Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Паводле судовага выроку, рашэньне прафсаюзаў гарнякоў аб страйку прызнанае незаконным. Цяпер прафсаюзныя лідэры асьцерагаюцца, што адміністрацыя "Беларуськалію" сама справакуе 5-ціхвілінны страйк, і гэта дасьць магчымасьць забараніць дзейнасьць прафсаюзу.

30 студзеня судзьдзя Менскага абласнога суду Генадзь Камель вынес рашэньне па зыску вытворчага аб'яднаньня "Беларуськалій" да прафсаюзнае арганізацыі прадпрыемства й Незалежнага прафсаюзу гарнякоў аб прызнаньні незаконным рашэньня аб правядзеньні страйку 1 лютага.

Нагадаем: рашэньне пра страйк было прынята на мітынгу гарнякоў, што прайшоў у Салігорску на стадыёне "Трактар" 11 студзеня. Удзельнікі мітынгу патрабавалі адмены да 1 лютага Пастановы Савету Міністраў Беларусі, што скасавала безнаяўны парадак пералічэньня прафсаюзных унёскаў. У адваротным выпадку - было заяўлена аб намеры правесьці папераджальны пяціхвілінны страйк.

Адміністрацыя "Беларуськалію" ў сваім зыску заявіла, што на прадпрыемстве ідзе падрыхтоўка да забастоўкі. Яе быццам бы праводзяць прафсаюзная арганізацыя й Незалежны прафсаюз гарнякоў, якія, разам зь іншымі прафсаюзнымі арганізацыямі, зьяўляліся толькі арганізатарамі мітынгу. Паводле адміністрацыі, рашэньне аб правядзеньні страйку супярэчыць некаторым артыкулам Працоўнага кодэксу, у прыватнасьці, ня выкананы парадак вырашэньня працоўных спрэчак, і таму рашэньне аб страйку павінна быць адмененае.

У другой палове дня 31 студзеня, напярэдадні абвешчанага страйку, закончылася сумеснае паседжаньне двух прафкамаў і страйкаму на "Беларуськаліі", на якім прынята рашэньне. Рацыі паведамляе пра гэтае рашэньне кіраўнік Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Віктар Бабаед.

В.Б.: - У сувязі з тым, што суд вынес палітычна арыентаванае рашэньне аб незаконнасьці будучай акцыі, мы можам падыграць адміністрацыі на тое, каб прэзыдэнт выдаў Указ аб забароне дзейнасьці двух прафсаюзаў. Таму мы вырашылі: акцыю не праводзіць, а скіраваць усе намаганьні на правядзеньне акцыі пратэсту, якая будзе адбывацца строга ў межах закону.

Прафсаюзы зьбіраюцца распачаць працэдуру калектыўнае спрэчкі з адміністрацыяй, а таксама ініцыяваць правядзеньне дзьвюх канфэрэнцый. Адна зь іх прызначаная ўжо на 19 лютага. Днём пазьней, ці раней, адбудзецца другая. Між тым, калі ўсё будзе ісьці законным шляхам, працэдура калектыўнае працоўнае спрэчкі з адміністрацыяй можа расьцягнуцца на 3-4 месяцы.

Ці ня будзе на той час скасаваньне безнаяўнага парадку пералічэньня прафсаюзных унёскаў ужо неактуальным. Паводле інфармацыі спадара Бабаеда, дзесьці 12-14 лютага Савет Міністраў зьбіраецца ўнесьці нейкае дапаўненьне ў сумнавядомую Пастанову. Але гэта, на ягоную думку, не палепшыць становішча Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай. Прафсаюз гарнякоў і прафсаюзную арганізацыю "Беларуськалію" можа напаткаць, зь меркаваньня спадара Бабаеда, іншая небясьпека.

В.Б.: - Ёсьць асьцярогі, што адміністрацыя сама справакуе 5-ціхвілінны страйк, потым падлічыць эканамічныя страты й, маючы на руках рашэньне суду, зьвінаваціць прафсаюзы. А гэта дасьць магчымасьць забараніць іхную дзейнасьць ці праз суд, ці праз указ прэзыдэнта.

Пад час судовага разьбіральніцтва, што адбылося ў абласным судзе 29-30 студзеня, кіраўнікі прафсаюзу "Беларуськалію", іншых прафсаюзаў, што ўдзельнічалі ў арганізацыі мітынгу й прызнаныя судом суадказьнікамі, а таксама іхныя законныя прадстаўнікі не пагадзіліся з зыскам. Паводле іхных словаў, прафсаюзныя арганізацыі не прымалі рашэньня аб правядзеньні страйку.

Пра арганізаваньне яго гаворыцца ў рэзалюцыі мітынгу, за якую прагаласавала некалькі тысяч чалавек. Ці не баіцца цяпер беларускі Незалежны прафсаюз гарнякоў, які ў апошні момант адмовіўся ад правядзеньня страйку, зьвінавачаньняў за здраду інтарэсам працоўных? Адказвае кіраўнік прафсаюзу Віктар Бабаед.

В.Б.: - Не, мы не баімся. Няма нікога, хто ўступіў у спрэчкі з адміністрацыяй, апроч Незалежнага прафсаюзу й прафсаюзу супрацоўнікаў хімічных галін прамысловасьці. Два прафсаюзы - і то ня ў поўным складзе - вядуць барацьбу супраць гэтае Пастановы. Таму мы лічым, што мы ні перад кім нічым не абавязаныя, ні перад якімі працоўнымі. І наагул, калі працоўныя не падтрымалі ў шырокім маштабе нашае акцыі, мы будзем разглядаць гэта як тое, што іншых структураў, апроч нашае, у Беларусі не існуе. Мы будзем змагацца ў адзіночку й да канца.

Між тым, бліжэйшым часам прадстаўнікі Фэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі плянуюць правесьці пікетаваньне беларускае амбасады ў Маскве. Такім чынам найбуйнейшае расейскае прафсаюзнае аб'яднаньне плянуе выказаць пратэст супраць парушэньняў правоў прафсаюзаў у Беларусі. У межах гэтае акцыі, тэрміны якой пакуль не ўдакладненыя, на адрас прэзыдэнта й Ураду Беларусі будзе перададзеная адпаведная заява.

Апроч таго, на бліжэйшым паседжаньні Каардынацыйнага савету Фэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі й Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай плянуецца прыняць заявы на адрас уладаў Беларусі й Расеі аб недапушчальнасьці парушэньня правоў прафсаюзаў у нашай краіне, а таксама заклікаць нацыянальныя й міжнародныя прафсаюзныя структуры падтрымаць ініцыятыву Фэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі.

Галіна Жарко

Радыё Рацыя
0058648