Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Трэці зьезд беларусаў сьвету мае адбыцца ў ліпені 2001 году. Пра скліканьне зьезду абвесьціла днямі Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына". Галоўная тэма зьезду азначаная: "беларусы на мяжы стагодзьдзяў".

Згуртаваньнем беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" яшчэ не акрэсьленыя асноўныя тэмы дыскутаваньня на зьезьдзе. Зрэшты, сам назоў арганізацыі трымае ў сабе ймкненьне да кансалідацыі нашых суайчыньнікаў, раскіданых па замежжы.

Кіраўніцтва "Бацькаўшчыны" складаецца зь Вялікае й Малое радаў. У вялікую ўваходзяць 117 сяброў з усіх кантынэнтаў плянэты. Малая ўключае ў сябе 52 чальцы - пераважна менчукоў. Сярод сяброў Малое рады гэтакія вядомыя асобы, як Пятро Краўчанка, Юры Хадыка, Станіслаў Шушкевіч, Адам Мальдзіс ды багата іншых знакамітасьцяў найноўшае гісторыі краіны.

Дык якая ідэя можа кансалідаваць беларусаў, што маюць розныя грамадзянствы й палітычныя перакананьні? Вядома, - ідэя любові да Радзімы.

Гэтак мяркуе чалец аргкамітэту зьезду літаратуразнаўца Іван Саверчанка. Але ж любоў да радзімы ў розных беларусаў выяўляецца па-рознаму. Адныя хочуць далучыць краіну да Расеі, іншыя - адстойваюць незалежнасьць.

Першы зьезд беларусаў сьвету ладзіўся ў 1993 годзе. Той час сёньня прынята называць "росквітам беларускае дэмакратыі". Прынамсі, у 1993 годзе дзяржава не чыніла перасьледу за іншадумства, як цяпер. Другі зьезд адбываўся ў 1997 годзе ва ўмовах палітычнага ціску на апазыцыю. У 1997 годзе шат хто з амэрыканскіх і канадзкіх беларусаў адмовіліся браць удзел у зьезьдзе - з прычыны асьцярогі за ўласную бясьпеку.

Іван Саверчанка спадзяецца, што чарговы зьезд будзе ня менш прадстаўнічым за першы. Наколькі спадзяваньні будуць плённымі, - пакажа час. Але насёньня Згуртаваньне сьвету "Бацькаўшчына" перажывае ня лепшы час. Старшыня арганізацыі Ганна Сурмач знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі ў Чэхіі. Прэзыдэнт "Бацькаўшчыны" акадэмік Радзім Гарэцкі сур'ёзна хворы.

Апошнімі гадамі ўсталявалася тэндэнцыя, калі усё болей беларусаў пакідаюць краіну дзеля эканамічнае й палітычнае эміграцыі. Праблема каардынацыі жыцьця найноўшае хвалі беларускіх эмігрантаў станецца адным з прынцыповых пытаньняў на маючым адбыцца зьезьдзе.

Ці будуць абмяркоўвацца прычыны, якія прымушаюць беларусаў пакідаць Радзіму, пакуль невядома. Затое прынцыпова вырашана, што аніякіх кантактаў з сучаснымі беларускімі ўладамі "Бацькаўшчына" мець ня будзе.

Севярын Квяткоўскі

Радыё Рацыя
0058648