Рыгор ВІШНЯВЕЦКІ,

Сенатары "Грамадзянскай платформы" выкрэслілі з бюджэта пункт, які гарантаваў вылучэнне каналу "Белсат" адатковых 18 млн. злотых. І зрабілі яны гэта на асабістую просьбу міністра замежных справаў Радаслава Сікорскага.

Гаворка ідзе пра адмысловы рэзервны фонд на развіццё, падтрымку дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці агульным памерам 135 млн.

Дзякуючы ініцыятывам Роберта Тышкевіча, дэпутата Сейма, і Яцэка Пратасевіча, які ў Еўрапарламенце кіруе групай па кантактах з Беларуссю, частка фінансаў з гэтага фонда павінна была пайсці на функцыянаванне “Белсату”. Усяго агулам каналу прызначалася 23 млн. Фракцыя “Грамадзянскай платформы” ў Сейме прагаласавала за. Згоду дала і камісія па міжнародных справах. Заставалася галасаванне ў Сенаце - верхняй палаце польскага парламента.

І там ухвалілі толькі выдаткаванне 5 млн. злотых, пра што папрасіў Радаслаў Сікорскі. Астатнія 18 млн. - цяпер справа перамоваў паміж “Белсатам” і Міністэрствам замежных справаў, паведамляе TVP.Info.

Трэба зазначыць, што гаворка ідзе пра дадатковае фінансаванне каналу (для новых праектаў і так далей). То бок, пагрозы існаванню “Белсату” няма.

Кіраўніцтва каналу вуснамі яго дырэктаркі Агнешкі Рамашэўскай называе сітуацыю прыкрай, але спадзяецца на добрую волю Сікорскага, які дасюль прыязна ставіўся да гэтага ТВ-праекта. Польская ж апазіцыя з “Права і справядлівасці” выказвае са свайго боку спадзеў на тое, што гэта не ёсць праявай новай стратэгіі Варшавы да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
-20%
-10%
-20%
-11%
-10%
-9%
0072330