Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    2627282930311
    2345678
    9101112131415
    16171819202122
    23242526272829
    303112345
  • Популярное

Общество


Арганізатарам дыскусіі выступае партыя БНФ. Тэматыка "круглых сталоў", якія пасьлядоўна будуць наладжвацца цягам першай паловы бягучага году, мае быць самай разнастайнай: удзельнікі паседжаньняў, паводле арганізатараў, мерацца закрануць усе сфэры грамадзкага, эканамічнага й палітычнага жыцьця Беларусі.

Са словаў аднаго з арганізатараў "круглага стала" - Аляксея Янукевіча, сябра Сойму БНФ "Адраджэньне" й партыі БНФ, за мэту паседжаньня ёсьць памкненьне ўзьняць у грамадзтве й навуковым асяродку праблему прыватызацыі: на якіх умовах яна мусіць праводзіцца, і што можа пагражаць эканамічнай бясьпецы нашай краіны? На думку спадара Янукевіча, гэтая тэма паўстала сёньня невыпадкова.

А.Я.: - Відавочна, што гэтая тэма ўзьнікла невыпадкова. Яна ўзьнікла ў зьвязку з тым, што цяпер пачаўся працэс фактычна захопу беларускіх прадпрыемстваў расейскім капіталам, які, мы лічым, не нясе нічога станоўчага - ні новых інвэстыцыяў, ні іншага. Умовы, на якіх ён атрымлівае лепшыя беларускія прадпрыемствы, таксама нельга назваць ні справядлівымі, ні роўнымі. Фактычна сёньня ўжо створаны ўмовы для захопу беларускіх прадпрыемстваў расейскім капіталам. Мы хочам, праводзячы гэты "круглы стол", узьняць гэтую праблему ў беларускім грамадзтве. Мы хочам, каб гэтая тэма пачала шырока абмяркоўвацца. І каб грамадзтва сачыла, як адбываецца працэс прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў.

Як адзначае Аляксей Янукевіч, апошнім часам пытаньне эканамічнай бясьпекі Беларусі стала досыць актуальным - з тае прычыны, што прысьпеў час Аляксандру Лукашэнку разьлічвацца за падтрымку яго расейскімі сіламі ў часе прэзыдэнцкіх выбараў. Таму ёсьць небясьпека, што буйнейшыя беларускія прадпрыемствы будуць аддадзены за бясцэнак расейскаму капіталу. А гэта можа мець незваротныя адмоўныя наступствы для эканомікі нашай краіны. Хаця гаворка пра прыватызацыю беларускіх вытворчасьцяў вядзецца даўно, пасьля апошніх выбараў праблема зрабілася надзённай.

А.Я.: - Менавіта сёньня існуе такая рэальная небясьпека. На самой справе, размовы пра гэта вяліся дастаткова даўно. І было відавочна, што Расея будзе імкнуцца сваім капіталам захопліваць беларускія прадпрыемствы. Але менавіта цяпер пачаліся рэальныя захады з боку расейскіх алігархаў - з тым, каб захапіць беларускую вытворчасьць. Мы лічым, гэта можа быць зьвязана з тым, што яны нейкім чынам дапамагалі Лукашэнку пад час яго перадвыбарчай кампаніі. І цяпер, як разьлік, патрабуюць ад яго беларускія прадпрыемствы. Можа, працуюць і нейкія іншыя схемы. Гэтая тэма цяпер актыўна мусуецца прарасейскімі сродкамі масавай інфармацыі. І менавіта сёньня павялічваецца гэтая небясьпека. А таму менавіта цяпер мы ўздымаем гэтае пытаньне. Мы хочам выказаць сваё стаўленьне да гэтага пытаньня й давесьці яго да шырокай грамадзкасьці.

Зь меркаваньня Аляксея Янукевіча, нават самі ўмовы, выстаўленыя расейскім бокам дзеля прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, зьяўляюцца дыскрымінацыйнымі адносна айчынных вытворцаў. Як прагназуюць арганізатары "круглага стала", такое разьвіцьцё падзеяў на беларускім рынку можа мець самыя нэгатыўныя наступствы - перш за ўсё для людзей працы й для гэтых жа прыватызаваных расейцамі прадпрыемстваў.

А.Я.: - Самі ўмовы, на якіх расейскі капітал атрымлівае беларускія прадпрыемствы, не выглядаюць рынкавымі, не зьяўляюцца цывілізаванымі. Выглядае на тое, што прыватызацыя будзе адбывацца не на тэндарнай, не на адкрытай аснове, але нейкім закрытым шляхам. І хто будзе вызначаць, якія прадпрыемствы на якіх умовах будуць аддавацца, прадавацца расейскім прадпрымальнікам, - невядома. Грамадзтва ня можа сёньня сачыць за гэтым працэсам. Па-другое, нас не задавальняе, што ў першую чаргу прыватызуюцца самыя прыбытковыя прадпрыемствы, якія й самі былі б здольныя знайсьці інвэстыцыі, прыносіць прыбытак беларускай дзяржаве. Чаму менавіта зь іх пачынаецца прыватызацыя? І, нарэшце, мы лічым, што расейскі капітал можа быць дастаткова небясьпечным, паколькі ён можа прынесьці, хутчэй, не інвэстыцыі, ня новыя тэхналёгіі, але, перад усім, масавыя звальненьні. Ён можа прынесьці таксама крымінальную "культуру" эканамічных адносінаў, якая цяпер пануе ў Расеі.

Гэтак разважыў і распавёў нам адзін з арганізатараў "круглага стала" "Праблемы прыватызацыі ў кантэксьце эканамічнай бясьпекі краіны" - Аляксей Янукевіч. Ініцыятары паседжаньня запрасілі ўзяць у ім удзел такіх спэцыялістаў, як кандыдат эканамічных навук, прафэсар Уладзімер Кулажанка, прафэсар, доктар эканамічных навук Іван Нікітчанка, кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія", доктар эканамічных навук Леанід Заіка ды іншыя. Да ўдзелу ў паседжаньні запрошаны прадстаўнікі амбасадаў посткамуністычных краінаў Балтыі, а таксама Польшчы, Чэхіі, якія падзеляцца досьведам прыватызацыі й эканамічных рэформау.

Генадзь Кесьнер

Радыё Рацыя