Язэп ШЧАБЛОЎСКІ, / Язэп ШЧАБЛОЎСКІ

фото20 студзеня споўнілася 117 гадоў ад нараджэння грамадска-палітычнага дзеяча і асветніка Браніслава Тарашкевіча, аўтара “Беларускай граматыкі для школ”, дзякуючы якой беларусы аформіліся як культурная нацыя. Чым урэшце скончыцца супрацьстаянне дарэформеннай “тарашкевіцы” і саветызаванай “наркамаўкі”, і як бы на гэта глядзеў сам Тарашкевіч?

На шляху да “Граматыкі”

Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч нарадзіўся ў сялянскай сям’і на Віленшчыне і адзіны з дзяцей атрымаў адукацыю. Віленскую гімназію здольны хлопец скончыў ужо нацыянальна свядомым і са срэбным медалём. Далей — навучанне ў Пецярбургскім універсітэце, дзе пад кіраўніцтвам філолагаў-карыфееў Шахматава і Карскага пачаў распрацоўваць беларускую граматыку. Нарэшце, у верасні 1918 году ў віленскай друкарні Марціна Кухты пабачыла свет першая ў гісторыі “Беларуская граматыка для школ". На вокладцы побач з прозвішчам аўтара было пазначана: "кандыдат філялёгіі Петраградзкага унівэрсытэта".

Тарашкевіч першым “выявiў галоўныя заканамернасцi беларускай лiтаратурнай мовы, гiстарычна-абумоўленую сувязь яе фанетыка-граматычных рыс найперш з цэнтральнымi беларускiмi гаворкамi”. З улікам традыцый беларускага кнiгадрукавання ён замацаваў фанетычны прынцып напiсання галосных і марфалагiчны — для перадачы зычных.

Паміж двух агнёў

Вярнуўшыся з Расіі, Тарашкевіч уваходзіць у першыя шэрагі беларускага руху. Ён узначальвае Віленскую беларускую гімназію, працуе ў Беларускім навуковым таварыстве, засноўвае і ўзначальвае Таварыства беларускай школы. Высілкамі ТБШ у 1920-х гадах у Заходняй Беларусі было адкрыта каля 200 беларускіх школ, гімназія, настаўніцкая семінарыя і курсы. Усе яны карысталіся "Граматыкай" Тарашкевіча, якая за 10 гадоў перавыдавалася 6 разоў, забяспечыўшы выкарыстанне беларускай мовы ва ўсіх сферах.

Не менш актыўна Тарашкевіч дзеіў і ў палітыцы. У 1922-м яго абралі дэпутатам у польскі сейм, дзе ён ачоліў Беларускі пасольскі клуб і з высокай трыбуны палымяна бараніў беларускага селяніна і права нашага народа на самавызначэнне. У 1925-м стаў на чале 120-тысячнай Беларускай сялянска-работніцкай грамады — самай масавай грамадскай арганізацыі Заходняй Беларусі. Як вынік — пераслед і 12-гадовы турэмны прысуд на "Працэсе 56-ці" у 1928-м. Праз два гады — вызваленне і зноў астрог — ужо на 8 гадоў. За кратамі Браніслаў Адамавіч пераклаў на беларускую мову “Пана Тадэвуша” Міцкевіча і “Іліяду” Гамера (тэкст не захаваўся).

6 верасня 1933 года на савецка-польскай мяжы ў Коласаве адбыўся абмен палітзняволенымі. Саветы аддавалі Польшчы “бацьку беларускай драматургіі” Францішка Аляхновіча наўзамен Браніслава Тарашкевіча. Паводле легенды, Аляхновіч, які правёў у ГУЛАГу сем гадоў, кінуў Тарашкевічу: "Бронюсь, ты дарэмна туды ідзеш!". Да арышту 5 траўня 1937-га Браніслаў Адамавіч працаваў у Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве.

Аўтар 10-томнага энцыклапедычнага даведніка “Рэпрэсаваныя культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991” Леанід Маракоў адшукаў у архівах звесткі аб нечалавечых катаваннях, якія абрынуліся на долю Тарашкевіча ў мінскай турме НКУС.“З дапамогай садысцкіх допытаў начальнік 3-га аддзела УСБ НКУС БССР лейтэнант Гепштэйн выцягваў з арыштаваных, якія ўжо былі прысуджаны да вышэйшай меры, сведчанні на як мага большую колькасць людзей, — распавёў “Тут і цяпер” даследчык сталінскіх рэпрэсій. — Гэтак з Тарашкевіча, якога катаваннямі давялі да беспрытомнага стану, выбілі “паказанні” супраць 249 “ворагаў народа”.

5 студзеня 1938 году "двойкай" НКУС і Пракуратуры СССР Браніслаў Тарашкевіч прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 26.01.1957.

Тарашкевіч сёння

“Што да спрэчак аб правапісе, трэба разумець: у аснове афіцыйнай “наркамаўкі” ляжыць менавіта “Граматыка” Тарашкевіча, — тлумачыць нам доктар філалагічных навук, даследчык жыццяпісу Б.Тарашкевіча Арсень Ліс. — Усе асноўныя лініі развіцця беларускай мовы, усе прыдумкі (ад лінгва-граматычных тэрмінаў да фармулёвак правілаў), належаць яму. Іншая рэч, што Тарашкевіч ніколі не лічыў свой варыянт правапісу дасканалым. У прадмове да 5-га выдання ён гаварыў, што некаторыя прапановы павінны прайсці выпрабаванне грамадскасці. Гэтак, словы “кляса”, “клюб” сёння, сапраўды, не гучаць. І я ўпэўнены, Тарашкевіч не трымаўся б за іх абедзвюма рукамі. Змены, прадыктаваныя самім жыццём, непазбежныя, бо мова не скамянелы помнік, а жывы арганізм”.

Падчас “беларусізацыі” над удасканаленнем “Граматыкі” працавалі свяцілы беларускай філалогіі, аднак сталіністы вынішчылі не толькі ўсіх сяброў Правапіснай камісіі, але і 80% беларускай інтэлігенцыі. У 1933-м класічную мову максімальна наблізілі да расейскай. Яна выжыла ў эмігранцкіх асяродках, адрадзілася на пачатку 1990-х і набыла велізарную папулярнасць. Але пытанне аб кампрамісным правапісе было спачатку перакрэслена прыходам да ўлады антыбеларускіх сіл. Цяпер жа “тарашкевіца”, якую група сучасных мовазнаўцаў нармалізавала ў 2005-м, зноўку сыходзіць у падполле. З 2010 года пачне дзейнічаць закон “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, які, па сутнасці, яе забараняе.

“Наша грамадства абавязкова прыйдзе да адзінага правапісу, — упэўнены Арсень Ліс. — Праблема ў тым, што пытанне не ставіцца на шырокае абмеркаванне. Усё вырашаюць дэпутаты, якія беларускай мовай не карыстаюцца. Мяркую, што па меры ўмацавання дзяржаўнасці праблемы мовы і культуры будуць вырашацца больш узважана і аб’ектыўна. Спадзеву надае і надзвычай багатая дыялектыка нашай мовы, якая далёка не вычарпана. Асабліва на поўначы Беларусі, у рэгіёне старой крывіцкай цывілізацыі, дзе наш этнас найменш размыты”.

{banner_819}{banner_825}
-10%
-40%
-20%
-50%
-60%
-70%
-15%
0062969