Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Дзяржава ня будзе сьпісваць гаспадаркам іх калясальныя даўгі, а хутчэй за ўсё, пойдзе на рэструктурызацыю калгасаў, - заявіў на выязным паседжаньні Прэзыдыюму Савету міністраў у Гомлі прэм'ер-міністар Генадзь Навіцкі. Вялікай праблемай дзяржавы спадар Навіцкі назваў падтрымку сельскагаспадарчага вытворцы й падзяліўся сваімі назіраньнямі. "Па маёй асабістай ацэнцы, падтрымка сельскай гаспадаркі дастаткова вялікая, а яе эфэктыўнасьць, шчыра скажам, неадэкватная", - сказаў прэм'ер-міністар. Аддаючы належнае дакладнасьці, зь якой кіраўнік ураду ацаніў сытуацыю, нельга назваць гэтае назіраньне арыгінальным. Размова пра рэформы на выязным паседжаньні вельмі хутка зьвялася да размовы пра страх і безыніцыятыўнасьць.

Размовы пра стан сельскае гаспадаркі пачаліся сёлята задоўга да вясны, яшчэ да таго як адсьвяткавалі так званы стары новы год. Нагодаю для актывізацыі сельскагаспадарчае тэмы стала выязное паседжаньне Прэзыдыюму Савету міністраў Беларусі ў Гомелі. Між тым, сапраўдная прычына зімовае сустрэчы, прысьвечанай крызыснай сытуацыі аграпрамысловага комплексу, што бачаць ня толькі кіраўнікі гаспадарак і шараговыя калгасьнікі. Пра крызіс заявіў і прэм'ер-міністар краіны Генадзь Навіцкі. Ён прызнаў, што крызіс "дасягнуў такой глыбіні, што аднымі толькі адміністрацыйнымі захадамі яго ня вырашыш". Разам са спадаром Навіцкім у выязным паседжаньні ўдзельнічаў і кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Анатоль Тозік. Прэм'ер міністар паабяцаў, што будуць выкарыстоўвацца шматлікія варыянты рэфармавання адсталых прадпрыемстваў. А кіраўнік Камітэту дзяржкантролю запэўніў прысутных на пасяджэньні кіраўнікоў гаспадарак у тым, што, пакуль ён будзе на гэтай пасадзе, ніводзін зь іх ня будзе прыцягнуты да адказнасьці за экспэрымэнты ў галіне рэфармаваньня. "Толькі не кладзіце ва ўласную кішэню", - папярэдзіў Тозік.

Меркаваць пра рэакцыю прысутных на паседжаньні старшыняў калгасаў можна па радыкальным выказваньні былога міністра сельскае гаспадаркі Васіля Лявонава, які наконт абяцанак быў катэгарычны.

В.Л.: - Па-расейску кажучы, "блудословие" - бессэнсоўная балбатня.

Разважаючы пра выхад з крызісу, у якім апынулася сельская гаспадарка Беларусі, кіраўнік ураду адзначыў, што трэба дзейнічаць "праз інтарэсы чалавека" й перш за ўсё праз інтарэс да ўласнасьці. Паводле словаў Навіцкага, "трэба стварыць такія ўмовы, каб тыя людзі, якія будуць сеяць і ўбіраць ураджай, мелі магчымасьць манэўру" ў распараджэньні вырашчанай прадукцыяй.

Але размова аб праблемах аграпрамысловага комплексу вельмі хутка зьвялася да размовы пра пра страх і безыніцыятыўнасьць. Менавіта страх і безыніцыятыўнасьць кіраўнікоў стрымліваюць рэфармаваньне АПК, -- гэткую выснову агучыў старшыня Гомельскага аблвыканкаму Аляксандар Якабсон, які шчыра паведаміў, што ў разважаньнях старшыняў калгасаў прысутнічае "момант боязі": яны асьцерагаюцца, што заўтра сытуацыя зьменіцца на супрацьлеглую. Гэта, на думку Якабсона, асноўная прычына таго, што ў раёнах і ў гаспадарках няма дакладнай праграмы дзеяньняў.

Ці была калі-небудзь дакладная праграма дзеяньняў і якімі гэтыя дзеяньні павінны быць, каб вывесьці сельскую гаспадарку з крызісу. Разьвіцьцё фэрмэрства ці бясконцае рэфармаваньне калгасаў? Васіль Лявонаў лічыць, што магчымасьці выхаду з крызісу трэба шукаць зусім у іншым кірунку.

В.Л.: - Фэрмэрства - гэта пройдзены этап. Але мы не павінны забараняць таму, хто здольны быць фэрмэрам. Павінна быць перш за ўсё свабода. А эканамічная свабода не бывае бязь іншай свабоды.

RR: - Мы не павінны ісьці шляхам краінаў, дзе разьвіваюцца фэрмэрскія гаспадаркі?

В.Л.: - У нас няма такой неабходнасьці. Былыя ўласьнікі сёньня не выказваюцца за тое, каб атрымаць сваю землю. Іх ужо няма. Ні ўласьнікаў, ні іх спадкаемцаў. І вельмі мала тых людзей, якія жадалі б быць фэрмэрамі. Калі яны ёсьць - калі ласка. Павінна быць права выбару. Я супраць таго, каб неяк штучна расьцілі фэрмэраў. Ня трэба навязваць такую палітыку. Павінна быць воля. Калі я хачу быць фэрмэрам - дайце мне зямлю. Калі я хачу быць трактарыстам, даяркаю - дайце магчымасьць працаваць.

RR: - Але не ў калгасе?

В.Л.: - Калгасаў не павінна быць. Павінна быць іншая гаспадарка, заснаваная на ўласнасьці, на свабодзе выбару, на свабодзе дзеяньняў.

Што тычыцца цяперашніх заклікаў высокіх чыноўнікаў да старшыняў калгасаў, каб тыя сьмела ішлі на экспэрымэнты, Васіль Лявонаў параіў узгадаць пра слынны "Рассвет" Васіля Старавойтава. Тыя, хто адважыцца на працу з ініцыятываю, якая мела б плён, паводле Васіля Лявонава...

В.Л.: - Будуць яны пакараныя. Бяз зьмены палітычнае ўлады ніякіх рэформаў у Беларусі быць ня можа. Ні ў воднай галіне. Экспэрымэнты могуць рабіць свабодныя людзі. Але свабодныя людзі ня будуць мірыцца зь цяпершняю ўладаю.

Супрацоўнікі Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі правялі сярод жыхароў Добрускага раёну (Гомельская вобласьць) сацыялягічнае дасьледаваньне. На пытаньне: "Ці патрэбна цяпер рэфармаваць аграпрамысловы комплекс рэспублікі?" сьцьвярджальна адказалі 56% апытаных. Аўтар дасьледаваньня - доктар сацыялягічных навук Валеры Кліменка - зазначыў, што на пытаньне: "У якім кірунку неабходна ўдасканальваць дзейнасьць сельгаспрадпрыемстваў?", адзін зь пяці адказаў, што існая мадэль арганізацыі сельскай гаспадаркі - дастаткова эфэктыўная і ніякіх зьменаў у дзейнасьць калгасаў і саўгасаў уносіць ня трэба. Але зьмены, каб выжыць, патрэбныя найперш самім калгасьнікам. Ад вынікаў іхняе працы на цяпершні час грамадзтва не залежыць. Інакш кажучы, калгасьнікі ўжо даўно не ствараюць харчовай бясьпекі краіны.

В.Л.: - Няма ніякага страху. Хлеб прывязуць з Расеі. Сёньня расейскі хлеб у два разы таньнейшы за беларускі. А вось што будуць рабіць сяляне бяз працы? Пракарміць сябе яны пракормяць, але ж трэба й дзяцей вучыць, і апранацца. А прадуктаў харчаваньня хопіць. З усходу прывязуць колькі трэба.

Галіна Жарко

Радыё Рацыя
0058648