Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Акрамя спадарыні Цапф, Менск наведаюць парламэнтар са Швэцыі Урбан Алін, а таксама новы сябра рабочай групы Хэлена Дэмакава з Латвіі. Магчыма, да іх далучыцца яшчэ адзін новаабраны ўдзельнік рабочай групы - спадар Райс з Партугаліі.

Як нам паведамілі ў беларускім МЗС, 25 студзеня на імя міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова паступіла пасланьне ў адказ ад старшыні спэцыяльнай рабочай групы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ па Беларусі Уты Цапф, у якім гаворыцца пра яе намер наведаць Беларусь у чарговы раз з 3 па 5 лютага гэтага году. Са словаў прадстаўніка МЗС Паўла Латушкі, у лісьце падкрэсьліваецца неабходнасьць працягу канструктыўнага дыялёгу групы з кіраўніцтвам краіны, які меў шматабяцальны пачатак у часе папярэдняга візыту сябраў рабочай групы ў лістападзе мінулага году. Адпаведна з пажаданьнямі Уты Цапф міністэрства працуе над праграмай яе візыту.

П.Л.: - Ута Цапф запрасіла й выказала пажаданьне правесьці сустрэчы з кіраўніцтвам палат Нацыянальнага сходу, а таксама з кіраўніцтвам адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Плянуецца сустрэча зь міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым. Плянуецца сустрэча з прадстаўнікамі палітычных партыяў і сродкаў масавай інфармацыі ды іншых сегмэнтаў грамадзянскай супольнасьці. Сярод галоўных тэм для абмеркаваньня Ута Цапф назвала разьвіцьцё беларускага заканадаўства па пашырэньні паўнамоцтваў парлямэнту й свабоды СМІ, пэрспэктывы супрацоўніцтва з КНГ АБСЭ, а таксама іншыя пытаньні, якія ўяўляюць узаемны інтарэс.

Як адзначыў прадстаўнік МЗС, праграмай не прадугледжваецца сустрэча дэлегацыі на чале з Утай Цапф з кіраўніком Беларусі. Тым ня менш беларускія ўлады маюць вялікія спадзяваньні на гэты візыт парлямэнтароў АБСЭ.

П.Л.: - Мы надаем вялікае значэньне пасьпяховай рэалізацыі згаданага візыту з прычыны важнасьці наладжваньня канструктыўнага ўзаемадзеяньня з кіраўніцтвам Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, а таксама зыходзячы з таго разуменьня, што справаздача дэлегацыі па выніках паездкі будзе знаходзіцца ў аснове рашэньня, якое прыме Сталы камітэт Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў канцы лютага адносна прызнаньня паўнамоцтваў Нацыянальнага сходу Беларусі ў асамблеі. Гэта рашэньне будзе разглядацца ў лютым бягучага году й мы спадзяемся на пазытыўны разгляд гэтага рашэньня.

Прадстаўнік беларускага МЗС, аднак, не пажадаў распавесьці пра зьмест патрабаваньняў, якія афіцыйны Менск мае выставіць адносна дзейнасьці КНГ АБСЭ ў Менску. Гэтае пытаньне, маўляў, будзе абмяркоўвацца ў часе візыту, а нейкія заявы можна будзе зрабіць пасьля.

У інтэрвію Рацыі Ута Цапф адзначыла: - Сёньня мы мусім гаварыць не пра мінулае, а пра будучае. Галоўнае зараз тое, што мандат місіі АБСЭ захоўваецца й надалей, і задача ў тым, каб як мага хутчэй акрэдытаваць наступніка спадара Віка, гэтая асоба ўжо названая - спадар Эбэргард Хайкэн. Я лічу яго выдатным чалавекам. На маю думку, у гэтай цяжкой сытуацыі ён здолее працаваць вынікова. Гаворка ідзе пра карпаратыўную працу місіі АБСЭ зь беларускімі ўладамі. Гэтае пытаньне будзе вырашацца на ўзроўні міністраў АБСЭ. І я ахвотна выступлю з адпаведным дакладам, дзе акцэнт зраблю на тым, што мінулыя канфлікты не павінны ўплываць на сытуацыю ў будучыні.

Пакуль невядома, ці ўдасца ў часе лютаўскага візыту спадарыні Цапф, кіраўніцы рабочай групы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ па Беларусі наладзіць стасункі паміж афіцыйным Менскам і АБСЭ. Адназначна, што беларускія ўлады пакуль не пайшлі на выкананьне адпаведных патрабаваньняў, каб заняць вакантнае месца ў Парлямэнцкай Асамблеі.

Аляксандар Дашчынскі

Радыё Рацыя