Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У Лісабоне пачалося двухдзённае паседжаньне "тройкі" АБСЭ (міністраў замежных справаў Румыніі, Партугаліі й Нідэрляндаў). У паседжаньні бяруць удзел кіраўнікі палявых місіяў АБСЭ, у тым ліку Мішэль Рывалье зь Менску.

Напярэдадні лісабонскае сустрэчы былы кіраўнік групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік выказаў сумнеў наконт таго, ці атрымае ўвогуле беларускую візу ягоны пераемнік на пасадзе кіраўніка КНГ.

Пакуль жа Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Беларусі на лісабонскай сустрэчы рэпрэзэнтуе выканаўца абавязкаў ейнага кіраўніка Мішэль Рывалье, які быў намесьнікам амбасадара Віка. На маё пытаньне, ці будзе абмяркоўвацца ў Лісабоне беларускае пытаньне, ён адказаў:

(Рывалье: ) "Паколькі гэта сустрэча кіраўнікоў місіяў, я думаю, усе пытаньні будуць абмеркаваныя".

Сустрэча кіраўнікоў палявых місіяў АБСЭ з трыма міністрамі замежных справаў — Румыніі, Партугаліі й Нідэрляндаў — пачалася ўвечары паводле менскага часу. Яе вынікі пакуль невядомыя.

Але на мінулым тыдні дзейны старшыня АБСЭ, міністар замежных справаў Партугаліі Жаймэ Гама заявіў у Вене, што АБСЭ цягам партугальскага старшыняваньня будзе спрыяць працы Кансультацыйна-назіральнае групы ў Беларусі.

Даволі рэзкую заяву на тым жа венскім паседжаньні Сталае рады АБСЭ зрабіў і амбасадар ЗША ў гэтай арганізацыі Стывэн Мінікес. Паводле яго, ЗША лічаць, што місія АБСЭ ў Менску мусіць працягваць пашырэньне кантактаў і падтрымку сапраўднае грамадзянскае супольнасьці й незалежных мас-мэдыяў у Беларусі.

Беларускім уладам, у сваю чаргу, трэба зрабіць канкрэтныя крокі ў стварэньні дэмакратычных інстытутаў і рэагаваньні на занепакоенасьць правамі чалавека, заявіў амбасадар Мінікес і дадаў: "У гэтым пляне мы надаем асаблівае значэньне новаму кіраўніку місіі, які б ажыцьцяўляў кіраўніцтва ў самой місіі й карыстаўся поўным супрацоўніцтвам і падтрымкай беларускіх уладаў. Толькі тады, калі кіраўнік місіі ёсьць і мае мажлівасьць быць інфармаваным праз свае досьвед і экспэртызу на месцы, зьявіцца мажлівасьць абмяркоўваць далейшыя функцыі гэтай місіі".

Як чакаецца, гэтая амэрыканская пазыцыя будзе абмеркаваная "тройкай" АБСЭ ў Лісабоне.

Юры Сьвірко, Менск