Язэп ШЧАБЛОЎСКІ,

На мінулым тыдні на выніковым пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры міністр Уладзімір Мацвяйчук паведаміў, што да 2010 года мае быць падрыхтавана дасье для ўнясення фартыфікацыйных збудаванняў Брэсцкай крэпасці ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. Колькі беларускіх аб’ектаў ужо ўключаны ў згаданы спіс і якія яшчэ на гэта прэтэндуюць? Якія выгады дае высокі міжнародны статус? “Тут і цяпер” знайшла адказы на гэтыя пытанні.

“Прадстаўніцтва ў Спісе сусветнай спадчыны ЮНЕСКА — справа дзяржаўнага прэстыжу, сведчанне таго, што краіна ёсць частка сусветнай цывілізацыі, — распавядае нам старшыня рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. — У 1992 годзе першым на тэрыторыі былога СССР у спіс быў уключаны Нацыянальны парк “Белавежская пушча”. Следам за ім — Мірскі (2000) і Нясвіжскі (2005) замкі, а таксама геадэзічная дуга Струвэ. То бок і прыродныя, і гісторыка-культурныя аб’екты, што прэстыжна ўдвая. Распаўсюджана меркаванне, што з уключэннем у Спіс ЮНЕСКА грошы пасыплюцца залатым дажджом. Гэта не так, бо туды ўносяцца аб’екты, утрыманне і рэстаўрацыю якіх дзяржава спраўна фінансуе. Натуральна, існуе сістэма міжнародных грантаў, але яны невялікія (20-40 тысяч еўра) і выдаюцца пад канкрэтныя мэты”.

Якія яшчэ беларускія дзівосы могуць прэтэндаваць на прызнанне міжнароднай супольнасці?

Сёння ў Дзяржспісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў больш за 4,7 тысячы аб’ектаў. Наша заканадаўства дзеліць іх на чатыры катэгорыі: 3-я — мясцовага значэння, 2-я — рэспубліканскага, 1-я — міжнароднага, 0-я — помнікі, якія ўнесены ці прапанаваны ў Спіс ЮНЕСКА. Да апошняга часу апроч вышэйзгаданых нулявую катэгорыю мелі Каложская царква ў Гродне, сталічны праспект Незалежнасці, Камянецкая вежа і Аўгустоўскі канал. На згаданым пасяджэнні ў Мінкультуры Мацвяйчук таксама паведаміў, што беларускі бок ужо прадставіў у ЮНЕСКА дасье “Аўгустоўскі канал — твор чалавека і прыроды”. Акрамя гэтага, падрыхтаваны дакументы “Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны святой Ефрасінні Полацкай”. На стадыі распрацоўкі яшчэ два: “Драўлянае дойлідства беларускага Палесся” і “Культавыя пабудовы абароннага тыпу”.

У той жа час Мінкультуры адмовіла грамадскай прапанове аб намінацыі для ўнясення ў Спіс ЮНЕСКА ўрочышча Курапаты пад Мінскам — месца вынішчэння ахвяр палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў. “Паводле вызначаных міжнародных нормаў [аб’ект] не можа быць аднесены да выдатнай сусветнай каштоўнасці, якая мае культурную значнасць і выходзіць за нацыянальныя межы”, — гаворыцца ў лісце намесніка культуры Уладзіміра Грыдзюшкі на імя старшыні Таварыства аховы помнікаў.

“Дамагчыся ўключэння ў Спіс ЮНЕСКА — надзвычай складаная задача, — працягвае Антон Астаповіч. — Толькі для падачы заявы (паводле міжнародных нормаў, яе складаннем займаюцца выключна дзяржорганы — Мінкультуры, МЗС, Камісія па справах ЮНЕСКА) неабходна выканаць усе пункты 20-старонкавага нарматыўнага дакумента ажно да коскі. Акрамя гэтага, цяперашняя тэндэнцыя такая, што ў спіс амаль не заносяць адзінкавыя аб’екты, аддаючы перавагу ансамблевай забудове. Гэтак была адхілена прапанова Беларусі, што тычылася Камянецкай вежы. Замест яе парэкамендавалі падрыхтаваць супольную заяву з Польшчай і Украінай, дзе захаваліся падобныя помнікі галіцка-валынскага абароннага дойлідства XII-XIII стагоддзяў”.

Спадар Астаповіч падкрэслівае, што прапаноўваючы на разгляд ЮНЕСКА адны аб’екты, дзяржавы нішчаць іншыя. “Так, у Нясвіжскім замку падчас рэстаўрацыі парушаны ўсе магчымыя законы і методыкі. Ведаю, што польскія кансерватары ўжо ініцыіравалі выключэнне замка са Спіса ЮНЕСКА і падрыхтавалі дасье са шматлікімі парушэннямі ў часе рэстаўрацыі. Таварыства аховы помнікаў гатова падтрымаць гэтую прапанову.

У нас ёсць шмат пытанняў і па рэканструкцыі Мірскага замка. Многа гаворыцца пра Аўгустоўскі канал. А мне хочацца запытацца, ці ўвязаны турыстычныя планы Мінкульта і Мінспорту і турызму з Міністэрствам энергетыкі, бо ўсім вядома, што на Нёмане пабудуюць Гродзенскую ГЭС? Дагэтуль невядома, ці прадугледжаны ў праекце шлюзавыя камеры, без якіх ні пра якое развіццё канала не выпадае гаварыць”
, — лічыць эксперт.

Дадамо, што рэальная пагроза навісла і над найстаражытным храмам Беларусі — Каложскай (Барысаглебскай) царквой другой паловы XII стагоддзя ў Гродне. Каб зрабіць помнік больш прывабным для турыстаў, мясцовыя ўлады вырашылі ўзнавіць яго ў першасным выглядзе. Але дакументы XII стагоддзя не захаваліся, і таму вынікам рэканструкцыі можа стаць эклектычны гібрыд XII і XIX стагоддзяў. “На думку еўрапейскіх экспертаў, нельга спрабаваць аднавіць неіснуючую частку храма XII стагоддзя з сучасных матэрыялаў, якія імітуюць арыгінальныя гістарычныя, бо гэта знішчыць яго унікальнасць назаўсёды”, — напісаў у адмысловым артыкуле былы намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама, лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.

Дарэчы

Сёння ў Спісе сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА 878 аб'ектаў (у тым ліку 679 культурных, 174 прыродных і 25 змешаных) у 145 краінах. Дзяржавы, на тэрыторыі якіх размешчаны аб'екты Сусветнай спадчыны, бяруць на сябе абавязацельствы па іх захаванні.

{banner_819}{banner_825}
-20%
-20%
-10%
-25%
-20%
-20%
-70%
-10%