Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


30 студзеня 1922 году ў цэнтры Менску, у невялікім будынку на вуліцы Рэвалюцыйнай, запачаткавалася навуковая ўстанова, якая ў 1929 годзе ператварылася ў Нацыянальную Акадэмію навук.

Сёньня ў будынку на Рэвалюцыйнай, 15 сярод іншых установаў месьціцца Навукова-асьветніцкі цэнтар імя Францішка Скарыны. Гутарым з заснавальнікам Скарынаўскага цэнтру, славутым беларусазнаўцам, культуролягам, прэзыдэнтам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Адамам Мальдзісам:

А.М.: - Мы перажываем вялікую дату ў гісторыі беларускай культуры. Але, на жаль, кожны паасобку. Я папросту зьдзіўлены - 30 студзеня не адзначыць гэтую падзею урачыстым паседжаньнем! Я нагадваў многім дзеячам, што гэта будзе непавага да нашай гістарычнай спадчыны. Бо ж працы, што ствараліся на пачатку 1920-х гадоў, маюць выключнае значэньне й сёньня, напрыклад, у галіне тэрміналёгіі. Інбелкульт за 1922-1928 гады выдаў больш тэрміналягічных зборнікаў, чым было выдадзена за ўсе астатнія гады.

Сярод бацькоў-заснавальнікаў сучаснай беларускай навуковай сыстэмы - Усевалад Ігнатоўскі, Аркадзь Смоліч, Максім Гарэцкі, Ян Луцэвіч, Мікола Шчыкаціхін, Канстанцін Міцкевіч, Язэп Дыла ды шмат іншых.

У Скарынаўскім цэнтры вісіць стэнд з фотаздымкамі ста рэпрэсаваных супрацоўнікаў Інбелкульту.

А.М.: - Ня ўсе яны загінулі, некаторыя былі рэабілітаваныя, некаторых нават вызвалілі. Але факт застаецца фактам: квецень беларускай нацыі падлегла рэпрэсіям.

Калісьці Скарынаўскі цэнтар зрабіў апытаньне сярод сучасных навукоўцаў, каб скласьці рэйтынг найвыбітнейшых "інбелкультаўцаў". 35 першых імёнаў выбітыя на мэмарыяльнай дошцы, якая даўна чакае, каб трапіць на фасад гістарычнага будынку. На думку крытыка й беларусазнаўца Сяргея Дубаўца, рэйтынг мае ўмоўны характар:

С.Д.: - Ва ўсіх людзей, якія стваралі Інбелкульт, адзін рэйтынг. Тое, што яны стваральнікі - гэта ёсьць іхны максымальны рэйтынг, - у параўнаньні з нашым часам, калі акадэмічная навука фактычна заняпала, асабліва гуманітарная сфэра, гэтыя людзі, якія стваралі Інбелкульт у шчырым парываньні, - амаль як сьвятыя. Які можа быць рэйтынг у сьвятых людзей?!

Пра вяртаньне слаўных імёнаў у сучаснае беларускае жыцьцё прыгадвае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі: - Памятаю, у свой час у часопісе "Крыніца" публікавалі гістарычныя нарысы Ўсевалада Ігнатоўскага. Выдавец тагачаснай газэты "Свабода" Павал Жук прачытаў і сказаў: "Клясны мужык! Выдатна піша пра гісторыю. Дзе б яго знайсьці, каб папрасіць пісаць для "Свабоды"?"

Доўгі час сталінскай і постсталінскай эпохі імёны большасьці "інбелкультаўцаў" былі фактычна забароненыя для шырокага ўжытку. Навукоўцы мелі кляймо варожых бальшавікам буржуазных нацыяналістаў. Зрэшты, сытуацыя сёньня мала зьмянілася. Адраджэнскія ідэалы заснавальнікаў Інбелкульту не стасуюцца з сучаснай афіцыйнай ідэалёгіяй Рэспублікі Беларусь.

А.М.: - Я перакананы, што адлік існаваньня сёньняшняй Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі трэба весьці не з 1929 году, як гэта звычайна робіцца, а з 1922 году. Чаму? Таму што ў 1922 годзе была вынесеная пастанова "Аб рэарганізацыі Інбелкульту ў Беларускую акадэмію навук".

Што да будучыні, Сяргей Дубавец не выключае, што супрацоўнікі Скарынаўскага цэнтру могуць паўтарыць лёс Інбелкульту. У кожным выпадку, выбітныя імёны жывуць вечна

Севярын Квяткоўскі

Радыё Рацыя
,