Пётр КУХТА,

Хрысціянска-Дэмакратычны саюз Украіны ініцыюе кампанію па абароне правоў беларускіх студэнтаў, выключаных з-за палітычных матываў з ВНУ.

Як стала вядома “Мы”, учора, 15 студзеня, прадстаўнікі Хрысціянска-Дэмакратычнага саюзу Украіны звярнуліся да кіраўніцтва Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі з прапановай дапамогі студэнтам, якія нядаўна былі выключаныя з ВНУ за свае палітычныя погляды.

У планах ХДС Украіны - шырокая еўрапейская кампанія з далучэннем хрысціянскіх партыяў і саюзаў усяго кантыненту.

Зараз рыхтуюцца лісты ў Адміністрацыю беларускага прэзідэнта і Міністэрства адукацыі.

Паводле дадзеных БХД, ад рэпрэсіяў пацярпелі: Дземідзенка Мікола, Шамбалава Таццяна, Алесь Круткін і Змушко Аляксей.

Апошні выпадак тычыцца ўвогуле школьніка Андруся Кузьміна.

Днямі актывіста Гомельскай філіі БХД і “Маладога Фронту” Андруся Кузьміна выклікалі на размову да дырэктаркі школы з нагоды ягонага затрымання падчас святкавання Новага Году.

31 снежня Андрусь Кузьмін узняў на адной з плошчаў Гомелю бел-чырвона-белы сцяг, за што і быў затрыманы міліцыяй. У РАУСе на непаўнагадовага юнака склалі адміністрацыйны пратакол “за парушэнне грамадскага парадку”.

“Дырэктарка школы №38, дзе навучаецца Кузьмін, Елісеева А. Б.  падчас размовы груба абражала хлопца і прыгразіла магчымым выключэннем са школы. Таксама спадарыня Елісеева паабяцала прыкласці ўсе намаганні для таго, каб Андруся як мага хутчэй пасадзілі ў турму.

З-за абразлівага стаўлення адміністрацыі школы да навучэнцаў Андрусь Кузьмін быў вымушаны забраць дакументы. Ён будзе паступаць у іншую навучальную ўстанову”, - паведамілі “Мы” ў прэс-службе БХД.
-10%
-20%
-30%