Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Аляксандар Лукашэнка выказаў незадаволенасьць якасьцю праекту закону пра альтэрнатыўную вайсковую службу. Дакумэнт вернуты на дапрацоўку.

Права на альтэрнатыўную службу прадугледжана нават лукашэнкаўскай Канстытуцыяй 1996 году. Аднак адпаведны артыкул Асноўнага Закону да гэтага часу ня дзейнічае. Вайсковыя камісарыяты спасылаліся на адсутнасьць мэханізму рэалізацыі права альтэрнатыўнае службы. Інакш кажучы, не было адмысловага закону.

А з тае прычыны многія юнакі, хто й рады быў б Радзіме паслужыць, але без аўтамату ў руках, імкнуліся наагул ухіліцца ад "пачэснага абавязку". І вось напачатку году праект закону пра альтэрнатыўную вайсковую службу нарэшце быў падрыхтаваны. Больш за тое, начальнік Галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўленьня Генштабу Ўзброеных Сіл Беларусі Міхаіл Каурын мае пэўнасьць: законапраект будзе хуткім часам прыняты парлямэнтам.

Вайскоўцы, праўда, пры гэтым даволі крытычна ставіліся да памянёнага законапраекту. Рэч у тым, што, паводле гэтага дакумэнту, права на альтэрнатыўную вайсковую службу мелі толькі вернікі, якія з рэлігійных перакананьняў ня могуць браць у рукі зброі. Іншых падставаў праходзіць альтэрнатыўную службу ў праекце закону не было прадугледжана.

Генэрал Каурын паведаміў, што Міністэрства абароны прапаноўвала пашырыць кола асобаў, якія маюць права на альтэрнатыўную службу, але супраць выказалася Міністэрства працы а яно якраз кіравала распрацоўкай гэтага законапраекту.

Чаму чыноўнікі згаданага Міністэрства не пажадалі пашырыць кола прызыўнікоў, якія мелі б права на альтэрнатыўную вайсковую службу, дакладна невядома. Зь некаторых зьвестак, Міністэрства атрымала гэтакі загад з прэзыдэнцкае Адміністрацыі, якой кіруюць колішнія палкоўнікі й генэралы КДБ з савецкім мэнталітэтам.

Пэўны час і "самы савецкі беларус" Лукашэнка не зважаў на прышчамленьне права на альтэрнатыўную вайсковую службу.

Аднак, з атрыманай намі інфармацыі, пасьля нядаўніх сустрэч з кіраўнікамі каталіцкай і праваслаўнай канфэсіяў Лукашэнка зацікавіўся законапраектам пра альтэрнатыўную службу. Беларускі кіраўнік усьвядоміў: у тым разе, калі згаданы закон будзе распаўсюджвацца толькі на вернікаў розных канфэсіяў і сэкт, то колькасьць іх неўзабаве значна павялічыцца.

Бо ахвочых да службы ў беларускім войску ня так ужо й шмат. Адных толькі "ўхілістаў" летась было больш за 100 чалавек. А колькі хлопцаў ідуць служыць пад прымусам - каб ня быць прыцягнутымі да крымінальнае адказнасьці! Словам, атрымліваецца, што распрацаваны чыноўнікамі Міністэрства працы законапраект пра альтэрнатыўную службу мог стаць рэальнай пагрозай для традыцыйных канфэсій - праваслаўя й каталіцтва, якія не забараняюць вернікам браць у рукі зброю.

Менавіта таму, са зьвестак Рацыі, Лукашэнка й загадаў вярнуць законапраект пра альтэрнатыўную службу на дапрацоўку. Прэзыдэнцкім юрыстам дадзена ўказаньне пашырыць кола асобаў, якія будуць мець права на альтэрнатыўную службу. Ня выключана, праўда, што гэты законапраект чыноўнікі, як зазвычай, пакладуць пад сукно. Бо празь некалькі год у Беларусі, паводле прагнозаў спэцыялістаў, будзе адчувацца істотны недахоп прызыўнікоў.

Дарэчы, для службы ва Ўзброеных Сілах, а таксама ў Памежных і Ўнутраных войсках прайшлі ўжо адбор каля 16 тысяч юнакоў. 27 студзеня ўсе прызыўнікі будуць прымаць вайсковую прысягу

Ян Мікалаеў

Радыё Рацыя
0058648