Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У аўторак Менск наведаў віцэ-прэзыдэнт кампаніі "Слаўнафта" Анатоль Цернаўскі. Ён правеў перамовы наконт магчымасьці ўдзелу кампаніі ў акцыянаваньні прадпрыемстваў "Нафтан" і "Палімір".

"Слаўнафта" мае намер узяць удзел у акцыянаваньні двох прадпрыемстваў сумесна зь яшчэ адной расейскай кампаніяй - "Сургутнафтагазам". У аўторак праведзены папярэднія перамовы, а канчаткова дакумэнты па ўдзеле ў акцыянаваньні мусяць быць гатовыя да 25 студзеня. "Слаўнафта" й "Сургутнафтагаз" спадзяюцца супольна атрымаць кантрольны пакет акцыяў "Нафтану" й "Паліміру". За гэта "Сургутнафтагаз" абяцае выдаткаваць 126 мільёнаў даляраў на рэканструкцыю "Нафтану" й 110 мільёнаў - на рэканструкцыю "Паліміру".

У выніку рэканструкцыі "Нафтану" павінна адбыцца паглыбленьне перапрацоўкі нафты. А на "Паліміры" будзе магчымым вытвараць поліэтылен высокага ціску. У пэрспэктыве абодва прадпрыемствы могуць атрымаць інвэстыцыяў на агульную суму больш за 1 мільярд даляраў. Расейскія кампаніі настолькі зацікаўленыя ва ўдзеле ў акцыянаваньні двох нашых прадпрыемстваў, што, акрамя інвэстыцыяў, абяцаюць забясьпечыць іх нафтай. "Сургутнафтагаз" намераны паставіць сёлета 8 мільёнаў тон нафты, а "Слаўнафта" - яшчэ 5 мільёнаў тон.

Трэба адзначыць: у "Слаўнафты" й "Сургутнафтагазу" ёсьць сур'ёзныя канкурэнты. Аналягічную схему ўдзелу ў акцыянаваньні беларускаму кіраўніцтву прапануюць расейская фірма "Лукойл" і група кампаніяў "Ітэра". Іхныя прапановы нязначна адрозьніваюцца ад таго, што абяцаюць "Слаўнафта" й "Сургутнафгаз".

Дарэчы будзе нагадаць, што расейскія кампаніі ўжо шмат гадоў спрабуюць узяць удзел у прыватызацыі заводаў "Нафтан" і "Палімір". Аднак пакуль беларускае кіраўніцтва ня дало згоды ніводнай зь іх.

Аліна Ісакоўская

Радыё Рацыя
0058648