Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    272812345
    6789101112
    13141516171819
    20212223242526
    272829303112

Общество


На паўторным адкрыцьці мэмарыялу да прысутных зьвярнуліся амбасадар ЗША Майкл Козак і намесьнік міністра Вярхоўнага Савету Беларусі Аляксандар Сычоў. Спадар Козак у сваёй прамове зьвязаў лёс Курапатаў і разьвіцьцё дэмакратыі ў нашай краіне. Са словаў намесьніка міністра замежных справаў Аляксандра Сычова вынікала, што Курапаты нарэшце афіцыйна прызнаныя ўладамі за месца пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Мэмарыяльная лава - гучыць неяк нечакана: можа, занадта пабытова. Але ў такім месцы, як Курапаты, гэта адзіна праўдзівае азначэньне: адвеку беларусы каля магіл ставілі лаўку, на якую можна прысесьці ў одуме пра вечнасьць, завітаўшы да памерлых. Паўстае тут і больш сучасны й зямны сэнс: Курапаты былі лаваю падсудных для тых, каго ў гэтым лесе выракалі на сьмерць.

Пра беларускую трагедыю ў Курапатах памятаюць ня толькі беларусы. І пацьверджаньнем таму ёсьць сёньняшняе аднаўленьне мэмарыяльнай лаўкі, усталяванае ў 1994 годзе ў гэты самы дзень Прэзыдэнтам ЗША Уільямам Джэфэрсанам Клінтанам. Помны знак давялося ствараць наноў: мінулым летам лаўку разьбілі невядомыя вандалы. Скульптару Алесю Шатэрніку ўдалося рэстаўраваць помнік, які некалі сам і сатварыў.

У прамове пад час цырымоніі Майкл Козак, Надзвычайны й Паўнаважны амбасадар ЗША ў Беларусі, падкрэсьліў: "Шмат хто запытваецца, чаму Злучаныя Штаты Амэрыкі так пільна цікавяцца формамі кіраўніцтва ў іншых краінах. Адказ на гэтае пытаньне - патлумачыў прамоўца - знаходзіцца менавіта ў такіх месцах, як Курапаты. Тут было забіта шмат людзей, якія сталіся ахвярамі тагачаснага кіроўнага ўраду, і шмат хто з тых забітых працаваў на гэтую ўладу. Дэмакратычныя сыстэмы, скіраваныя на адкрытасьць і празрыстасьць, ёсьць лепшаю перасьцярогай ад гэткіх страшэнных злачынстваў. І, наадварот, бяз гэткіх гарантыяў найбольш цынічныя ды жорсткія людзі атрымліваюць і ўтрымліваюць уладу, прымушаючы іншых сьцішыць свае галасы са страху стацца наступнай ахвяраю".

У сваю чаргу, беларускі бок у асобе намесьніка міністра замежных справаў Аляксандра Сычова выказаў удзячнасьць амбасадзе ЗША. "Дзень 15 студзеня 1994 году Беларусь памятае ня толькі як дзень усталяваньня помнага знаку ў Курапатах, але як істотную дату ў беларуска-амэрыканскіх адносінах. Сёньня, аднаўляючы мэмарыяльны знак, мы заяўляем, што нашыя нацыі належаць да адной цывілізацыі, падзяляюць адны й тыя ж каштоўнасьці". Паводле А. Сычова, і беларускі, і амэрыканскі народы катэгарычна не прымаюць і супрацьстаяць таталітарызму й тэрарызму.

У часе хвіліны маўчаньня й малітвы амбасадар Козак разам з усімі запаліў сьвечку ў памяць пра загінулых, дзіцячы хор Чырвонага Касьцёлу выканаў гімн "Магутны Божа".

Я зьвярнулася да некаторых прысутных з пытаньнем: што ёсьць самою сутнасьцю Курапатаў.

Леанід, сябра Аб'яднанае грамадзянскае партыі, ды Аляксандар Атрошчанкаў, актывіст руху супраціву "Зубр", схіляюцца да думкі, што ва ўрочышчы Курапаты лучацца сёньня й ўчора Беларусі.

- Тое, што цяпер адбываецца з дырэктарскім корпусам, тое, што адбывалася зь вядомымі палітыкамі, журналістамі, якія проста зьніклі, - можа здарыцца з кожным чалавекам у Беларусі. І гэта яшчэ раз пацьвярджае: дыктатура ў 1937 і дыктатура ў 2001 годзе мае адзін твар.

- Курапаты - гэта сымбаль адзінства. Тут нараджаецца новая Беларусь. Тут нарадзілася новае пакаленьне маладых палітычных лідэраў, якія ня будуць змагацца адзін з адным, але разам будуць змагацца зь сёньняшнім рэжымам. З рэжымам, які ёсьць копіяй колішняга рэжыму, вінаватага за безьліч курапацкіх ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускае мовы, ды Вінцук Вячорка, старшыня БНФ "Адраджэньне", расцэньваюць наладжаную амбасадай ЗША імпрэзу як перамогу ў барацьбе за зьберажэньне Курапатаў-мэмарыялу.

А.Т.: - Самая сутнасьць - што тут перамагла моладзь. Я вельмі рады, што на зьмену нам, палітыкам яшчэ, так бы мовіць, савецкай хвалі, прыйшла новая моладзь. Прыйшла й перамагла. Бо Сычоў сёньня вымушаны быў прызнаць: тут ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсій. І гэта перамога ня столькі нашая, колькі той моладзі, якая тут самаахвярна змагалася за Курапаты.

В.В.: - Шчасьлівы лёс расшуканае й выратаванае помнае лавы, ініцыятыва амэрыканскае амбасады аднавіць яе - гэта, можна сказаць, дабіла ўлады. І яны вымушаныя былі сёньня вуснамі намесьніка міністра замежных справаў Сычова прызнаць тую праўду, якую ўсе й так ведалі. І адгэтуль усе замахі на непарушнасьць гэтае мясьціны становяцца немагчымымі.

Можа, і ўзапраўду нарэшце Курапаты здабудуць спакой? Ці нястомныя й зацятыя "этапы" змаганьня не спыніліся? Тое, што цягам аднаўленьня мэмарыяльнага знаку рамонтныя працы не вяліся, дае надзею: голас памяці пачалі слухаць.

Юлія Дранчук

Радыё Рацыя