Кастусь ЛАШКЕВІЧ, / Кастусь ЛАШКЕВІЧ

У першай палове мiнулага стагоддзя гэтае iмя грымела ў ЗША i Еўропе, а вось на абшарах

Уладзiмiр Аляксандравiч ДУКЕЛЬСКI (Вернан ДЗЮК/Vernon DUKE)

Нарадзiўся 10 кастрычнiка 1903 г. на станцыi Параф'янава Мiнскай губернi (Расiйская iмперыя).

Памёр 9 студзеня 1969 г. у Санта-Монiцы (Калiфорнiя, ЗША).  
                     
                    
Фота: Corbis

"вялiкага i магутнага" было амаль невядома. Нават тады, калi ягоныя хiтовыя джазавыя кампазiцыi праточвалiся праз жалезную заслону, савецкiя выканаўцы прымалi загадкавага Вернана Дзюка за чарговага негрыцянскака талента. Мiж тым, зорны брадвейскi кампазiтар, якi, напэўна, першым у свеце паспяхова і гэтак арганічна спалучыў напiсанне сур'ёзных акадэмiчных твораў з лёгкiмi папулярнымi песенкамi, нарадзiўся на Беларусi. I адбылося тое выключна воляю лёсу.
 
Хлопчык-вундэркiнд
 
Чаму воляю лёсу? А як яшчэ вытлумачыць тую акалiчнасць, што сына расiйскага iнжынера-пуцейца Аляксандра Дукельскага i Ганны Капыловай, у чыiх жылах была змяшаная грузiнская (ягоная бабуля — прынцэса Туманiшвiлi), расiйская, аўстрыйская ды iспанская кроў, закiнула на Беларусь? Пасля таго, як Аляксандра Дукельскага перавялi на работу ў Пскоў, ягоная цяжарная жонка выправiлася да мужа. Аднак не даехала. Схваткi пачалiся ў дарозе, i 10 кастрычнiка 1903 года на чыгуначнай станцыi Параф'янава, што на Докшыччыне, яна нарадзiла сына Ўладзiмiра.
 
Дзяцiнства Дукельскага прайшло на Ўрале i ў Крыме, а пасля заўчаснай смерцi бацькi мацi з двума сынамi пераязджае ў Кiеў. Музыкай Валодзя пачаў займацца, калi яму было сем год. У восем хлопчык-вундэркiнд ужо пiсаў сцэны для балета, а ў дзесяць яго без iспытаў прынялi ў Кiеўскую кансерваторыю. Настаўнiкамi Дукельскага сталi знакамiты музыказнаўца i пiянiст Балеслаў Яворскi i самы тытулаваны кампазiтар дарэвалюцыйнай Расii Рэйнгольд Глiэр.
 
Шлях на выгнанне
 
А потым на абсягах Iмперыi выбухнуў бальшавiцкi пераварот ці рэвалюцыя. Пачалася грамадзянская вайна, i, як многiя дваранскiя сем'i, Дукельскiя падалiся эмiграцыю ў акупаваны войскамi Антанты Канстанцiнопаль.
 
Там Уладзімір па-сур'ёзнаму ўключаецца ў культурнiцкае жыццё. Зарабляе акампанiятарам i мастацкiм кiраўнiком у клубе для палiтуцекачоў "Русский маяк", разам з Барысам Паплаўскiм стварае канстанцiнопальскi "Цех поэтов".
 
Менавiта ў старажытным горадзе Ўладзiмiр Дукельскi адкрыў для сябе музыку, якая перавярнула ягонае жыццё з ног дагары. "Я выпадкова пачуў колькi факстротаў, якiя здзiвiлi мяне сваёй рытмiчнай свежасцю, — распавядаў Дукельскi ў iнтэрв'ю рускай службе "Радыё Свабода" ў 1955 годзе. — Тады быў самы пачатак джазу i музыка Iрвiнга Берлiна, Джорджа Гершвiна толькi пачынала заваёўваць прызнанне за межамi Амерыкi. У лiку кампазiцый была песня Гершвiна "Swanee". Гэта быў уанстэп, выключна кур'ёзны, гарманiчная арыгiнальнасць якога зрабiла на мяне вялiкае ўражанне. Я пачаў пераймаць амерыканскую музыку".
  
2 лiпеня 1921 году Дукельскiя пакiдаюць борт карабля "Кароль Аляксандр" у Нью-Ёрку. Цiкава, што ў эмiграцыйнай анкеце Дукельскага ў графе "Этнiчная прыналежнасць" было пазначана "галандзец, расiец". 
 
Мiж дзвюма светамi 
 
У Штатах знаёмыя iмiгранты звялi Дукельскага з адным з самых папулярных амерыканскiх кампазiтараў Джорджам Гершвiнам (Гершовiчам), бацькi якога, дарэчы, iмiгравалi за акiян з Магiлёва. Гершвiн, чые творы ў той час страсалi Брадвей, пажадаў таленавiтаму пачаткоўцу, па-першае, паспрабаваць сябе ў лёгкiх жанрах, i па-другое, амерыканiзаваць iмя, калi той хоча дасягнуць вяршыняў у папулярнай культуры. "Ня бойцеся, што станеце прымiтыўным", — настаўляў ён.
  
Гэтак Уладзiмiр Дукельскi ператварыўся ў Вернана Дзюка, аднак здрадзiць акадэмiчнай музыцы адразу не рашыўся. Насамперш ён прадстаўляе ў нью-ёркскiм Карнэгi-Холе ўверцюру паволе драмы Гумiлёва "Гондла", сканчае распачаты яшчэ ў Кiеве "Фартэпiянны канцэрт", якi атрымаў дадатныя ацэнкi ад свяцiлаў расiйскай культуры ў выгнаннi — Дзягiлева, Стравiнскага i Пракоф'ева. Тады 21-гадовы Дукельскi плыве ў сталiцу расiйскай эмiграцыi Парыж, i становiцца самым маладым кампазiтарам легендарных "Рускiх балетаў Сяргея Дзягiлева". У 1925-м на суд публiкi прадстаўлены ягоны балет "Зефир и Флора", затым — "Ивонна", "Жёлтая маска"…
 
Ягоныя "сур'ёзныя" і "лёгкія" творы дзесяткi, сотнi раз iдуць у найбуйнешых тэатрах Парыжа, Лондана i Вены. Сяргей Пракоф'еў пераконваў сяброў: "Вось ён, новы вялiкi кампазiтар!" Легендарны  Сяргей Кусявiцкi дырыжыраваў ягонымi сiмфонiямi. Пабла Пiкаса, Фёдар Шаляпiн, Жан Както, Како Шанэль лiчылi Дукельскага сваiм прыяцелем.
 
Еўрапейскi трыюмф дапамог яму прыгадаць парады Гершвiна. "Нягледзячы на ўхваляльныя
Уладзімір Дукельскі (справа) з паэтам Айрам Гершвінам
рэцэнзii i вялiкае задавальненне ад поспеху, я зразумеў, што жыць на грошы, заробленыя ад балетаў i сiмфонiй, зусiм немагчыма
, — распавядаў Дукельскi ў iнтэрв'ю. — Кампазiтар у Еўропе i Амерыцы, калi ён не выканаўцы-вiртуоз цi не дырыжор, цi, у скрайнiм разе, не педагог, пражыць на заробак ад сур'ёзнай музыкi не ў стане". 
 
На вяршынi славы
 
У 1929-м годзе наш герой вяртаецца ў ЗША i атрымлiвае амерыканскае грамадзянства. Ва ўсiх дакументах ён згадваецца пад iмем Вернан Дзюк, якое i ўвайшло ў гiсторыю амерыканскай музыкi нароўнi з iншымi легендарнымi кампазiтарамi — Берлiнам, Гершвiнам, Портэрам, Кернам… Аднак сваё сапраўднае iмя — Уладзiмiр Дукельскi — кампазiтар не пахаваў у мінулым, а надалей выкарыстоўваў выключна для акадэмiчных твораў i расiйскамоўнай лiтаратуры.
 
Вернан Дзюк дасягнуў вяршынi папулярнасцi музыкай да брадвейских рэвю "Ziegfeld Follies 1934" (1933), "Ziegfeld Follies 1936", (1935), кiнарэвю "Goldwyn Follies 1938" (1937), музычнай камедыi "Cabin in the Sky" (1940)… Ягоныя джазавыя хіты "April in Paris", "Autumn In New York", "I Can't Get Started", "Taking A Chance on Love" прадавалiся мiльёнамi i назаўжды ўвайшлi ў залатую скарбонку сусветнай музыкi. Словы да яго кампазiцый пiсалi найлепшыя паэты-песеннiкi (Айра Гершвiн, Джоннi Мерсер, Йiп Харбург, Сэммi Кан, Уолтэр Дiтц…), а выконвалi iх найлепшыя музыкі ўсiх часоў i народаў (Тонi Бэнет, Чарлi Паркер, Эла Фiцджэральд i Луi Армстранг, Бiлi Холiдэй, Бэнi Гудман, Фрэнк Сiнатра, Хулiа Iглесiас).
 
У 1950-х Вернан Дзюк пераязджае ў Калiфорнiю, дзе пiша музыку для галiвудскiх фiльмаў "She Is Working Her Way Through College" ("Яна хоча вывучыцца ў каледжы" з будучым прэзiдэнтам Рональдам Рэйганам у адной з роляў) i "April in Paris" ("Красавiк у Парыжы" з Дорыс Дэй i Рэем Болджэрам). 
 
"Чалавек Захаду" i руская паэзiя
 
 Свае ангельскамоўныя мемуары "Passport to Paris" ("Парыжскi пашпарт", 1955) Уладзімір Дукельскi выдаў "у якасцi Дзюка, амерыканца i чалавека Захаду", аднак яго ўвесь час цягнула да расiйскай культуры. I ён здзiўляў. То рабiў нечаканыя рэпартажы i тэматычныя праграмы для рускай службы "Радыё Свабода", то пасля 59 год надрукаваў чатыры зборнiкi вершаў i паэтычных перакладаў. 
 
"Дастаткова прыгадаць, — пiсаў расiйскi паэт i крытык у ЗША Ўладзiмiр Маркаў, — што музыка яго друкавалася i выконвалася Кусявiцкiм; што сярод ягоных твораў можна знайсцi чароўную оперу "Барышня-крестьянка" паводле Пушкiна и кантату "Конец Санкт-Петербурга" на словы Ламоносава, Дзяржавiна, Пушкiна, Цютчава, Ахматавай i Маякоўскага, што нi адна з ягоных музычных камедый была баевiком на Брадвее… што ён пiсаў процьму артыкулаў на музычныя тэмы; што ён — старшыня Таварыства забытай музыкі; што ягоныя балеты Le Bal des Blanchisseuses i Lady Blue пастаўлены Раланом Пецi ў Парыжы. Музыка, які паспрабаваў усё ў музыцы, цяпер урываецца ў лiтаратуру… Ягоныя вершы арыгiнальныя, з тэхнiчным бляскам i страката-святочныя, што асаблiва кiдаецца ў вочы на тле рускага паэтычнага замежжа". 
 
Настаўнiк i сябар Дукельскага Сяргей Пракоф'еў з надзвычайнымi цяжкасцямi дабiўся для яго права вярнуцца ў СССР. Амерыканец вырашыў быў ехаць, але ў апошнi момант адмовiўся.
 
19 студзеня 1969 году падчас паўторнай аперацыi рака лёгкiх сэрца Дзюка-Дукельскага перастала бiцца. Яго пахавалi на мемарыяльных могілках Санта-Монікі, горада, дзе ён прабавіў астатнюю частку жыцця. У 1993 годзе, згодна з завяшчаннем, ягоны прах быў развеяны над морам. 
 
У Беларусi імя вялікага кампазітара па-ранейшаму малавядомае. Дагэтуль нiшто не нагадвае пра легендарнага ўраджэнца Докшыччыны. 
 
 
У праекце "Як TUTэйшыя змянялi свет" таксама чытайце:

 
{banner_819}{banner_825}
-10%
-20%
-30%
-10%
-10%
-21%
-30%
-12%
0063408