Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Бясспрэчна, што хада сьледства па справе зьнікненьня журналіста Зьміцера Завадзкага паўплывала на сэрыю адставак у кіраўніцтве сілавых установаў Беларусі. Такая адзінадушная выснова незалежных экспэртаў, журналістаў і аналітыкаў, зробленая пасьля таго, як Лукашэнка сёньня раніцай замяніў на гэтых пасадах верных сваіх, як раней лічылася, прыхільнікаў.

Мяркуючы па падзеях, якія накалялі абстаноўку вакол справы Завадзкага (зьяўленьне ліста ананімнага афіцэра КДБ з новымі фактамі па справе, перасьлед аўтара фільма пра Завадзкага "Дзікае паляваньне" Паўла Шарамета і іншых), унутры сілавых кланаў у атачэньні Лукашэнкі ішла бязьлітасная вайна. Сьледчыя з пракуратуры і КДБ, якія займаліся гэтай справай, падвяргаліся прэсынгу. У якасьці падазроных арыштаваныя, у тым ліку, і супрацоўнікі спэцыяльнага падразьдзяленьня "Алмаз" і Службы бясьпекі прэзыдэнта. Як відаць, у справе аказаліся замешаныя ўсе сілавыя структуры краіны.

Шырокай грамадзкасьці сталі вядомыя такія факты, якія былі да гэтуль вядомыя толькі вузкаму колу асобаў - і тое, што вядомае месца пахаваньня Завадзкага, і тое, што ў распараджэньні сьледства знаходзіцца рыдлёўка са сьлядамі крыві, і тое, што ў выкраданьні замешаныя "сілавікі" з розных установаў. На нейкім этапе КДБ і пракуратура перасталі кантраляваць гэтую інфармацыю - і яна прасачылася наружу. Больш за тое, па наяўнай інфармацыі, гэтыя дзьве ўстановы хацелі сьвядома перадаць падрабязнасьці агалосцы, бо КДБ, напрыклад, ніякім чынам у справе выкраданьня Завадзкага "замазанае" не было. І тут умяшалася атачэньне Лукашэнкі. Справа была перададзеная ў новаму міністру ўнутраных справаў, непасрэднаму начальніку некалькіх падазроных - былому каманьдзіру спецпадразьдзяненьня "Алмаз" Навумаву, які запэўніў Лукашэнку ў асабістай адданасьці. Навумаў зараз усімі сіламі спрабуе схаваць падрабязнасьці справы - асабліва ў тае яе частцы, якая тычыцца ўдзелу ў выкраданьні і забойстве Завадзкага супрацоўнікаў службы бясьпекі Лукашэнкі.

Па дзіўным зьбегу абставінаў, на ўсе вызваленыя пасады сёньня прызначаныя людзі, якія зьвязаныя з Расеяй асабістымі і службовымі сувязямі. Узяць хаця б новага кіраўніка КДБ Ерына, які носіць званьне палкоўніка ФСБ. Некаторы час таму кэдэбэшнікі здолелі выдавіць Ерына, які займаў пасаду намесьніка старшыні беларускага КДБ, са свайго калектыва. Аднак зараз ён вярнуўся - ужо ў якасьці кіраўніка гэтае ўстановы.

Такім чынам, яу мы паведамлялі ў ранішнім выпуску, зьняцьцё з ключавых дзяржаўных сілавых пасадаў азначае, што ў краіне адбыўся чарговы ўнутранны дзяржаўны пераварот. На адказныя пасады прызначаныя людзі, якія, ні для каго не сакрэт, зьяўляюцца прамымі стаўленьнікамі Расеі ў атачэньні Лукашэнкі. Кіраўніком міністэрства ўнутраных справаў Беларусі застаўся Уладзімер Навумаў - чалавек, які таксама моцна зьвязаны з расейскімі спэцслужбамі.

Пасьля сёньняшніх перастановак усе ключавыя пасады ў беларускім кіраўніцтве займаюць выхадцы з Расеі альбо людзі, якія прыйшлі ва ўладу ў нашае краіне непасрэдна адтуль - прэм'ер-міністар Ярмошын і ўсе віцэ-прэм'еры, усе намесьнікі міністра замежных справаў, большасьць намесьнікаў міністраў унутраных справаў, юстыцыі, эканомікі, адукацыі і іншых ключавых міністэрстваў. І зараз вось - усе сілавыя міністры.

Акрамя новых кіраўнікоў КДБ і Савета бясьпекі Лукашэнка таксама прызначыў намесьнікаў дзяржсакратара Савета бясьпекі Беларусі і старшыню КДБ. Імі сталі, адпаведна, генэрал Міхаіл Удовікаў (былы першы намесьнік міністра ўнутраных справаў) і Валяньцін Нікіцін (былы намесьнік дзяржсакратара СБ). На месца міністра замежных справаў прызначаны Міхаіл Хвастоў, які быў памагатым прэзыдэнта.
0058648