Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Праграма рэфармаваньня да 2005 году зацьверджана Магілеўскім аблвыканкамам і, паводле плянаў, у рэгіёне маюць патрэбу ў рэфармаваньні 84 сельскія гаспадаркі - амаль чацьвёртая частка з агульнай колькасьці.

Рэформа сельскіх гаспадарак - адзін з кірункаў праграмы гэтак званага ўдасканаленьня аграпрамысловага комплексу. Згодна з гэтай праграмай, усе сельскія гаспадаркі Магілеўшчыны, якіх больш за 360, падзелены на тры групы.

З аналізаваньня іхнага стану выявілася: толькі 21 гаспадарка - няпоўныя 6 адсоткаў - прызнаная за ўстойлівую. 264 калгасаў і саўгасаў - мяркуюць спэцыялісты - здольныя весьці вытворчасьць, але насёньня й яны нерэнтабэльныя, працуюць без прыбыткаў. 79 сельскіх гаспадарак Магілеўшчыны - пятая частка ад агульнага іх ліку - знаходзяцца ў крытычным становішчы.

Вырашана, што будуць рэфармаваны 84 гаспадаркі - амаль чвэрць. Прычым, некаторыя зь іх патрабуюць тэрміновага ўмяшальніцтва.

Самая вялікая колькасьць калгасаў і саўгасаў - 30 - адважылася пайсьці на стварэньне ў межах гаспадаркі, якая сёньня існуе, самастойных падразьдзяленьняў і каапэратываў. Амаль столькі ж гаспадарак пойдзе па шляху санацыі, якая прадугледжвае скарачэньне выдаткаў на вытворчасьць: спісаньне пасяўных плошчаў, скарачэньні людзей і ўвядзеньне рэжыму жорсткай эканоміі на ўсім, на чым толькі магчыма.

Гэта два найбольш бязболевыя шляхі рэфармаваньня, якія дазваляюць сялянам ды іхным кіраўніком без асабліва рэвалюцыйных пераўтварэньняў працягнуць існаваньне. Сяляне жывуць з прыпцыпу: ня можа быць гэтак дрэнна, каб не магло быць яшчэ горш.

У Магілеўскай вобласьці будзе створана толькі чатыры акцыянэрных таварыствы на базе цяперашніх калгасаў. Прывід АТ "Рассвет" Кіраўскага раёну на чале з Васілём Старавойтавым і ягоны лёс палохае сялян, і асабліва іхных кіраўнікоў. А раней жа ў рэгіёне было ці не зашмат сельскагаспадарчых акцыянэрных таварыстваў, і зрабіцца гэткімі лічылася вельмі сучаснай і перадавой справай. Ды пасьля гісторыі з "Рассветам" яны ўсе ціхенька й хуценька ператварыліся ў звыклыя калгасы, назвы якіх не выклікаюць недаверу праваахоўчых органаў і непатрэбных асацыяцыяў.

Нават у банкруты захацела пайсьці болей сельскіх гаспадарак - і справы па некаторых зь іх Гаспадарчы суд прыняў ужо да разгляду.

Сем бедных калгасаў будуць у добраахвотна-прымушальным парадку зьяднаныя з прамысловымі прадпрыемствамі. Гэта ня ёсьць навіною ў рэфармаваньні, і звычайна справа заканчваецца скаргамі й настойлівамі просьбамі прамыслоўцаў забраць ад іх сялян зь іхнымі праблемамі й укладам жыцьця.

Калгасьнікі зусім ня хочуць карыстацца ў рэфармаваньні рознымі формамі арэнды, а таксама дзяліцца на асобныя гаспадаркі. Па-першае, у такім выпадку трэба працаваць; па-другое, і для арэнды, і для стварэньня новай структуры вытворчасьці патрэбен стартавы капітал. Калі няма грошай, то пачынаць у калгасе новае жыцьцё "з панядзелка" няпроста. Напрыклад, у Чавускім раёне прадпрымальнік узяў у арэнду калгас, але ніхто не згадзіўся пачакаць зь вяртаньнем запазычанасьцяў гэтай гаспадаркі - і выдатная ініцыятыва была загубленая.

Але найбольш непрывабным сучаснаму селяніну бачыцца фэрмэрства. Ніхто ня хоча браць на сябе адказнасьці. І да таго ж, няма маёмасьці, якую можна закласьці ў банку, каб атрымаць крэдыт. Сяляне цьвёрда перакананы: калгасьніку дзяржава заўсёды дапаможа, а вось фэрмэру ды ўласьніку - наўрад ці.

Ганна Юрчанкова

Радыё Рацыя
0058648