Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


"Збліжэньне з нулявымі тэмпамі" - гэтак называецца артыкул, які ўшчыльную кранаецца тэмы беларуска-расейскай інтэграцыі. Беларусь і Расея заклікаюць да саюзу. Аднак насамрэч ніхто яго ня хоча. Самае позьняе - у 2005 годзе - беларусы хочуць займець адзіную з Расеяй валюту. "Яны, аднак, ня мусяць моцна перастройвацца, бо новыя грошы будуць звацца рублём" - амаль кпліва падае газэта.

Тым часам, як заходнія эўрапейцы звыкаюцца з эўра, беларускія й расейскія палітыкі падкрэсьліваюць: у іхных краінах таксама плянуецца ўвядзеньне агульнай валюты. Гэта й запраўду было б істотнай прыкметай саюзу, пра які апошнім часам шмат гавораць.

"Няроўны саюз Расеі, у якой жыве 150 мільёнаў, зь Беларусьсю, у якой усяго 10 мільёнаў жыхароў, - любімы праект аўтарытарна-эксцэнтрычнага беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі" - гаворыцца далей у артыкуле. З помпай, але без далейшых рэальных крокаў ён падпісаў з былым прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцыным дзьве дамовы, згодна зь якімі павінна было ўтварыцца нешта накшталт фэдэрацыі. "Не хапала толькі неабходнай дынамікі, каб стварыць адзіную эканамічную прастору", - адзначыў Лукашэнка ў часе сьнежанскай сустрэчы з Пуціным.

Аднак, з ацэнак расейскага боку, ахвота да аб'яднаньня ў Лукашэнкі прапала. Для Масквы ж паглыбленьне інтэграцыі магчымае толькі пры ажыцьцяўленьні таго, чаго Лукашэнка якраз больш за ўсё баіцца, - рынкавых рэформаў. "Мэтады шокавай тэрапіі мы катэгарычна адхіляем" - паведаміў расейцам беларускі прэм'ер-міністар Генадзь Навіцкі.

"Ад шоку зьбіраюцца абараняць эканоміку, якую экспэрты называюць "луканомікай", якой характэрны карупцыя, адсутнасьць прававой абароны й канцэнтрацыя эканамічнай улады ў руках прэзыдэнта й ягоных людзей" - даводзіць "Suddeutsche Zeitung". Калі расейскія экспэрты падалі ў сьнежні Менску праграму прыватызацыі, гэта ня выклікала ў Лукашэнкі вялікага натхненьня.

Зь Ельцыным Лукашэнка яшчэ мог выпіць за славянскае братэрства. Пуцін жа - наадварот - прахалодна настойвае на эканамічнай неабходнасьці. І гэта Лукашэнку ня вельмі падабаецца. Аднак ён ня можа ўжо адхіліцца ад сваёй мэты - саюзу з Расеяй. "Гэта было б палітычным самазабойствам" - прызнаецца сам кіраўнік Беларусі.

Найперш Лукашэнка ўжо сёлета плянуе падагнаць падаткавае заканадаўства да расейскага, у 2003 годзе уніфікаваць мытню й згарманізаваць бюджэтную палітыку. Для выкананьня гэтых абяцаньняў у Беларусі мусіць нешта памяняцца, а ў Расеі - амаль нічога. Пры гэтым, відавочная непараўнальная расстаноўка сіл. Тое ж тычыцца й грошай: банкі могуць лёгка стаць расейскімі.

У другой публікацыі - пад назовам "Пуцін павінен націснуць на Лукашэнку" - нямецкая газэта "Suddeutsche Zeitung" распавядае пра ліст жонак зьніклых беларускіх апазыцыянэраў, перададзены Ўладзіміру Пуціну ў часе ягонага візыту ў Варшаву. Ліст утрымлівае просьбу, каб Пуцін у межах беларуска-расейскага саюзу аказаў ціск на свайго менскага калегу Лукашэнку. "Зьніклыя палітыкі сталіся ахвярамі існуючага эскадрону сьмерці, які па загадзе Лукашэнкі зьліквідаваў палітычных супраціўнікаў", - цьвердзіць "Suddeutsche Zeitung". Але ж да гэтага часу Пуцін ніводнага разу адкрыта не выказваўся наконт парушэньня правоў чалавека ў Беларусі - падкрэсьлівае нямецкая "Suddeutsche Zeitung".

Але ж да гэтага часу Пуцін ніводнага разу адкрыта не выказваўся наконт парушэньня правоў чалавека ў Беларусі - падкрэсьлівае нямецкая "Suddeutsche Zeitung".

Што ж да стасункаў зь іншым бокам - Польшчай, дык адносіны Квасьнеўскага з Лукашэнкам сапсаваліся пасьля стварэньня беларускімі ўладамі перашкодаў актывістам польскай меншасьці. Да прыкладу, была спынена радыётрансьляцыя нядзельных набажэнстваў для двох мільёнаў католікаў. Замест памянёнае духоўнае праграмы пачалі трансьляваць расейскую папсу.

І гэты факт ці ня ёсьць паказьнікам, у які бок ад Эўропы й духоўнасьці пахіляецца цяпер краіна Беларусь - робім свае высновы й мы, насельнікі гэтае краіны.

Аляксандар Дашчынскі

Радыё Рацыя
,