Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Адміністрацыя Буша ініцыюе адмену гэтай папраўкі дачынна 9 краінаў СНД, у тым ліку Расеі й краінаў Сярэдняй Азі. "У Беларусі нярыначная эканоміка й парушаюцца правы чалавека" - заявілі Рацыі ў Дзярждэпартамэнце ЗША, дзе было прынятае рашэньне захаваць за Беларусьсю дыскрымінацыйную меру. Паводле інфармацыі Рацыі, адным з тых, хто выступіў супрць адмены для Беларусі папраўкі Джэксана-Вэніка, стаў кангрэсмэн Пітэр Дойч, які ў часе леташняга візыту ў нашу краіну цікавіўся станам габрэйскай меншасьці. Разам з тым, у МЗС Беларусі нам паведамілі, што ніякай шкоды гандлёвым стасункам ЗША й Беларусі гэтая папраўка не нясе.

Дыскрымінацыйная папраўка Джэксана-Вэніка была ўведзена амэрыканскім Кангрэсам у 1974 годзе дачынна Савецкага Саюзу, і зь ягоным распадам - аўтаматычна перанесеная на постсавецкія краіны, у ліку якіх аказалася й Беларусь. Папраўка не дазваляе Злучаным Штатам мець нармальныя гандлёвыя стасункі з краінамі, якія не праводзяць адкрытай эміграцыйнай палітыкі. Папраўка была своесаблівым адказам Злучаных Штатаў на факты антысэмітызму ў СССР, дзе габрэям забаранялася свабодна эміграваць.

Цяпер Адміністрацыя Буша ініцыюе адмену гэтай дыскрымінацыйнай папраўкі датычна Расеі, Украіны, Малдовы, Казахстану, Армэніі, Азэрбайджану, Таджыкістану, а таксама Ўзбэкістану й Туркмэніі, дзе маштабна парушаюцца правы чалавека. Як патлумачылі Рацыі ў Дзярждэпартамэнце ЗША, афіцыйны Вашынгтон імкнецца нармалізаваць гандлёвыя стасункі менавіта з гэтымі краінамі.

"Беларусь - заявілі ў Дзярждэпартамэнце ЗША - у гэты сьпіс не патрапіла з шэрагу прычын". Сярод іх былі названы парушэньні правоў чалавека, а таксама нярыначны характар беларускай эканомікі.

Разам з тым, крыніца Рацыі ў Дзярждэпартамэнце паведаміла, што Вашынгтон "расчараваны ўдзелам Менску ў антытэрарыстычнай кампаніі". Акрамя таго, адным з тых, хто выступіў супроць улучэньня Беларусі ў сьпіс краінаў, дачынна якіх папраўка Джэксана- Вэніка будзе адмененая, быў амэрыканскі кангрэсмэн Пітэр Дойч, які ў жніўні летась наведаў Беларусь. Прашчуры Дойча паходзяць зь Беларусі, і таму ў часе візыту адным з пытаньняў, якімі вельмі актыўна цікавіўся Пітэр Дойч, быў стан габрэйскай меншасьці ў гэтай краіне...

Афіцыйныя беларускія ўлады захаваньне дыскрымінацыйнай папраўкі Джэксана-Вэніка ня вельмі палохае. Як патлумачыў Рацыі кіраўнік аддзелу ЗША й Канады беларускага Міністэрства замежных справаў Ігар Губарэвіч, папраўка ніяк не ўплывае на гандлёвыя стасункі ЗША й Беларусі, бо прэзыдэнт ЗША яе штогод адмяняе.

І.Г.: - Гэтая папраўка дзейнічае ў дачыненьні да Беларусі ў адпаведнасьці з амэрыканскімі законамі. Яна штогадова пераглядаецца прэзыдэнтам ЗША, і штогадова дзеяньне гэтай папраўкі адмяняецца ў дачыненьні да нас. Перашкодаў для нашага гандлю з ЗША яна ніякіх практычных не дае. Папраўка Джэксана-Вэніка мае выключна псыхалягічнае значэньне. Проста яна была аўтаматычна перанесеная на ўсе дзяржавы, якія засталіся пасьля распаду СССР. І яна дзейнічае толькі таму, што працэдура адмены гэтай папраўкі ў Кангрэсе Злучаных Штатаў вельмі складаная й бюракратычная. І на адмену амэрыканцы пакуль што не ідуць. Аднак ніякіх прэтэнзіяў да нас па свабодзе міграцыі амэрыканцы не вылучаюць. І таму для нас рэжым нармальных гандлёвых адносінаў захоўваецца. Мы гандлюем спакойна й нармальна. Па тых жа правілах, як і ўсе краіны, якія гандлююць з ЗША. За выключэньнем тых, хто ня мае гэтага рэжыму

RR: - Як Вы мяркуеце, чаму Беларусь не патрапіла ў сьпіс краінаў, супроць якіх гэтая дыскрымінацыйная папраўка будзе адменена?

І.Г.: - Я ня ведаю, і ня стану спэкуляваць на тым, уціск гэта, ці не. Мы лічым, што гэтая папраўка Джэксана-Вэніка не павінна быць. Яе даўно трэба адмяніць. Але на гэтым этапе гэта немагчыма. Вы бачыце, што й у іншых постсавецкіх краінах гэта пакуль што ня вырашана. Мы вымушаны з гэтым існаваць.

Захаваньне для Беларусі дыскрымінацыйнай папраўкі Джэксана-Вэніка, як мяркуюць назіральнікі, дэманструе ступень зацікаўленьня Вашынгтону размарожваньнем стасункаў з афіцыйным Менскам.

Юрась Карманаў

Радыё Рацыя