Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


5-га студзеня да журналістаў зьліквідаванай нядаўна гарадзенскай недзяржаўнай газэты "Пагоня" можа быць выстаўлена афіцыйнае вінавачаньне за паклёпніцтва на прэзыдэнта РБ. Позвамі ім прапанавана зьявіцца ў Гарадзенскую абласную пракуратуру са сваімі адвакатамі - а гэта значыць ужо ня проста ў якасьці сьведкаў.

Позвы ў пракуратуру прыйшлі на імя галоўнага рэдактара "Пагоні" Міколы Маркевіча й журналіста Паўла Мажэйкі - аўтара аднае з публікацыяў у 36-м нумары выданьня, паводле якое была заведзена крымінальная справа. Зьмест свайго матэрыялу нагадвае сп. Мажэйка.

П.М.: - Публікацыя мела назву "Ідзем на выбары", дзе я, як кожны нармальны, здаровы грамадзянін сваёй краіны, задаваўся такім рытарычным пытаньнем: ці можа быць вартым народнае падтрымкі чалавек, які змагаецца са сваімі палітычнымі апанэнтамі, забіваючы іх? Пытаньне, што называецца, у паветра. І мяне найбольш зьдзівіла й абурыла, што гэтым зацікавілася пракуратура, і што менавіта па гэтым выказваньні была адкрытая крымінальная справа.

З інфармацыі з канфэдэнцыйных крыніцаў, вінавачаньне да Паўла Мажэйкі пракуратура зьбіралася выставіць яшчэ 3-га студзеня. Аднак у чацьвер яго дапыталі толькі як сьведку й прызначылі наступную "аўдыенцыю" на 5-га - разам зь Міколам Маркевічам. Гаворыць сп. Маркевіч - галоўны рэдактар "Пагоні".

М.М.: - Адбываецца нешта незразумелае абсалютна. Магчыма, да нас выставяць зьвінавачаньне, а, магчыма, нешта ў іх "не станцоўвае". Сёньня ўжо лёгіку дзеяньняў сьледчага Алега Кулевіча дыктуе незаконнае рашэньне Гаспадарчага суду. Пры такім рашэньні Гаспадарчага суду, як закрыцьцё газэты, ды каб не былі асуджаныя тыя, хто зрабіў паклёп? Паводле лёгікі гэтых людзей, - гэта нонсэнс... Справа не даведзена да канца. І таму я прагназую, што ўладзе вельмі важна, каб нашыя справы былі працягнутыя.

На думку Міколы Маркевіча, сэнс крымінальнага перасьледу журналістаў - ня толькі ў тым, каб завершыць распачатае, але й у тым, каб гэтакім чынам застрашыць іншыя недзяржаўныя выданьні датычна друкаваньня матэрыялаў на вострыя тэмы. Гэткае ж думкі трымаецца й Павал Мажэйка.

П.М.: - Адчуваньне такое, што ідзе нейкі паказальны працэс, дзе мне, Міколу Маркевічу, дый фактычна ўсім незалежным журналістам Беларусі, спрабуюць паказаць, што альфабэт і рот дадзеныя толькі для таго, каб маўчаць. Мы ж, са свайго боку, спрабуем адстаяць сваё права выказваць уласную пазыцыю, уласнае меркаваньне.

Журналісты "Пагоні", як і раней, штодня прыходзяць у рэдакцыю. Пасьля закрыцьця газэты працы ня стала меней, а нават дадалося, - кажа галоўны рэдактар Мікола Маркевіч.

М.М.: - Мы цяпер робім 2, а то й 3 справы: па-першае, мы робім усё магчымае, каб незаконнае рашэньне суду было скасаванае, каб "Пагоня" ўсё-такі адрадзілася. Мы робім усё дзеля таго, каб адбыліся парлямэнцкія слуханьні ў суседніх краінах па гэтай праблеме - адносна свабоды слова на Беларусі. Мы робім усё магчымае, каб Эўропа ў перамовах аб лібэралізацыі сваіх адносінаў з гэтым рэжымам мела на ўвазе ў якасьці адной з умоваў нармалізацыі гэтых стасункаў вяртаньне "Пагоні" да нармальнага жыцьця. Акрамя таго, мы робім інтэрнэт-вэрсію "Пагоні" - мы абнаўляемся рэгулярна, падаем інфармацыю. І адначасова мы думаем, якой бы магла быць іншая газэта, калі нам ня ўдасца аднавіць "Пагоню". Мы будзем рабіць усё магчымае для таго, каб зарэгістраваць новае беларускамоўнае выданьне, якое было б ня горшым, а нават лепшым за "Пагоню".

Дадамо: у выпадку, калі 5-га студзеня да журналістаў усё ж такі будзе выстаўлена афіцыйнае вінавачаньне па артыкуле 367 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь - паклёп на прэзыдэнта РБ у сродках масавай інфармацыі - ім можа пагражаць пазбаўленьне ці абмежаваньне волі тэрмінам да 4 гадоў, штраф ці папраўчыя работы тэрмінам да 2 гадоў.

Вольга Бабак

Радыё Рацыя
,