Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У лябараторыі Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь быў зроблены хімічны аналіз рэчыва, атрыманага Ігарам Дзякавым з дапамогаю самаробнага абсталяваньня. Вынікі аналізаў паказалі, што баранавіцкі прадпрымальнік здолеў атрымаць з сынтэтычнага каўчуку зыходны прадукт - нафту.

Ігар Дзякаў на гэтым не спыніўся. Шляхам далейшае апрацоўкі гэтае нафты ён вырабіў зь яе 15% бэнзыну і 40% адсоткаў - дызэльнага паліва. Гэтыя прадукта таксама былі дасьледаваныя ў лябараторных умовах. Цікава, што паліва, атрыманае з гэтае нафты, зьяўляецца высокаактанавым і пасьля дадатковае рэктыфікацыі мае характарыстыкі высакаякаснага аўтамабільнага бэнзыну.

Тэхналёгія перапрацоўкі аўтамабільных шынаў прызнаная, да таго ж, экалягічна чыстаю. Апроч бэнзыну й дызэльнага паліва, пры перапрацоўцы можна атрымаць газ і бітум. Ад аўтамабільных шынаў застаецца толькі мэталакорд, а ўсе астатняе ізноў можна выкарыстоўваць.

Пасьпяховы іспыт уласнае тэхналёгіі ды абсталяваньня натхніў Ігара Дзякава на стварэньне пакуль што невялікага перапрацоўчага прадпрыемства. Па папярэдніх разьліках, яно будзе ўтылізаваць цягам 24 гадзін да сотні тонаў скарыстаных аўтамабільных шынаў і выпрацоўваць прыкладна гэткую ж колькасьць нафтапрадуктаў. Прылады для атрыманьня з нафты бэнзыну й дызэльнага паліва, а таксама - для яго далейшага рэктыфікаваньня прадпрымальнік разьлічвае набыць у Расеі. На сёньняшні дзень Ігар Дзякаў займаецца нарыхтоўкаю сыравіны - ён сабраў ужо больш за дзьвесьце тонаў аўтамабільных шынаў.

Сяргей Місіюк

Радыё Рацыя
0058648