавага рашэння аб рэструктурызацыi даўгоў вёскi. Пакуль яно свет не ўбачыла, але чаканне гэтага дакумента зноў "размагнiцiла" сельгасспажыўцоў энергii, i нават тыя, хто больш-менш акуратна разлiчваўся, цяпер задумваюцца: а цi плацiць? Адсутнасць жорсткай адказнасцi за неплацяжы прыводзiць да таго, што ўсё менш калгасаў i саўгасаў разлiчваюцца з энергетыкамi. Увогуле, летась узровень аплаты склаў толькi 14,5 працэнта, прычым у некаторых раёнах — крыху больш за два працэнты, а многiя гаспадаркi не заплацiлi нi капейкi.

— Кажуць, што ў сувязi з неплацяжамi ўжо i энергетыкам даводзiцца браць у банках крэдыты на зарплату...

— I не толькi на зарплату. Адсутнасць абаротных сродкаў, несвоечасовая i няпоўная аплата спажыўцамi адпушчанай энергii прыводзiць да таго, што мы бяром у банках крэдыты i на разлiкi па пастаўках абсталявання. Бо спынiць працэс рэканструкцыi, рамонту нельга, энергетыка — гэта не тая галiна, дзе можна за тыдзень мадэрнiзаваць цi пабудаваць электрастанцыю.

Дарэчы, банкi ўжо не вельмi ахвотна даюць нам крэдыты, бо пад любую пазыку трэба нешта закласцi, а колькасць матэрыяльных рэсурсаў у нас не бязмежная. Акрамя таго, неплацяжы прымушаюць нас скарачаць аб’ёмы капiтальнага будаўнiцтва, адмаўляцца ад увядзення асобных лiнiй электраперадач, рэканструкцыi падстанцый. Мы парушаем тэрмiн разлiку з пастаўшчыкамi за абсталяванне, камплектуючыя, з падрадчыкамi — за будаўнiча-мантажныя i наладачныя работы. "Дзякуючы" сваiм спажыўцам-неплацельшчыкам мы таксама становiмся ненадзейнымi партнёрамi. Раней такой рэпутацыi ў нас не было.

— Якiя ж меры прымае энергасiстэма да неплацельшчыкаў?

— На сённяшнi дзень iх у "Гроднаэнерга" больш за паўтары тысячы. З кожным працуем iндывiдуальна. Цяпер, на 28 студзеня, абмежаванне ўведзена 830 спажыўцам, ад цепласетак адключаны 103, ад электрасетак — 123, i 12 спажыўцоў абмежаваны да ўзроўню аварыйнай бронi, што прымушае iх хутчэй шукаць шляхi рэалiзацыi запасаў сваёй прадукцыi, каб разлiчыцца ў тым лiку i за энерганосьбiты.

— Цi iснуе агульнае разуменне гэтай праблемы энергетыкамi, ведамствамi, уладнымi структурамi?

Адключэнне — гэта найвышэйшая мера пакарання для спажыўцоў-даўжнiкоў. I мы ёй карыстаемся ў крайнiх выпадках, бо спынiцца прадпрыемства, людзi разыдуцца па дамах i ўзнiкне сацыяльная напружанасць. Наша галiна гэта разумее. Аднак цi разумеюць гэта мiнiстэрствы i ведамствы, якiя адказваюць за свае прадпрыемствы на тэрыторыi вобласцi? Падобна, што ў iх бытуе думка, што спажывец сам дамовiцца з прадпрыемствам энергасiстэмы i вырашыць свае праблемы, а яны будуць назiраць збоку. Аднак у гэтай сувязi ёсць станоўчы момант з боку новага ўрада. Цяпер устаноўлена, што абмежаваннi i адключэннi ад энергасетак мы адмяняем толькi пасля атрымання гарантыi за подпiсам кiраўнiка рангам не нiжэй намеснiка мiнiстра, а што датычыцца камунальнай уласнасцi — намеснiка старшынi аблвыканкама. Такiм чынам, зроблена спроба прыцягнуць гэтыя структуры да адказнасцi за сваiх спажыўцоў, якiя дрэнна разлiчваюцца за энергарэсурсы.

Але ў гэтым пытаннi ёсць шэраг супярэчнасцяў, якiя не заўсёды дазваляюць органам улады i энергетыкам знаходзiць агульную мову. Дапусцiм, раённыя ўлады адказваюць за тэмпы росту вытворчасцi, за надоi, прывагi жывёлы. А за энергетыку яны такой адказнасцi не нясуць. За яе адказваюць самi энергетыкi i iх мiнiстэрства. Таму ёсць прапанова, якая, на мой погляд, магла б палепшыць узаемаадносiны энергетыкаў i мясцовых уладаў. Гэта варыянт расiйскага падыходу, калi ўлада раёна, горада падпiсвае з энергетыкамi пагадненне па пытанню энергазабеспячэння. Яно абавязвае мясцовую ўладу зрабiць празрыстым радок у бюджэце па спажыванню энергii. Потым перыядычна iдзе праверка выканання пагаднення, i, такiм чынам, улада бярэ на сябе пэўныя абязацельствы па спажыванню i разлiку за энергiю сферай, якая фiнансуецца з бюджэту. На жаль, на дадзены момант у нас няма падобных юрыдычных пагадненняў з органамi ўлады.

Не буду хаваць, што ў асобных выпадках кiраўнiкi розных узроўняў улады ўмешваюцца ва ўзаемаадносiны энергетыкаў i спажыўцоў-даўжнiкоў з мэтай не дапусцiць абмежавання цi адключэння ад энергасетак. Дыяпазон умяшання — ад настойлiвай просьбы да рэзкай, катэгарычнай каманды i нават пагрозы зняцця з работы. Вось i даводзiцца кiраўнiкам нашых падраздзяленняў працаваць, знаходзячыся, як кажуць, памiж молатам i кавадлам: i жорсткасць трэба праяўляць, дабiваючыся аплаты за энергарэсурсы, i з уладай знаходзiць агульную мову.

А можа, на ўзроўнi Саўмiна ўвесцi парадак — выдзяляць рэгiёну электраэнергiю прапарцыянальна памеру аплаты? Разам з уладай мы, энергетыкi, падзелiм памiж рэгiёнамi вобласцi гэту энергiю. Хто колькi плацiць — той столькi яе i павiнен атрымлiваць. Тады i ўлада, i энергетыкi будуць у роўнай ступенi зацiкаўленыя ў своечасовай i поўнай аплаце энергii.

Гутарку вёў Барыс ПРАКОПЧЫК

Звязда