Кастусь ЛАШКЕВІЧ, / Кастусь ЛАШКЕВІЧ

17-гадовая амерыканка Альбiна Асiповiч узляцела на спартовы небасхiл нiбы камета.

АЛЬБIНА ЛЮСI ШАРЛОТА АСIПОВIЧ (Osipowich)

Нарадзiлася 26 лютага 1911 г. ў Уорчэсцеры (ЗША).

Памёрла 6 чэрвеня 1964 г.

Вынырнуўшы з невядомасці, яна заваявала два залатыя медалi ў плаваннi на Алiмпiйскiх гульнях 1928 году ў Амстэрдаме. Дагэтуль нiдзе не згадваецца, што легенда сусветнага плавання выгадавалася ў сям'i беларускiх эмiгрантаў.

Праўда, у нешматлiкiх амерыканскiх крынiцах, якiя ўдалося прааналiзаваць, каталiчцы Асiповiч прыпiсваецца найчасцей лiтоўскае (i зрэдку польскае) паходжанне. Нацыянальнасць "беларус" у тагачасных анкетах федэральнай эмiграцыйнай службы ЗША на нью-ёркскiм востраве Элiс-Айлэнд папросту адсутнiчала. Аднак, зыходзячы з даступнай iнфармацыi, можна прыпусьцiць, што Асiповiчы маглi перасекчы Атлантыку пасля Рэвалюцыi 1905 г. ў Расеi. Магчыма, iхняй радзiмай была Вiленшчына.

Альбiна Люсi Шарлота нарадзiлася ў 1911 годзе ў горадзе Уорчэсцер (штат Масачусетс) i з ранняга веку займалася плаваннем. З той прычыны, што ў мясцовай школе не было дзявочай каманды, Асiповiч трэнiравалася i спаборнiчала разам з хлопцамi. Гэтая вымушаная тактыка прынесла плён, i ў старэйшых класах яна на дзве галавы апярэджвала сваiх раўналетак.
 
"У яе не было часу на гульнi, адпачынак, — распавядаў ў леташнiм iнтэрв'ю газеце Jacksonville Journal-Courier яе сын Дэвiд ван Эйкен. — Яна паставiла перад сабой задачу стаць наймацнейшай у свеце i ўвесь вольны час прысвячала трэнiроўкам. Ейныя перамогi — просты вынiк гэтых намаганняў".

У алiмпiйскiм 1928 годзе Альбiна стала чэмпiёнкай ЗША ў спрынце вольным стылем, усталяваўшы па дарозе тры нацыянальныя рэкорды. На Гульнях у Амстэрдаме яна нечакана ды з алiмпiйскiм рэкордам выйшла пераможцай найпрэстыжнай дыстанцыi ў жаночым плаваннi — 100-метроўцы вольным стылем.

"Галоўнай фаварыткай тады была мая сяброўка па пакоi Элеанор Герэцi, — распавядала iншая амерыканская плыўчыха Джэйн Манске. — Здавалася, Альбiна з'явiлася з нiадкуль i нечакана перамагла, апярэдзiўшы Герэцi на чатыры дзесятых". Дорыс О'Мара, памочнiк мэнэджэра зборнай ЗША па плаваннi, пацвярджала папярэднiя словы: "Перамога Альбiны Асiповiч была сенсацыяй, бо ў папярэднiх залывах яна саступала Герэцi".

Другое золата Асiповiч заваявала з сяброўкамi па камандзе ў эстафеце 4 па 100 метраў.

"Ейная жыццёвая гiсторыя ўвасабленне самай што нi ёсць амерыканскай мары, — лiчыць унучка алiмпiйскай чэмпiёнкi Крысцiн ван Эйкен. Яна была дачкой эмiгрантаў, у якiх не было грошай, каб забяспечыць яе вандроўку на Алiмпiяду цi паступленне ў каледж. I яна мусiла самастойна ўрэчаiснiваць гэтыя мэты цi мары. Дасягнуўшы вяршынi, яна стала прыкладам i кумiрам для тысяч эмiгранцкiх дзяцей, даказаўшы, што нiчога немагчымага няма".

Несумнеўна, галоўным сiмвалам амерыканскай алiмпiйскай каманды ў Амстэрдаме быў легендарны плывец Джоннi Вейсмюллер, якому наканавана будзе пакарыць Галiвуд у вобразе Тарзана. Аднак i 17-гадовую Асiповiч у родным Уорчэсцеры па прыездзе вiталi тысячы захопленх гараджанаў. Удзячная грамадскасць сабрала неабходныя 4 тысячы долараў на яе навучанне ў Пемброк-каледжы пры Браўнскiм унiверсiтэце. Там Альбiна i пазнаёмiлася са сваiм будучым мужам Харысанам ван Эйкенам, які стаў паспяховым бiзнэсмэнам, вiцэ-прэзiдэнтам карпарацыi General Electric.
 
Дасягнуўшы Алiмпу ў 17 гадоў, дзяўчына вырашыла прысвяцiць увесь час вучобе i хутка пасля трыюмфальнай Алiмпiяды завязала з вялiкiм спортам.

Сын узгадвае, што Альбiна Асiповiч была сцiплай жанчынай i нiколi не хвалiлася мiнулымi спартовымi перамогамi. "Я ведаў, што мацi была алiмпiйскай чэмпiёнкай, але слаба разумеў значэння гэтага тытула. Да аднаго дня, — распавядае Дэвiд ван Эйкен. — Мы шпацыравалi ў парку побач з домам. Раптам з возера данеслiся крыкi аб дапамозе. Хлопец заплыў надта далёка i пачаў тануць. Мацi адразу кiнулася ў ваду, у вокамгненне даплыла да тапельца i выцягнула яго на бераг, уратаваўшы жыццё. Помню, яе адразу абступiў узбуджаны натоўп. "Як вам гэта ўдалося?"даносiлася з усiх бакоў".

У 1964 годзе амерыканка Альбiна ван Эйкен, у чыiх жылах цякла беларуская кроў, пакiнулы гэты свет пасля змагання з цяжкой хваробай. Ёй было толькi 53.


 
У праекце "Як TUTэйшыя змянялі свет" таксама чытайце:
 
{banner_819}{banner_825}
-30%
-15%
-21%
-25%
-10%
-10%
-20%
-10%