Язэп ШЧАБЛОЎСКІ,

фото

З 14 па 24 кастрычніка адбудзецца другі ў суверэннай гісторыі Беларусі перапіс насельніцтва. Мяркуецца, што адказы на 37 пытанняў дадуць падрабязныя звесткі аб дэмаграфiчнай, сацыяльна-эканамiчнай, нацыянальнай і культурнай сітуацыі ў краіне. Распрацоўваючы фармат кампаніі, улады спасылаліся на досвед замежных краін. Тым часам, незалежнае грамадства б’е ў званы: перапіс-2009 нясе ў сабе прыхаваную пагрозу для лёсу беларускай мовы і будучыні беларускай дзяржавы.

Хітрыкі з анкетай

Савет Міністраў Беларусі зацвердзіў праграму перапісу насельніцтва пастановай ад 29 мая 2008 года. Як толькі інфармацыя аб змесце кампаніі была абнародавана, грамадзянская супольнасць забіла ў званы. Так, на кастрычніцкім з’ездзе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ўдзельнікі звярнуліся да грамадзян з заклікам праявіць пільнасць падчас перапісу-2009 і падтрымаць беларускую мову, бо “дзяржаўная палітыка скіравана на абмежаванне роднай мовы беларусаў”, якая “фактычна адсутнічае ў афіцыйным ужытку, выціскаецца з усіх сфераў жыцця”.

Сутнасць закідаў незалежных экспертаў зводзілася да двух пунктаў.

Па-першае, ці будзе забяспечана падчас перапісу канстытуцыйная роўнасць для носьбітаў абедзвюх моў. Іншымі словамі, ці будуць разам з расейскамоўнымі падрыхтаваны беларускамоўныя бланкі з апытаннямі і інструкцыі моўных паводзін для перапісчыкаў.

Па-другое, грамадскасць заўважыла адмоўныя змены, унесеныя ў фармулёўку моўнага пытання. У графе “Ваша родная мова” ў дужках пазначана: “Мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве”.

Гэтыя праблемы былі ў цэнтры ўвагі снежаньскага круглага стала, у якім удзельнічалі прадстаўнікі шэрага грамадскіх арганізацый, аўтарытэтныя навукоўцы і палітыкі. Па выніках абмеркавання была створана працоўная група, задача якой заключаецца ў тым, каб падрыхтоўка і перапіс насельніцтва прайшлі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Улады пачулі

Грамадская актыўнасць не засталася незаўважанай. Намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Усевалад Янчэўскі выказаў гатоўнасць абмеркаваць сітуацыю. Адрэагаваў і дзяржаўны друк. Газета “Звязда” змясціла гутарку са старшынёй Нацыянальнага статыстычнага камітэта Уладзiмiрам Зіноўскім, у якой асаблівая ўвага была ўдзелена моўнаму пытанню. “Форма перапiснога лiста падрыхтавана як на рускай, так i на беларускай мове, да таго ж па жаданнi рэспандэнта пытаннi перапiсу могуць быць зададзены на любой з дзвюх дзяржаўных моў, — запэўніў старшыня Белстата. — У прыватнасцi, падчас навучання перапiсчыкаў асаблiвая ўвага будзе ўдзяляцца менавiта правiльнасцi правядзення апытання па-беларуску”.

Што да фармулёўкі пытання аб роднай мове, то сітуацыя па-ранейшаму цёмная. Так, у “Праграме перапісу насельніцтва РБ 2009 года”, зацверджанай Пастановай Саўміна ад 29.05.2008 N 765 і апублікаванай на сайце Белстата, блок моўных пытанняў уключае пытанні аб:

— роднай мове;
— мове, на якой рэспандэнт звычайна размаўляе дома;
— іншай (-ыя) мове (-ы), якой (-імі) свабодна валодае рэспандэнт.

Здаецца, усё пэўна, няма чаго трывожыцца. Аднак пазнейшай Пастановай Нацыянальнага статыстычнага камітэта РБ ад 29.08.2008 № 129 зацверджаны “Указанні па запаўненні форм перапіснога ліста…”. У главе 4, п.33.7 чытаем: “У пытанні 10 “Ваша родная мова”, калі рэспандэнту цяжка вызначыцца з тым, якая мова для яго з’яўляецца роднай мовай, то варта мець на ўвазе, што родная мова — гэта мова, якую ён засвоіў першай у раннім дзяцінстве”.

Улады сцвярджаюць, што характар і змест анкет распрацаваны з улікам нацыянальных інтарэсаў і рэкамендацый Статыстычнай камісіі ААН, а таксама Еўрапейскай эканамічнай камісіі і Статыстычнага ўпраўлення Еўрапейскіх супольнасцяў. Незалежныя эксперты перакананы ў адваротным.

“Цягам жыцця чалавек фарміруецца, развіваецца, пад уздзеяннем розных фактараў мяняецца яго светапогляд. Таму трактаванне роднай мовы як першай, засвоенай у дзяцінстве, некарэктнае. На снежаньскім круглым стале агучваліся прыклады досведу больш за дзесятак краін. І нідзе такога пункта няма, — патлумачыў нам знаны філолаг і першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі. — Беларускі досвед, сфарміраваны дзесяцігоддзямі русіфікацыі, паказвае, што тысячы гарадскіх дзяцей, якія ў дзяцінстве не размаўлялі па-беларуску, сталі свядомымі беларусамі падчас нацыянальнага адраджэння канца 80-х — пачатку 90-х. Беларуская для іх не проста родная мова, але і найвялікшая светапоглядная каштоўнасць, масток да папярэдніх пакаленняў”.

"Нельга спаць у шапку"

На думку старшыні ТБМ Алега Трусава, хітрыкі ўлад з моўным пытаннем у перапісе ўкладаюцца ў рэчышча дзяржаўнай палітыкі і скіраваны на тое, каб як мага меншая колькасць грамадзян назвала роднай мовай беларускую: “Падобныя высілкі ўлады рабілі і 10 гадоў назад падчас перапісу-1999. Тады ў спісы ўключылі пытанне аб мове, на якой людзі размаўляюць дома, спадзеючыся, што беларускую назавуць усяго 3-5%. У выніку, ад нас больш за год утойвалі правільную лічбу — 36,7%, а гэта ж амаль 4 мільёны чалавек!”

Спадар Трусаў падкрэслівае, што ад вынікаў перапісу залежыць далейшы лёс не толькі мовы, але і беларускай незалежнасці. “Калі б 10 гадоў назад ТБМ не ўзняло б пытанне, сітуацыя з беларускай мовай у краіне была б шматкроць горшай. Нагадаю, што тады беларускую сваёй роднай мовай назвалі 73,6% грамадзян. За гэты час мы зрабілі вялікі крок наперад, выгадавалася маладое пакаленне нацыянальна свядомай моладзі, колькасць рэальных носьбітаў беларускай мовы павялічылася. Але нельга спаць у шапку. Ад пазіцыі беларусаў падчас перапісу залежыць далейшы лёс дзяржаўнай мовы, асабліва ў сістэме адукацыі і справаводства”, — сказаў нам эксперт.

{banner_819}{banner_825}
-55%
-45%
-18%
-20%
-15%
-52%
-25%
-25%
-15%
-80%