Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Раённы інфармацыйны цэнтар паведамляе, што нават мясцовую недзяржаўную газэту "Панарама", якая выдаецца раз на месяц, бібліятэкам забаронена выстаўляць навідавоку.

Мясцовыя ўлады настойліва параілі асіповіцкім бібліятэкам прыбраць у кнігасховішчы падшыўкі незалежнай газэты "Панарама". Каардынатар раённага інфармацыйнага цэнтру Рыгор Латышэвіч кажа, што забарона паступіла яшчэ напярэдадні выбараў і дасюль "Панараму" не выстаўляюць.

Паводле словаў каардынатара, параду бібліятэкам далі загадчык бібліятэчнай сыстэмы спадар Пузік і юрыст Асіповіцкага райвыканкаму спадар Трайчук. Юрыст "вэртыкалі", дарэчы, ужо пакінуў сваю пасаду, але парада (чытай - распараджэнне ўлады) дзейнічае й да сёньня. "Панарама" пыліцца ў кнігасховішчах асіповіцкіх бібліятэк, і падшыўку дазволена выдаваць толькі вельмі настойлівым чытачам, каб не даводзіць спрэчак да скандалаў.

Асіповіцкая грамадзка-палітычная газэта "Панарама" выдаецца чатыры гады. Яна зьяўляецца органам дэмакратычнага руху Асіповічаў і выходзіць у сьвет раз на месяц. Галоўны рэдактар газэты - філёляг, настаўнік адной са школаў раённага цэнтру Мікалай Тамашоў.

Наклад незарэгістраванага выдання "Панарама" - як і належна па законе, 299 асобнікаў. Па дамоўленасьці нумар газэты штомесячна адпраўляюць у Асіповіцкі райвыканкам для ведама аддзелу інфармацыі, і яшчэ адзін абавязкова - у цэнтральную раённую бібліятэку.

Калі сытуацыя з прыхоўваньнем падшыўкі "Панарамы" пацьвердзілася, рэдакцыя зьвярнулася з прэтэнзіямі да міжрайпракурора, які вельмі цьмяна тлумачыў нешта наконт не зусім законных падставаў для выхаду газэты й пра шматлікія парушэньні. Праўда, выдаўцы дэмакратычнай газэты настойваюць на тым, што такія цьверджаньні не адпавядаюць рэчаіснасьці.

Усё ж ці можна чытаць наведвальнікам бібліятэк як дзяржаўных установаў недзяржаўнае выданьне - гэтае пытанне мае намер паставіць перад Асіповіцкім райвыканкамам загадчык раённай бібліятэчнай сыстэмы пасьля настойлівых патрабаваньняў патлумачыць сытуацыю з "Панарамай". Гэты спэцыяліст самастойна ня можа адказаць на прэтэнзіі журналістаў, якія цытуюць Закон аб друку, Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і Усясьветную дэклярацыю правоў чалавека.

Што ж датычыцца астатніх недзяржаўных газэт, то пакуль у асіповіцкіх бібліятэках знайшлося месца толькі для выданьня Таварыства беларускай мовы "Наша слова".

Ганна Юрчанкова

Радыё Рацыя
0058648