Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    2627282930311
    2345678
    9101112131415
    16171819202122
    23242526272829
    303112345

Общество


На прыканцы студзеня ў Беларусь павінна была прыехаць у поўным складзе рабочая група Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ па Беларусі на чале з кіраўніком групы дэпутатам нямецкага Бундэстагу Утай Цапф. На самым крайку лістапада Менск зь першым афіцыйным візытам наведалі двох сяброў рабочай групы - сама старшыня Ута Цапф і Урбан Алін, дэпутат швэцкага парлямэнту. Тады яны знаёміліся з сытуацыяй у нашай краіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, бралі ўдзел у пятым Міжнародным менскім форуме. І паабяцалі прыехаць у сталіцу Беларусі з рабочай групай у поўным складзе - каб зрабіць грунтоўную справаздачу па сытуацыі ў краіне на зімовай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Але цяпер відавочна: рабочая група АБСЭ па Беларусі ў Менск ні прыканцы студзеня, ні ў лютым не прыедзе.

У лютым на зімовай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Вене зноў мае разглядацца беларускае пытаньне - ці будзе занятае вакантнае месца Беларусі ў гэтай уплывовай міжнароднай структуры. Нагадаю: пасьля завяршэньня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ не прызнала Палаты прадстаўнікоў законна абраным парлямэнтам Беларусі, і другі год месца нашай краіны пустуе.

Палата прадстаўнікоў другога скліканьня ўжо ня першы раз прэтэндуе на гэта месца. Але пакуль - безвынікова. Меркавалася, што пасьля вывучэньня сытуацыі на месцы рабочая група па Беларусі падрыхтуе справаздачу, на падставе якой Парлямэнцкая Асамблея будзе прымаць канчатковае рашэньне.

22 студзеня кіраўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства Міхаіл Хвастоў накіраваў спадарыні Уце Цапф пасланьне, у якім выказаў пажаданьне сустрэцца з кіраўніцай рабочай групы па Беларусі пад час меркаванага візыту ў нашу краіну. Для дэталёвага абмеркаваньня "пытаньняў актывізацыі ўзаемадачыненьняў Рэспублікі Беларусь з Парлямэнцкай Асамблеяй АБСЭ".

А 23 студзеня стала вядома: рабочая група ПА АБСЭ па Беларусі візыт у нашу краіну адмяняе. Як паведаміў ў Стразбургу на паседжаньні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Адрыян Сэвэрын, папярэднік Уты Цапф на пасадзе кіраўніка рабочай групы: з прычыны непрымальных перадумоваў, высунутых афіцыйным Менскам, Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ адмяняе лютаўскі візыт сваёй дэлегацыі ў Беларусь. "Беларусь сама вінаватая ў стварэньні атмасфэры ізаляцыі вакол сябе," - выснаваў Адрыян Сэвэрын.

Тут варта нагадаць: яшчэ пад час лістападаўскага візыту Уты Цапф і Урбана Аліна міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў паставіў жорсткую ўмову: ён прыме эўрапейскіх парлямэнтароў, але толькі без кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ амбасадара Віка. Паколькі ў дыпляматычнай практыцы гэта нонсэнс, эўрапейцы наагул адмовіліся сустракацца з Хвастовым Аналягічны выпадак быў і з Адрыянам Сэвэрынам.

Тады, у лістападзе, на маё пытаньне, ці ня лічаць эўрапейцы, што афіцыйныя ўлады самі імкнуцца да самаізаляцыі, бо апошні ўчынак міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова - яскравы таму прыклад, спадарыня Цапф адказала вельмі дыпляматычна.

У.Ц.: - Я не хацела б даваць такіх рэзкіх ацэнак. Але, вяртаючыся да пытаньня пра ізаляцыю й самаізаляцыю... Ёсьць такі момант: прэзыдэнт Лукашэнка й ягоны Ўрад атрымалі прапанову аб значнай дапамозе з боку міжнароднай супольнасьці. Але беларускія ўлады не адказалі. Не прапанавалі нічога ў адказ. Быць маўклівым у дыялёгу - ня вельмі добрая сытуацыя. Мы заўсёды прапаноўваем дыялёг. Але не заўсёды атрымліваем адказ.

Цяпер вось Хвастоў выказаў жаданьне сустрэцца з Утай Цапф, але эўрапейскія парлямэнтары ўжо гэтага не жадаюць. Хутчэй за ўсё, апошняй кропкай, што перапоўніла цярпеньне эўрапейцаў, стала адмова афіцыйных беларускіх уладаў ва ўязной візе цяпер ужо былому кіраўніку КНГ АБСЭ амбасадару Віку.

Ну й, канечне, патрабаваньне афіцыйнага Менску перагледзець мандат КНГ, узгадняць зь беларускімі ўладамі асобу прэтэндэнта на пасаду кіраўніка Місіі. А тым жа часам кіраўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства піша ў сваім пасланьні спадарыні Уце Цапф: "Мы не намераны абвастраць адносінаў з ключавымі эўрапейскімі арганізацыямі, і будзем і надалей захоўваць дух канструктывізму, узаемнай павагі й адкрытасьці".

А ўлады нашае дзяржавы, паказалі, відаць, вышэйшы пілатаж "дыпляматыі" па-беларуску.

Іна Студзінская

Радыё Рацыя