Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


На апошні дзень 2001 году ў Магілеве быў прызначаны вялікі аўкцыён па продажы акцыяў адкрытых акцыянэрных таварыстваў, якія знаходзяцца ў абласной камунальнай прыватнасьці. Прапаноўвалася набыць акцыі 12 прадпрыемстваў. Але выявілася, што ахвотнікаў на акцыі беларускіх заводаў няма. Ніводнай афіцыйнай заяўкі на ўдзел так і не было пададзена. Аўкцыён адкладзены.

На магілеўскі аўкцыён, які вельмі шырока загадзя анансаваўся, вырашана было выставіць пакеты акцыяў 12 адкрытых акцыянэрных таварыстваў. На адкрытым конкурсе Магілеўскі абласны камітэт па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю й прыватызацыі прапаноўваў набыць за грошы акцыі пераважна перапрацоўчых прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў раённых цэнтрах рэгіёну. Сярод іх тры малочныя камбінаты й пяць масласырзаводаў, Бялыніцкі крухмальны завод, Магілеўская фабрыка марозіва, Слаўгарадзкі гародніна-сушыльны завод і Бабруйская фабрыка пабытовай мэблі.

Контрольныя пакеты акцыяў большасьці названых прадпрыемстваў належаць дзяржаве. Але бюджэт ня ў стане забясьпечыць інвэстыцыі для гэтых невялікіх і састарэлых вытворчасьцяў, а таму дзяржава змушана прадаць частку сваіх акцыяў. Аднак высьветлілася, што ніхто ня хоча іх набываць.

Наагул, паводле прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця й бюджэту, Магілеўская вобласьць павінна сёлета атрымаць ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці 3 мільярды рублёў. Нават на стадыі прыняцьця прагнозаў гэтая лічба, як вельмі малая, была раскрытыкаваная кіраўніцтвам Магілеўскага аблвыканкаму. Меркавалася, што ў час дэфіцыту бюджэту й аб'яўленай у краіне лібэралізацыі можна й трэба прыстойна зарабіць на працэсах разьдзяржаўліваньня.

Паправіць становішча меркавалася, у прыватнасьці, за кошт буйных аўкцыёнаў па продажы акцыяў і маёмасьці, першы зь якіх і быў прызначаны на апошні дзень мінулага году. Прапаноўвалася набыць пакеты акцыяў - ад 25 да 5 адсоткаў. Большасьць акцыянэрных таварыстваў плянавала прадаць 10-адсоткавыя пакеты сваіх акцыяў. Першапачатковы кошт іх таксама быў розны: самая танная акцыя Слаўгарадзкага гародніна-сушыльнага заводу каштуе амаль 5 з паловай тысяч беларускіх рублёў, а самая дарагая - "Бабруйскбытмэблі" - больш за 20 тысяч рублёў.

Аднак конкурсны продаж акцыяў давялося адмяніць - з тае прычыны, што не было пададзена ніводнай афіцыйнай заяўкі на ўдзел у ім. Атрымліваецца, нікому акцыі й гэтыя заводы не патрэбныя. І нават тых 3 мільярдаў Магілеўская вобласьць яшчэ можа й не зарабіць на прыватызацыі сваёй дзяржаўнай маёмасьці.

Ёсць інфармацыя, што пэўную цікавасьць да малочных камбінатаў усходняй зоны Магілеўшчыны выяўлялі патэнцыйныя інвэстары з Расеі, аднак у іх узьніклі некаторыя праблемы зь пераводам грошай. Таксама малочнай прамысловасьцю цікавіліся прадпрымальнікі зь Менску. І ня толькі прадпрыемствы й арганізацыі, але й прыватныя асобы. Аднак усе яны абмежаваліся толькі зацікаўленьнем. І гэтага ж нават ня выявілі прадстаўнікі краін СНД - акрамя Расеі. А тым больш - Захаду.

Аўкцыён у Магілеве адкладзены на больш позьні тэрмін. Спэцыялісты лічаць, што патэнцыйныя інвэстары - тыя, хто мае магчымасьць і жаданьне выдаткаваць сродкі на невялікія прадпрыемствы на ўсходзе Беларусі, чакаюць дакладных "правілаў гульні" - гэта значыць, закону аб прыватызацыі й разьдзяржаўліваньні, а таксама і пэўных захадаў па лібэралізацыі гэтага працэсу. Карацей, прадпрымальныя людзі не сьпяшаюцца пакуль набываць маёмасьць у Беларусі.

Ганна Юрчанкова

Радыё Рацыя
,