Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


СЯМЁН ШАРЭЦКІ, старшыня Вярхоўнага Савету РБ

Як стала вядома, 27 лістапада 2000 г. са сваіх пасадаў былі зьнятыя Віктар Шэйман, Уладзімер Мацкевіч і Алег Бажэлка, хоць апошні і быў прызначаны на яе незаконна. Незадоўна перад гэтым пакінулі свае пасады Сяргей Лінг і Рыгор Кісель, а яшчэ раней – Іван Антановіч. Усе яны аддана служылі дыктатарскаму рэжыму, створанаму ў Беларусі з дапамогай расейскіх шавіністычных колаў, але па нацыянальнасьці былі беларусы. Іх месцы занялі цяпер пасланцы Масквы, многія зь якіх зьяўляюцца афіцэрамі расейскіх спэцслужбаў.

Апошні кадравы ператрус у шэрагах дыктатарскага рэжыму не павінен ужо ў нікога не выклікаць сумневу, што, гаворачы словамі кіраўнікоў Расейскай Фэдэрацыі, у Беларусі заканчваецца “зачыстка” існуючага рэжыму ад саміх беларусаў. Тым больш, што гэта пацьвярджаецца і абраньнем кіраўніка так званай “Палаты” – таксама па нацыянальнасьці рускага, які ўжо, дарэчы, пасьпеў зьняважыць беларускую мову.

Па свайму нацыянальнаму складу пануючы ў нашай краіне дыктатарскі рэжым зараз зьяўляецца амаль цалкам расейскім, а ў адносінах да Беларусі – акупацыйным. Наступным крокам, які можа адбыцца на Беларусі, мабыць, стане адхіленьне ад улады самога дыктатара і замена яго на менш амбітную і больш прыймальную для Расеі асобу, або прымус сёньняшняга дыктатара здаць дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі на прапануемых расейскімі шавіністамі ўмовах…

…Апошні наступ расейскага шавінізму сьведчыць, што пры дасягненьні сваіх злачынных мэтаў ён не супакоіцца ні перад чым, і ніякіх справядлівых дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбараў пры сытуацыі, якая склалася, у Беларусі ня будзе.

Таму адзіным крокам, што можна сёньня супрацьпаставіць наступствам прарасейскага акупацыйнага рэжыму, зьяўляецца, як я ўжо прапаноўваў у сваёй папярэдняй заяве, стварэньне часовага Ўраду нацыянальнага даверу, які зможа аб’яднаць усе дэмакратычныя сілы ў краіне і разам з ВС арганізуе сапраўдныя свабодныя выбары як парляманта, так і прэзыдэнта РБ.

Як старшыня ВС яшчэ раз заяўляю, што гатовы, згодна з Канстытуцыяй РБ узяць на сябе ўсю адказнасьць і прыступіць на гэты конт да перамоваў з усімі сіламі, зацікаўленымі ў захаваньні незалежнасьці Беларусі і вяртаньні яе на дэмакратычны шлях разьвіцьця.

СЯРГЕЙ НАВУМЧЫК, журналіст радыё Свабода

Сёньняшнія падзеі абвяргаюць прагнозы тых, хто лічыў, што з прыходам Пуціна Масква адмовілася ад прэтэнзіяў на Беларусь. Выглядае, ісьціна ў іншым: гэтыя прэтэнзіі пазбавіліся схалястычнасьці й набылі характар выверанай, паэтапнай акцыі.

Цягам апошняга часу ключавыя пасады ў апараце міністэрства абароны, КГБ, міністэрства ўнутраных справаў, у памежных войсках і ў мытні занялі этнічныя расейцы; некаторыя зь іх, паводле пэўных зьвестак, нават не пазбавіліся грамадзянства Расейскай Фэдэрацыі.

Тое, што сёньня расейцы, прычым непасрэдна зьвязаныя з маскоўскімі спэцслужбамі, канчаткова ўзялі пад кантроль сілавыя ведамствы – яшчэ не азначае, што Масква пачынае працэс адсоўваньня Лукашэнкі ад улады. Але калі б Крэмль паставіў такую мэту – ён проста абавязаны быў бы прымусіць Лукашэнку зрабіць тое, што адбылося сёньня.

Пры такім варыянце падзеяў Лукашэнка губляе кантроль над ключавымі сілавымі ведамствамі і можа рыхтавацца да нейкага новага, зусім не камфортнага жыцьця. Праблема ў тым, што наступным крокам Масквы можа быць – ужо пры новым прэзыдэнце – пазбаўленьне Беларусі незалежнасьці.

ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ, палітоляг

Я думаю, што супярэчнасьці паміж сілавымі структурамі дасягнулі такой мяжы, што сталі небясьпечнымі для існаваньня самаго рэжыму. І зьяўленьне ў Інтэрнэце інфармацыі аб зьнікненьні Завадзкага менавіта аб гэтым і сьведчыць. Карпаратыўныя інтарэсы, асабліва ў сілавых структурах, сталі пераважаць над інтарэсамі рэжыму наогул і яго кіраўніка. І гэта стала небясьпечна для Лукашэнкі, асабліва перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

Гэта азначае, што намэнклятура асьмялела і пачала гуляць у нейкія свае гульні, якія разыходзяцца з інтарэсамі ўсяго рэжыму і інтарэсамі Лукашэнкі ў першую чаргу. Гэтыя супярэчнасьці маглі прывесьці да таго, што маглі б стаць вядомымі нейкія факты аб зьнікненьні людзей, якія Лукашэнка хацеў бы схаваць.

Таму Лукашэнка хоча кансалідаваць кіраўнічую каманду напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, хоча паказаць, хто ў доме гаспадар, і гэта ўрок для ўсёй намэнклятуры.

Акрамя гэтага, можна даць і такі адказ, што Лукашэнка спрабуе стварыць новы імідж рэжыму і строгага, але справядлівага кіраўніка, які не пашкадаваў нават блізкіх сяброў. Тут можна правесьці аналёгію, калі Ельцын напярэдадні другіх прэзыдэнцкіх выбараў памяняў усю каманду сілавікоў – і тым самым атрымаў значна большую колькасьць галасоў выбаршчыкаў.

Я вельмі скептычна стаўлюся да вэрсіі, што Лукашэнка – гэта марыянэтка Масквы, што Масква стаіць за кожным крокам Лукашэнкі, што яна торгае за вяровачкі. Я думаю, мы перабольшваем уплыў Крамля на палітычныя паводзіны Лукашэнкі, на кадравыя перастаноўкі.

А што да таго, што ўсе новыя прызначэнцы рускія – дык гэта, магчыма, некаторую ролю адыгрывае. Паводле Канстытуцыі 96-га году, будучым прэзыдэнтам можа стаць толькі грамадзянін, які нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі – ня вельмі зразумелая юрыдычная фармулёўка, але калі людзі прыехалі ў Беларусь, а не нарадзіліся тут – гэта ставіць пад сумненьне іхную магчымасьць змагацца за пасаду прэзыдэнта. І, магчыма, ён ставіць людзей, якія пры любых абставінах ня будуць спрачацца зь ім за пасаду прэзыдэнта.

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК, старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ

Ёсьць правілы расейскай палітыкі, і калі адбываецца ўнутраная акупацыя краіны, то яна ідзе паводле адпаведных стандартаў. Першым чынам займаюцца ключавыя пасады, ключавыя пазыцыі, другім чынам займаюцца ўсе ключавыя інфармацыйныя пазыцыі, потым зьнішчаецца аснова для пратэсту – гэта закрываюцца школы, зьнішчаецца ўсё нацыянальнае, ствараецца сваё лёбі ў апазцыі або свая апазыцыя, і толькі пасьля гэтага ўмацаваньня адбываецца рашаючы крок – выганяюцца ўсе людзі па этнічнай прыкмеце. І вось зараз гэта адбываецца. І тое, што і Шэйман будзе зьняты, Пашкевіч, і Бажэлка… усе гэтыя людзі…і Антановіч, які вельмі быў аддадзены – гэта ўсё вядомае гісторыку. Гісторык, які вывучае гісторыю Візантыі і Расеі, павінен гэта ведаць. Тым больш мы маем 30-40 гады, маем дзейнасьць НКВД і дастаткова добра яе вывучалі, а цяпер да ўлады ў Расеі прыйшла НКВД. На Беларусі гэта дабылося трошкі раней. Яна ня будзе праводзіць марсыянскую палітыку, гэтая арганізацыя, яна будзе праводзіць сваю, згодна сваім уяўленьням і правілам, мэнтальнасьці. І яны гэта робяць. Лукашэнка – гэта іхная крэатура. І як толькі гэтая крэатура выканае ўсё, што ім трэба, яны яе прыбяруць.

Стратэгічная задача Масквы – захаваць свой уплыў на Беларусь. І для таго, каб захаваць свой уплыў на Беларусь, яны павінны гарантаваць сябе ад усялякіх выпадковасьцяў. Лукашэнка зараз поўнасьцю ў іх руках, ён стараецца неяк праявіць пэўную сваю самастойнасьць, нічога з гэтага не арымліваецца, таму тое, што зараз адбываецца, сьведчыць аб тым, што Лукашэнка перастае канчаткова быць самастойнай асобай. Ідзе падрыхтоўка да выбараў прэзыдэнта, і Масква ўсё больш схіляецца да таго, каб зрабіць югаслаўскі варыянт – каб знайсьці свайго Каштуніцу, і зусім верагодна, што нехта з гэтых зьнятых людзей, будзе выконваць гэтую ролю Каштуніцы, хутчэй за ўсё Мясьніковіч, якога таксама здымуць.
,