Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


На гэтым тыдні Менск наведала бэльгійская делегацыя, у якую ўваходзілі прадстаўнікі бізнэсу гэтай краіны. Мэтай візыту было ўсталяваньне дзелавых кантактаў. Трэба заўважыць, што бізнэсоўцы з разьвітых краінаў Захаду надзвычай рэдка наведваюць дзяржаву рынкавага сацыялізму. Таму прыезд бэльгійцаў беларускіх чыноўнікаў вельмі абнадзейвае.

Як высьвятляецца, бэльгійскія інвэстыцыі прысутнічаюць у нашай эканоміцы ўжо даволі даўно. У Беларусі зарэгістравана 12 прадпрыемстваў са стопрацэнтным бэльгійскім капіталам і 5 СП з доляю замежнага ўдзельніка, большай за мільён даляраў. Мала таго, на тэрыторыі нашай краіны працуюць 5 прадстаўніцтваў бэльгійскіх фірмаў.

Але тавараабарачэньне паміж Беларусьсю ды Бэльгіяй адносна невялікае. За студзень-верасень гэтага году яно склала 64 мільёны 300 тысяч даляраў. Па гэтым паказьніку Каралеўства Бэльгія займае 12-е месца сярод іншых эўрапейскіх партнэраў Беларусі.

Зрэшты, сытуацыю магчыма палепшыць. Дэлегацыя начале з прэзыдэнтам Бэльгійска-люксэмбурскай гандлёвай палаты П'ерам-Анры Віньі правяла шэраг перамоваў аб супрацоўніцтве зь беларускімі міністэрствамі ды ведамствамі, сустрэлася з кіраўнікамі малых і дробных прадпрыемстваў, а таксама азнаёмілася з магчымасьцямі свабодных эканамічных зонаў. Апошнія выклікалі вялікую цікавасьць. Аднак пра канкрэтныя інвэстыцыйныя бэльгійскія праекты, паводле словаў спадара Віньі, казаць пакуль рана.

П.-А.В.: Калі мы й будзем супрацоўнічаць, то толькі зь сярэднімі прадпрыемствамі. Справа ў тым, што ў вашай краіне, як і ў нашай, у будучыні асаблівую ўвагу будуць аддаваць малому й сярэдняму бізнэсу. У Бэльгіі, напрыклад, цяпер 26 тысяч прадпрыемстваў, толькі тысяча зь іх мае ў штаце менш за 100 чалавек.

Таксама бэльгійскіх бізнэсоўцаў цікавіць нашая сельская гаспадарка. Пад час візыту ў Менск яны правялі перамовы ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі аб праектах у гэтай галіне.

П.-А.В.: Мы мяркуем арандаваць 3 - 5 тысяч гэктараў зямлі, каб наладзіць сельскагаспадарчую вытворчасьць. Таксама мы хочам стварыць біржу садавіны й гародніны. Ёсьць у нас і праект, які тычыцца вытворчасьці алею.

Спадар Віньі дыпляматычна сьцьвярджае, што бэльгійскія інвэстары адчуваюць сябе ў Беларусі нармальна. Жыхароў нашай краіны яны любяць, а з уладамі пакуль не сварыліся.

П.-А.В.: Мы размаўлялі з адным нашым інвэстарам, які працуе ў Беларусі ўжо сем гадоў. Спачатку яму не пашанцавала: фірма зачынілася. Але цяпер ён працуе над іншым праектам. І ўсё йдзе нармальна. Ён плаціць усё, што трэба плаціць, і ніводзін кантралёр не знайшоў у яго парушэньняў. Таксама гэты інвэстар мае добрыя стасункі зь мясцовымі ўладамі.

Аднак асаблівых надзеяў на дарагіх заморскіх гасьцей пакуль ускладаць ня варта. Як адзначала кіраўніцтва Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, іхны візыт хутчэй "выведка боем", чым сьведчаньне аб сур'ёзных намерах. Да таго ж, як сказаў адзін з кіраўнікоў БелГПП, у нас "рухальнай сілаю бізнэсу ёсьць чыноўнікі - у станоўчым сэнсе гэтага слова". Таму залежаць усё будзе толькі ад іхнага настрою.

Юлія Шарова

Радыё Рацыя
0058648