Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Кіраўнік Беларусі вінаваціць расейскае кіраўніцтва за нежаданьне будаваць саюзную дзяржаву й заяўляе: "Беларусь як сувэрэнная й незалежная дзяржава згублена быць ня можа". Разам з тым, беларускі лідэр лічыць, што ў межах саюзу мусяць быць створаны не міждзяржаўныя, а наднацыянальныя органы - у тым ліку, саюзны парлямэнт.

Аляксандар Лукашэнка не патлумачыў, як спалучыць панятак сувэрэнітэту з наднацыянальнымі органамі. Ён аддаў загад знайсьці "такую формулу й алгарытм, якія дагэтуль пакуль не вядомы". Пошукі гэтага альгарытму могуць быць доўгімі - прагназуюць назіральнікі, камэнтуючы вынікі пятнічнай нарады з удзелам ураду ў пытаньні стварэньня саюзнай дзяржавы.

Тое, што Аляксандар Лукашэнка будуе саюзную дзяржаву паводле мадэлі, вядомай толькі яму самому, ён яшчэ раз пацьвердзіў на нарадзе з удзелам ураду, прысьвечанай пытаньню саюзу Беларусі й Расеі. З аднаго боку, беларускі лідэр заявіў: "Беларусь як незалежная й сувэрэнная дзяржава згублена быць ня можа, і мы ня маем на гэта права".

Зь іншага боку, Лукашэнка патрабуе стварэньня не міждзяржаўных уладных органаў з дарадчымі функцыямі, а наднацыянальных органаў саюзнай дзяржавы, якія прымалі б абавязковыя для выкананьня рашэньні. І гэта павінна быць прапісана ў Канстытуцыйным акце, на прыняцьці якога настойвае афіцыйны Менск. Адным з тых органаў Лукашэнка назваў саюзны парлямэнт, дэпутатаў якога "трэба нарэшце выбраць".

Дзеля таго, каб спалучыць гэтыя дыямэтральна супрацьлеглыя прынцыпы пабудовы саюзу, Лукашэнка прапануе "ўпершыню ў гісторыі знайсьці такую формулу й алгарытм паводзінаў у стварэньні саюзнай дзяржавы, якія да гэтага часу пакуль не вядомыя". Да пошукаў такога "невядомага альгарытму" беларускага лідэра змусілі апошні візыт у Маскву й несуцяшальныя перамовы з Уладзімірам Пуціным. На нарадзе кіраўнік Беларусі прызнаўся, што ў тактыцы збудовы саюзнай дзяржавы з Расеяй узьнік шэраг спрэчных момантаў

Апошнія гады Крэмль - нагадаю - пераводзіць саюзныя дачыненьні з рэчышча палітычных дэклярацыяў у рэчышча эканамічных дачыненьняў. У Маскве Аляксандру Лукашэнку ясна далі зразумець: ні пра канстытуцыйны акт, ні пра выбары ў саюзны парлямэнт, ні пра стварэньне 2 наднацыянальных органаў там слухаць не жадаюць. Крамлёўскае кіраўніцтва, якое вучыцца лічыць грошы, зь відавочна большай ахвотай разважае пра сынхранізацыю эканамічных мадэляў у Беларусі й Расеі.

Гэта выклікае непрыхаванае раздражненьне ў Аляксандра Лукашэнкі. "Мы ня можам, хаця й у год каня, скакаць на конях усьлед за Расеей і прымаць тое, што выгодна ёй", - абураўся беларускі лідэр. Ён крытыкаваў няўзгодненасьць у сфэры мытнага рэгуляваньня, рытарычна пытаўся, ці паведаміла Масква беларускаму боку пра падвышэньне мытных тарыфаў на замежныя аўтамабілі.

Лукашэнка канстатаваў: на беларуска-расейкай мяжы па-ранейшаму захоўваюцца мытны кантроль і афармленьне тавараў, якія патрапляюць з трэціх краінаў. Аднак самае страшнае, на думку беларускага лідэра, тое, што гэтым самым мы "перашкаджаем перасоўваньню грузаў, рабочай сілы й капіталаў".

Агенцыя Інтэрфакс падае выказваньне Лукашэнкі пра кошты на расейскія энэргарэсурсы, якія Масква згодна прадаваць Беларусі па ўнутраных коштах. "Расея, - заявіў Лукашэнка - гатовая сёньня ўвесьці для Беларусі такія ж кошты на энэргарэсурсы, як і ў яе. Аднак яна выстаўляе шэраг умоваў".

Што гэта за ўмовы, Лукашэнка не ўдакладніў. Аднак назіральнікі схільныя лічыць, што гаворка вядзецца пра акцыянаваньне шэрагу буйных беларускіх прадпрыемстваў расейкім капіталам. Крэмль усё часьцей нагадвае пра сьпіс беларускіх прадпрыемстваў, абяцаных расейскаму капіталу напярэдадні леташніх прэзыдэнцкіх выбараў. Разумеючы, што на практыцы гэта будзе азначаць страту рэальнай улады, афіцыйны Менск і распачынае пошукі "невядомага альгарытму інтэграцыі", шукаць які можна бясконца.

Юрась Карманаў

Радыё Рацыя