Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


На просьбу ТБМ пра тое, каб у бюджэце краіны прадугледжвалася фінансаваньне на стварэньне Беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту, прыйшоў адказ. Камісія па бюджэце й фінансах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у апошнія дні мінулага ўжо году даслала ліст, які Таварыства беларускае мовы атрымала 3 студзеня. Адмова абгрунтаваная артыкуламі новага закону аб адукацыі.

У першы працоўны дзень новага году за подпісам старшыні Камісіі па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы Нацыянальнага сходу Палаты прадстаўнікоў спадара Кісялёва Таварыства беларускае мовы атрымала адмову ў фінансаваньні Нацыянальнага ўнівэрсытэту. Чыноўнікі Міністэрства адукацыі ды сам міністар адукацыі нязьменна цьвердзілі, што немагчыма адчыніць Нацыянальны ўнівэрсытэт, бо гэта вымагае велізарных фінансавых сродкаў, якія не закладзеныя ў бюджэце. Каб гэтыя сродкі былі закладзеныя ў бюджэт, ТБМ і зрабіла адпаведныя запыты ў Міністэрства фінансаў і на адрас Нацыянальнага сходу.

Намесьнік старшыні ТБМ Сяргей Кручкоў прачытаў нам, як фармулюецца адмова ў толькі што атрыманым лісьце:

С.К.: - Перш чым прадугледжваць фінансаваньне стварэньня ўнівэрсытэту, патрэбны Ўказ прэзыдэнта РБ ці пастанова Савету міністраў. Права засноўваць вышэйшыя навучальныя ўстановы дадзеная прэзыдэнту зусім нядаўна. Пасьля таго, як прынялі закон аб адукацыі. Хоць і гавораць пра новую рэдакцыю. Але гэта цалкам новы закон. Раней кампэтэнцыя стварэньня новых вышэйшых научальных устаноў належала кабінэту міністраў, дык зараз - выключна прэзыдэнту РБ. Гэты радок у законе зьявіўся таму, што ёсьць чалавек, якому хочацца "объять необъятное". Кантраляваць усе сфэры жыцьця. Цяпер мы будзем ужо ці не 10 раз зьвяртацца наўпрост да прэзыдэнта з просьбаю аб стварэньні Нацыянальнага ўнівэрсытэту.

RR: - Мары могуць так і застацца марамі?

С.К.: - Размовы ў адміністрацыі прэзыдэнта пра Нацыянальны ўнівэрсытэт вядуцца. Але ідэя ўжо прынесла й пэўныя вынікі. У новым Законе аб адукацыі напісана, што ва ўсіх вышэйшых навучальных установах павінна быць дзьве плыні - расейскамоўная й беларускамоўная. Гэтага няма пакуль увогуле. За гэта мы зьбіралі подпісы й назьбіралі больш за 50 тысяч. Задача выкананая заканадаўча. Цяпер трэба змагацца за выкананьне.

Што да Нацыянальнага ўнівэрсытэту, дык, паводле Сяргея Кручкова, беларусы могуць скарыстацца плёнам прагрэсу. Разам з традыцыйнымі, цяпер існуюць зусім новыя формы навучаньня. Вышэйшую адукацыю ў разьвітых краінах можна набыць праз так званае дыстанцыйнае навучаньне - пры дапамозе Інтэрнэту. Дык і Нацыянальны беларускі ўнівэрсытэт можа быць віртуальнай вышэйшай навучальнай установай.

Між тым, міністар адукацыі Пётар Брыгадзін агучвае пляны стварэньня зусім рэальнага Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту. У межах саюзных праектаў ідзе падрыхтоўка да стварэньня гэтае навучальнае ўстановы ў Магілеве. Паводле задумы, новы ўнівэрсытэт стане базавым у стварэньні іншых навучальных установаў новага тыпу, якія прадугледжваюцца праграмаю "Фармаваньне й разьвіцьцё адзінае адукацыйнае прасторы Саюзу Беларусі й Расеі".

Паводле словаў Пятра Брыгадзіна, "сыстэмы адукацыі дзьвюх краінаў маюць гістарычныя карані, адзіныя мэты й прынцыпы". Сярод гэтых прынцыпаў міністар назваў любоў да радзімы. Бацькі будучых абітурыентаў цалкам верагоднага Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту некалі навучаліся па букварах, у якіх абавязкова быў верш: "С чего начинается родина?". То пераемнасьць савецкіх традыцыяў у Магілеве гарантаваная. А сьвядомым беларусам застаецца толькі віртуальная прастора.

Галіна Жарко

Радыё Рацыя
0058045